Коррозия арматуры и почтенный возраст: ремонт еще двух мостов в Минске не терпит отлагательств

З пункта А ў пункт В

На гэтым тыдні ў Мінску пачынаецца рамонт яшчэ двух пуцепра­водаў: на 11-м кіламетры МКАД над вуліцай Магі­стральнай і ракой Свіслач, а таксама на вуліцы Чыгуначнай паміж Фабрыцыуса і Суражскай. Карэспандэнт «Р» пацікавілася, чаму рэканструкцыю гэтых мастоў нельга адкладваць, якія асаб­лівасці чакаюць будаўнікоў і калі аўтамабілісты бесперашкодна рушаць па абноў­леных трасах.

Рамонт пуцеправода над вуліцай Магістральнай пачнецца са знешняга кальца. 

Рака ўносiць карэктывы

Згодна з заключэннем спецыя­лістаў Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута, у Мінску ёсць шэраг мастоў, якія знаходзяцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Створана праграма рамонту пуцеправодаў на перспектыву да 2025 года, у адпаведнасці з якой масты будуць планамерна прыводзіць у парадак. Першай ластаўкай, якая сама заявіла аб сабе крытычнай сітуацыяй, стаў мост на пересячэнні МКАД і Ігуменскага тракта, рамонт якога ўжо скончаны. Ідзе дэмантаж бэлек другой часткі пуцеправодаў на 3-м і 25-м кіламетрах кальцавой — рамонт першай скончыўся ў канцы красавіка. Наступнымі патрабуюць неадкладнага абнаўлення масты на 11-м кіламетры МКАД і на вуліцы Чыгуначнай над пуцямі. 

— Рамонт моста над вуліцай Магістральнай, пабудаванага ў 1984 годзе, пройдзе па той жа схеме, што і на іншых участках кальцавой, — паведаміў Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». — Спачатку будзем рамантаваць частку, што знаходзіцца на вонкавым кольцы. Схема арганізацыі дарожнага руху па ўнутраным кольцы — дзве паласы ў кожным напрамку, якія раздзяляюць спецыяльныя сепаратары. Падобная практыка прыменена на 3-м і 25-м кіламетрах і нядрэнна сябе зарэкамендавала. 

Чыгуначных пуцей пад гэтым мостам няма, затое працякае рака Свіслач, а вільгаць ад яе можа ўнесці свае карэктывы ў складанасць, кошт і тэрміны рамонту, як гэта адбылося з пуцеправодам на Машэрава. Відаць, давядзецца часткова абмяжоўваць рух і па вуліцы Магістральнай. 

Рачная вільгаць спрыяе больш хуткай карозіі арматуры.

— Падымем бэлькі, паглядзім, што пад імі, — пра аб’ём работ Васіль Феадосьевіч пакуль гаворыць асцярожна. — Ужо зараз вядома, што ў нездавальняючым стане знаходзяцца апоры, рыгелі, падферменнікі, шафавыя сценкі. У дрэнным выглядзе чацвёртая апора пуцеправода, адбылася моцная карозія яе арматуры. Бэлькі гэтага моста двух відаў — маналітныя і клееныя. Апошнія маюць ужо лімітны стан, так што іх давядзецца замяніць. Заменім арматуру, пакрыем яе спецыяльнымі рэчывамі, правядзём пескаструменную апрацоўку, таркрэтаванне (нанясенне на паверхню бетонных або жалезабетонных канструкцый слоя бетону або іншых будаўнічых раствораў пад сціснутым паветрам, што дазваляе запоўніць драбнюткія расколіны, ракавіны, поры). 

Папярэдне кошт рамонту шасці­пралётнага моста даўжынёй 123 метры складае каля 5 млн рублёў. Плануецца, што абнаўленне скончыцца да канца года. 

Пабудаваны ў 1964 годзе мост знаходзіцца ў дрэнным стане.

«Больш складаны аб’ект»

А вось рэканструкцыя пуцеправода на вуліцы Чыгуначнай, хоць ён значна карацейшы — толькі 81 метр, запатрабуе большых грашовых і часавых выдаткаў. Па-першае, мост гэты аж на 20 гадоў старэйшы, пабудаваны ў 1964 годзе. Па-другое, у аснове дарожнага палатна ляжаць бэлькі нестандартнай даўжыні, якія ўжо прыйшлі ў непрыгоднасць, адбылася значная карозія арматуры. Таму рух па мосце будзе не часткова абмежаваны, а цалкам забаронены. Вуліцу Чыгуначную перакрыюць адразу пасля перасячэння са Шчорса, не будзе выезду на яе і з некалькіх Чыгуначных завулкаў. У адпаведнасці са схемай арганізацыі дарожнага руху, дабрацца на аўтамабілі з мікрараёнаў Паўднёвы Захад і Малінаўка ў цэнтр можна будзе па праспекце Дзяржынскага або праз Жукава выехаць на Брылеўскую, Караткевіча, Чкалава. Для зруч­насці аўтааматараў зменяць схему святлафорнага рэгулявання. 

— Гэты пуцеправод — больш складаны аб’ект, — зазначае Васіль Феадосьевіч. — Там неабходна замяняць усе бэлькі. Да таго ж ён знаходзіцца над некалькімі лініямі чыгуначных пуцей, кантактнай сеткай з сур’ёзным напружаннем. Гэта азначае, што неабходна ўзгадняць з Беларускай чыгункай часавыя «вокны», калі мы зможам працаваць. Больш за тое, работы трэба жорстка ўвязваць з тымі, што праводзяцца на 25-м кіламетры МКАД, гэта ж адзін чыгуначны напрамак. 

Рух па мосце цалкам перакрыюць.

З улікам гэтых абставін плануецца скончыць работы па абнаўленні моста на Чыгуначнай да лета 2020 года. Дарэчы, яны прадугледжваюць і добраўпарадкаванне: новыя тратуары, парэнчы, асвятленне, азеляненне. 

Наступнымі ў чарзе на рамонт стаяць пуцеправод на 18-м кіламетры МКАД над чыгу­начнымі пуцямі, што ідуць у гомельскім напрамку, па суседстве з Ігуменскім трактам, а таксама мост на Жукава даўжынёй 640 метраў над пуцямі станцыі Мінск-Таварны.

nevmer@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter