З птушкамi душа ўзлятае

Насупраць нашага дома – шпакоўня. Сёлета яе гаспадары...

Насупраць нашага дома – шпакоўня. Сёлета яе гаспадары прыляцелi з выраю восьмага сакавiка, бы знарок падладзiлi да жаночага дня. Размясцiлiся. Усё, як мае быць. I развядзеннем патомства занялiся. Месяца паўтара, можа, прайшло. I раптам бачу: стракатуха сарока нешта прама лезе, шыецца ў домiк. “З чаго б гэта? – думаю. — Хоць iдзi ды адганi яе...” Тым часам сарока ўзляцела крыху вышэй на дрэва, прапусцiўшы ў домiк гаспадароў, якiя толькi выпырхнулi з яго. Адтуль пачуўся танюткi пiск: шпачкi вывелiся! I ўсюдыiсная сарока першай адрэагавала на гэтую падзею. Ну прайдоха, нiчога не прапусцiць!

* * *

Прыехаў на дачу. Чую нейкае дзiўнае пастукванне. Адкуль яно iдзе? Кiнуў позiрк на акенца, а ў яго невялiкая вяртлявая пташка б’ецца. Ды так настойлiва калоцiць: адляцiць i зноў да шыбiны! Аказваецца, яна бачыць у акне сваё адлюстраванне... Хвiлiн, можа, з дзесятак працягвалася гэтае “стук-стук”. А потым раптоўна сцiхла, бо сонейка павярнулася i адлюстравання пташкi ўжо не стала вiдаць, i яна, заспакоеная, адляцела. А мне нечакана сумна стала без гэтага “стук-стук”...

* * *

...Ранiцай iду на раку паглядзець свае начныя донкi. Адну выцягнуў – пустая, на другой – тое самае, нават жывец на месцы. Яго на беразе i пакiнуў, а сам пайшоў правяраць iншыя донкi. Назад вяртаюся — няма грузiла, лёска кудысьцi знiкла... “Ды што ж такое?” – не магу зразумець. Гляджу — крыху зводдаль белакрылая чайка, але не ўзлятае, а толькi крыламi трэп-трэп ды крыху папiсквае. Падыходжу блiжэй i бачу: зачапiлася тая дзюбай за кручок, вiдаць, рыбку хацела ўхапiць i з’есцi, не можа вызвалiцца. Стаў ёй дапамагаць.

Нарэшце ўзляцела, яе раптоўна з крыкам акружылi iншыя птушкi, нiбы сварылiся за такi бязглузды ўчынак. А потым, трохi супакоiўшыся, супольна пранеслiся нада мной: цi то з падзякай, цi то з нейкiм папярэджаннем, каб болей не раскiдваў свае кручкi з рыбкамi, не прыцягваў птушак. I я зрабiў выснову: болей такога не рабiць, бо на гэту прынаду ўжо i ястраб трапляўся.

* * *

У глушчанiна Аляксандра Пятрэнi, з якiм нядаўна давялося пазнаёмiцца, паранены бусел жыў усю зiму. Пасябраваў са свойскай жывёлай, прызвычаiўся да гаспадароў. А ледзь пацяплела, вырашыў паспрабаваць свае крылы i адляцеў некуды даволi далёка. Устрывожаныя людзi кiнулiся ў пошукi. Урэшце яны завяршылiся паспяхова: шчаслiвы бусел нёсся iм насустрач! А трапiўшы ў двор, без прымусу пайшоў на сваё ранейшае месца.

А тут неўзабаве вясна, птушкi пачалi вяртацца з выраю. У адзiн з такiх дзён да iх далучыўся i наш бусел. Гаспадары яго праводзiлi з жалем: “Хутчэй, сябар, вяртайся назад!”

* * *

Наш дачны аматар птушак Андрэй Васiльевiч разам са сваiм сябрам i буслам гняздо ладзiлi, i шпакам, i iншым птушкам домiкi рабiлi.

Дык i гэтага, вiдаць, было мала. Дзядуля Андрэй пасябраваў з чыжыкам – невялiчкай рознакаляровай птушкай. Свiсне — тая i прыляцiць. Аднак не проста яе клiча, а падкормлiвае семкамi, якiя спецыяльна нарыхтоўвае з восенi. Птушка далёка i не адлятае, але калi чалавек спознiцца з пачастункам, сама пачынае таму насвiстваць. Цiкавае, я вам скажу, вiдовiшча!

* * *

Прыляцелi з выраю жураўлi, абудзiлi чыстую прастору сваiм шчымлiвым “курлы-курлы”, салоўкi адклiкаюцца дружным хорам (хоць на дыктафон запiсвай) у прырэчным хмызу, iншыя насельнiкi гэтых цудоўных мясцiн. Заўсёды з радасцю сустракаеш птушак, здаецца, з iмi твая душа ўзлятае!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...