З Псіхеяй на ты

Заглядаць углыб сваёй душы ўмеюць не ўсе. І нельга такіх людзей назваць жорсткімі. Яны хутчэй слабыя. А хто можа шырока раскрытымі вачыма глядзець на ўвесь спектр пачуццяў, якія калі-небудзь даводзілася перажываць чалавеку за ўсю гісторыю яго існавання на Зямлі? Скажаце, такая ідэя нават нікому не прыйдзе ў галаву. А вось драматургу Сяргею Кавалёву ўдалося яе ўвасобіць. Спектакль па яго п’есе ў пастаноўцы маладога таленавітага рэжысёра Сяргея Кавальчыка не пакінуў нікога раўнадушным. “Сёстры Псіхеі”, быццам люстра, адбіваюць наша мінулае, паказваюць, што чалавечыя страсці, адзінота, каханне, непаразуменне гэткія ж вечныя, як і самі людзі. Сёння ў гасцёўні “НГ” выканаўца галоўнай ролі ў гэтым спектаклі Вераніка Буслаева.

— Вераніка, ці складана быць Псіхеяй?
— І складана, і цікава. Я “чапляюся” ў гэтай ролі за веру. Прывязаць гісторыю Псіхеі да нейкіх зямных праяў вельмі складана. Як можна на жыццё перанесці тое замужжа з богам? Цікава яшчэ і таму, што ў п’есе закранута тэма кахання. Складанасці ў працы над роллю ўзніклі з прыняццем тэксту. Пакуль што я толькі паспрабавала дакрануцца да разумення ўнутранага сэнсу п’есы, адказала сабе на пытанні: за што я вяду барацьбу, што я абараняю? Самы, бадай, складаны для мяне быў ўвесь другі акт, калі я іграю на кавалачку цэлафану і ўсім кажу, што гэта на ім размешчаны мой палац.
— Пасля прэм’еры было шмат розных водзываў на спектаклі. А вам самой пастаноўка падабаецца?
— Мы браліся за работу над гэтым спектаклем, яшчэ не ведаючы дакладна, будзе ён залічаны ў рэпертуар ці не. Рыхтавалі яго на фестываль антычнага мастацтва. Тое, што пасля прэм’еры было мноства розных меркаванняў, вельмі карысна для нас, акцёраў, і ўвогуле для нашага тэатра. А вось калі б спектакль не выклікаў ніякіх эмоцый — тады можна было б казаць пра няўдачу. Канешне, прэм’ерныя паказы вельмі часта бываюць “сырымі”. Але мне сам спектакль вельмі падабаецца.
— А як “Сёстры Псіхеі” прымалі крымскія гледачы?
— Мы адразу думалі, што народу будзе вельмі мала. Таму што нашы хлопцы хадзілі глядзець спектакль Крымскага тэатра і казалі, што гледачоў было няшмат. А мы сабралі поўную залу. Усё ж такі былі аб’яўлены як акцёры беларускага сталічнага тэатра! Іграць было вельмі складана. Там не было куліс. Мы ігралі адкрытым плошчавым прыёмам, прычым асвоіцца на сцэне не было часу.
Прайшло некалькі сцэн, і ў нас пачалася ціхая паніка, таму што ў зале была поўная цішыня. Мы думалі, што гледачу складана ўспрымаць тэкст па-беларуску. Паміж намі і залай была вялікая адлегласць, не так, як у нашым тэатры, калі акцёры чуюць дыханне гледачоў. Мы думалі: бяда! Яны нас не разумеюць. І толькі ў антракце, калі пачулі цёплыя апладысменты, крыкі: “Брава!”, адчулі, што ніякага моўнага бар’еру не існуе.
— А чым, на ваш погляд, гэты спектакль цікавы для сучаснага гледача?
— Арыгінальнай пастаноўкай, сучаснай музыкай. У спектаклі сплецены ў адно класічны грэчаскі тэатр, антычныя ідэалы прыгажосці, сучасная пластыка, філасофія, гумар. Вельмі цікавае мастацкае вырашэнне. Мне самой хацелася б з боку паглядзець на тыя “карцінкі”, якія мы ствараем з дапамогай белага цэлафану.
— Нельга сказаць, што за вамі замацаваны толькі трагічныя ролі. Вы іграеце і лірычных гераінь, і дзяцей, і звяроў. А ёсць яшчэ ролі, пра якія вы марыце?
— Мне хацелася б сыграць нешта больш характарнае. Але пакуль што ў нашым тэатры ніхто не іграў ролю, што выклікала б у мяне зайздрасць. Зараз я ў чаканні нечага новага.
— Вераніка, многія ў тэатры адзначаюць вашу высокую працаздольнасць. У жыцці вы таксама самаадданая?
— Я — складаны чалавек. Ёсць многа людзей, з якімі ў мяне няпростыя адносіны. Можа, таму, што вельмі патрабавальная да сябе, да іншых? У каханні таксама адны пытальнікі...
Я — асоба вельмі рамантычная. Вельмі люблю марыць, ствараць нешта прыгожае сваімі рукамі. Малюю карцінкі, што-небудзь пляту з нітак, збіраю розныя збаночкі, вазачкі, а потым дару ўсё гэта сваім сябрам. Атрымліваю задавальненне, калі сяджу дзве ночы, ствараю падарунак, а потым бачу радасныя агеньчыкі ў вачах чалавека, якому дастаўся мой маленькі “цуд”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter