Ініцыятыва мазырскіх абаронцаў жывёл па скарачэнні папуляцыі бяздомных сабак шляхам іх стэрылізацыі і вакцынацыі не мае аналага

З правам на жыццё

У вальеры для часовага ўтрымання бяздомных жывёл мазырскага грамадскага аб’яднання «Верныя сябры» не сказаць каб было ціха. Найбольш звонкі голас у Найды — перад аперацыяй па стэрылізацыі яе разлучылі са шчанятамі, у якіх, дарэчы, адразу з’явіліся новыя гаспадары. Праз дзень-другі пасля каранціну і адаптацыі Найда зноў з’явіцца на рынку «Прывоз», дзе яе добра ведаюць і пастаянна падкормліваюць. А ярка-чырвоная кліпса на  вуху — гэта  знак таго, што жывёла стэрылізаваная і не хворая на шаленства. Для работнікаў службы адлову гэта негалосны статус недатыкальнасці.

4p2--Собачка 500.jpg

Ініцыятыва мазырскіх абаронцаў жывёл па скарачэнні папуляцыі бяздомных сабак шляхам іх стэрылізацыі і вакцынацыі не мае аналага. Яна ўжо атрымала падтрымку мазырскіх улад. У створаным шэсць гадоў таму грамадскім аб’яднанні «Верныя сябры» хочуць знайсці разумную альтэрнатыву знішчэнню жывёл. 

— Пачынаем з бадзяжак, якіх апекуны пастаянна падкормліваюць на аўтастаянках, у гаражных і дачных кааператывах, гарадскіх мікрараёнах, — расказвае старшыня грамадскай суполкі Ірына Неўмяржыцкая. — Спачатку сабакі перамяшчаюцца ў наш пункт часовага ўтрымання, іх пакрысе стэрылізуюць урачы ветэрынарнай клінікі. Жывёлам прышпільваюць чырвоныя біркі з нумарамі, пад імі рэгіструюць у картатэцы. Звесткі поўныя: даты стэрылізацыі і ўвядзення вакцыны, фота сабакі, раён яго знаходжання, кантакты апекуна. 

У дзень размовы з кіраўніком арганізацыі «Верныя сябры» Ірынай Неўмяржыцкай у прытулку для бяздомных жывёл у мазырскім раёне Пхоў было 98 дарослых сабак і 35 шчанят. Яшчэ дзевяць пасля аперацый праходзілі тут рэабілітацыю ў цёплым пакоі каранціну і вальеры. Усе яны, запэўнівае суразмоўніца, неўзабаве апынуцца ў звыклым вулічным асяроддзі. Няхай і не надта салодкае такое жывёльнае існаванне, яно, тым не менш, больш прываблівае, чым гібель ад рук работнікаў службы адлову. 

У гуманнай ініцыятывы ёсць як прыхільнікі, так і праціўнікі. 

На шчасце, першых, хто не толькі маральна, але і фінансавымі ахвяраваннямі падтрымлівае праект, значна болей. Такая дабрачыннасць вельмі дарэчы, бо толькі адна аперацыя па стэрылізацыі, вакцынацыі і ідэнтыфікацыі сабакі патрабуе каля 200 тысяч рублёў. Дадайце сюды расходы на ўтрыманне і кармленне безнагляднай жывёлы… 

Мікалай ЖДАНОВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter