Важнымі набыткамі адзначыла гадавіну дзейнасці маладая суполка — Беларускі культурны рух Малдовы

З першым годам!

Важнымі набыткамі адзначыла гадавіну дзейнасці маладая суполка — Беларускі культурны рух Малдовы


Чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць: БКРМ — гэта маладое аб’яднанне беларускай дыяспары Малдовы. У працы грамадскай суполкі ўдзельнічаюць людзі са свежымі поглядамі, ідэямі, якія адносяць сябе да беларускага этнасу ці праяўляюць цікавасць да нашай культуры. Мы ўпэўнены: менавіта культура ва ўсе часы была, ёсць, ды і будзе найлепшым сродкам гарманізацыі міжнацыянальных зносін. Сёння ў нашых шэрагах каля сотні чалавек.


На святкаванне дня нараджэння беларускай суполкі ў Кішынёве сабраліся яе актывісты і сябры.

Сваё месца пад сонцам

Урачыстасць з нагоды 1-й гадавіны БКРМ прайшла ў Бюро міжэтнічных адносін Малдовы. Сабралася шмат сяброў суполкі, шаноўных гасцей і прадстаўнікоў этнааб’яднанняў. Гучала нямала цёплых слоў на адрас аб’яднання і яго актыву, а таксама старшыні суполкі, якая нарадзілася 7 чэрвеня. Павіншавалі сяброў-супляменнікаў з добрым і плённым пачынам старшыня Беларускай абшчыны ў Малдове Юры Статкевіч, старшыня Міжнароднага таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь” Генадзь Зяньковіч, намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь” Ігар Белакавыльскі, старшыня Грамады ўкраінскіх жанчын у Малдове Валянціна Марару, старшыня Саюза палякаў Малдовы Васіль Казіміровіч ды шмат іншых прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі краіны.

Як адзначыў саветнік Пасольства Беларусі ў Малдове Аляксандр Салаўёў, актывістам БКРМ удалося ўжо вельмі многае, на што іншым суполкам спатрэбіліся б гады, улічваючы цалкам валанцёрскую аснову яе дзейнасці. Дыпламат падзякаваў старшыні праўлення за плённую працу пашырэння беларускай культуры ў Малдове, пажадаў актывістам творчых поспехаў на доўгія гады. Актыўныя ўдзельнікі руху ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі за значны ўклад у развіццё суполкі, добрасумленную працу. Асаблівую падзяку і Ганаровыя граматы атрымалі ад старшыні самыя маленькія сябры Руху.

Першы год — гэта мноства значных падзей, мерапрыемстваў, сустрэч. Адладжваем супрацу з шэрагам дзяржаўных і няўрадавых структур у Малдове і Беларусі. У іх ліку — Пасольства Беларусі ў Малдове, Бюро міжэтнічных адносін Малдовы, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Беларусі, Міжнароднае згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Ёсць кантакты з многімі грамадскімі суполкамі ў Малдове, якія прадстаўляюць украінцаў, рускіх, палякаў, латышоў, яўрэяў, балгараў, грузінаў, гагаузаў, азербайджанцаў ды іншыя этнасы. Распачата ўзаемадзеянне з міністэрствамі культуры Беларусі і Малдовы, з Міністэрствам замежных спраў Беларусі ды Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. І ўжо ёсць станоўчыя вынікі нашых клопатаў. Напрыклад, упершыню ў гісторыі беларускай дыяспары Малдовы медалём Францыска Скарыны ўшанаваны наш зямляк, выдатны мастак Вячаслаў Ігнаценка. А хадайніцтва, радуемся, ініцыявала праўленне БКРМ.


Юнае пакаленне беларусаў Малдовы — таксама ўдзельнікі свята

Святло ад “Каляднага свята”

Мы правялі “Каляднае свята” ў Пасольстве Беларусі. Гэта новы, знакавы імпульс для пашырэння і развіцця беларускіх Калядных традыцый, беларускай мовы ў Малдове. І  прыклад таго, як плённа можа ісці, ды і ўжо ідзе супраца Пасольства і актывістаў БКРМ, усёй дыяспары. Упершыню дзеці беларусаў Малдовы, а з імі і дарослыя былі на Навагодняй ёлцы ў Амбасадзе, атрымалі падарункі і масу ўражанняў, эмоцый. Супольна з Амбасадай мы пачалі рухацца плённым шляхам і далей: прадставілі “Беларускі павільён” на навагоднім дабрачынным кірмашы ў выставачным цэнты “Moldexpo”, правялі майстар-клас “Гуканне Вясны” для малых і дарослых беларусаў Малдовы. Ёсць і новыя сумесныя планы.

Цяпер БКРМ акрэдытаваны пры Бюро міжэтнічных адносін Малдовы, сябра Каардынацыйнага савета этнакультурных аб’яднанняў пры Бюро. Такое ўзаемадзеянне спрыяе ўдзелу суполкі ў значных мерапрыемствах: Дні славянскага пісьменства і культуры, Фестывалі этнасаў. І таму беларускі народ, яго культура яшчэ шырэй прадстаўлены ў Малдове, больш упэўнена гучыць тут беларуская мова.

Старшыня праўлення БКРМ вітала ўдзельнікаў Першага форуму нацменшасцяў Малдовы. І афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову стаў для беларусаў Малдовы ў поўным сэнсе гiстарычным. Бо 25 верасня 2014 года ў нас была сустрэча з Прэзідэнтам.

Першы год жыцця БКРМ — гэта і ўдзел актывістаў у розных канферэнцыях, семінарах. Мы наладзілі кантакты з шэрагам дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Малдове і Беларусі. Актывісты паўдзельнічалі ў розных тэле- і радыёпраграмах, выходзілі сюжэты і рэпартажы пра дзейнасць БКРМ — як у Малдове, так і ў Беларусі. Плённа развіваецца супраца з Генадзем Зяньковічам, які робіць унікальную (рэспубліканскую!) радыёперадачу “Беларуская Крыніца”: выходзіць штомесяц на “Радыё Малдова”. У апошнім выпуску мы з ім былі сувядучымі. Дзякуем за інфармацыйную падтрымку нашых праектаў газеце “Голас Радзімы”, бюлетэню “Беларусы ў свеце”.

Год таму наш Рух распачаў цікавы  праект “Дзверы да этнічных каранёў”:  азнаямленне дзяцей і моладзі замежжа з беларускімі родавымі каранямі, з культурай іх гістарычнай радзімы — Беларусі. Спадзяемся, да такой важнай справы з часам падключацца і грамадскія, а таксама дзяржаўныя арганізацыі Беларусі.


За святочным сталом

“Куфар”: сімвал багацця

Актывісты БКРМ маюць унікальны досвед правядзення этнічных спектакляў паводле старажытных абрадаў. Маем 4 пастаноўкі, цалкам на беларускай мове: “На Каляды”, “Гуканне Вясны”, “Вясновы Кліч” і “Каляднае свята”. А ў якасці каштоўнага падарунка аб’яднанню (ну трэба ж імянінніку нешта дарыць!) праўленне БКРМ прыняло рашэнне: стварыць Народны беларуска-малдаўскі этнічны тэатр “Куфар”. Дарэчы, гэта вельмі сімвалічна: слова “Куфар” у беларускай і малдаўскай мовах гучыць аднолькава. Гэта такі “прадмет корпуснай мэблі” (раней казалі: скрыня) з адкідной ці здымнай верхняй крышкай-накрыўкай. Куфар — сімвал чагосьці каштоўнага, свяшчэннага. У ім звычайна зберагаюць скарбы і тое, што прызначана для захавання, перадачы ў спадчыну. Гэта і сімвал пераемнасці. Для нас “Куфар” — сімвал велізарнага багацця беларускіх і малдаўскіх культурных традыцый, якія мы жадаем захоўваць і пашыраць, спрыяць іх збліжэнню, узаемадзеянню, узаемаўзбагачэнню.

Яшчэ сведчанне таго, што за год Беларускі культурны рух Малдовы цвёрда стаў на ногі. Сёлета ў сакавіку ў сувязі з прыняццем новага Закона Рэспублікі Беларусь №162-3 “Пра беларусаў замежжа” Міністрам замежных спраў Беларусі быў  падпісаны загад аб зацвярджэнні складу Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі. І старшыня праўлення БКРМ увайшла ў склад гэтага Савета. Цяпер наша суполка рыхтуе свае прапановы да першага пасяджэння Кансультацыйнага савета, якое прызначана на 1 ліпеня. Таксама ў сувязі з распрацоўкай Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце на 2016-2020 гады” праўленне Руху накіравала шэраг прапаноў па магчымых значных мерапрыемствах для беларускай дыяспары ў Малдове.

Дзейнасць БКРМ у першую чаргу скіраваная на захаванне, вывучэнне, развіццё і пашырэнне беларускай культуры, нашай мовы, гісторыі, традыцый, звычаяў, нацыянальнай і этнакультурнай самабытнасці, духоўных і маральных каштоўнасцяў беларускага народа. Мы імкнёмся да сімбіёзу (гэта значыць: узаемакарыснага суіснавання) культур беларускага і малдаўскага народаў. Спрыяем умацаванню двухбаковых сяброўскіх стасункаў паміж Малдовай і Беларуссю. Мы — за развіццё міжкультурнага дыялогу, сяброўскіх стасункаў паміж беларускім народам і прадстаўнікамі іншых этнасаў і супольнасцяў, якія жывуць як на тэрыторыі Малдовы, так і за яе межамі. Як бачна, мэты Беларускага культурнага руху Малдовы цалкам сугучныя з ідэяй пра тое, што для стабільнасці і працвітання ў шматнацыянальнай дзяржаве варта ў непарыўнай сувязі весці патрыятычнае выхаванне — і адначасова падвышаць культуру міжнацыянальных зносін, выхоўваць дзяцей і моладзь у духу братэрства, дружбы народаў.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Фотаздымкі: Віталій Мазур
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter