«Переживаем, но со всем справимся»: с каким настроением пришли абитуриенты на первый экзамен по белорусскому языку

З павагай да роднай мовы

Беларуская мова традыцыйна стала першым прадметам, якi адкрыў цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Сёлета iспыт па гэтым прадмеце планавала прайсцi каля 18,6 тысячы абiтурыентаў. Роўна ў 11.00 па ўсёй краiне на базе 41 установы адукацыi пачаўся для многiх абiтурыентаў важны экзамен, якi, магчыма, вызначыць, куды ж iм браць прафесiйны кiрунак. Як гэта было, убачылi карэспандэнты «Р».

Ужо заўтра, у пятніцу 26 чэрвеня, а таксама 27 чэрвеня, пройдзе ЦТ па рускай мове.

Не было яшчэ i 9 ранiцы, а каля 4-га корпуса БДУIР на вулiцы Гiкалы, 9 у Мiнску ўжо стаялi ўчарашнiя школьнiкi. Спачатку iх было няшмат — не усе загадзя вырашылi прыехаць туды, дзе будуць здаваць сур’ёзны экзамен. З кожнай хвiлiнай усё больш i больш дзяўчат i хлопцаў падыходзiлi да прыступак ВНУ. Хтосьцi па адзiночцы, хтосьцi з сябрам або сяброўкай, а некаторыя i з бацькамi — у такi дзень патрэбна падтрымка.

На прыступкi корпуса загадзя наклеiлi налепкi, якiя нагадваюць аб захаваннi дыстанцыi ў 1, 5 метра i разметку, якая вызначае адлегласць памiж уваходзячымi на тэсцiраванне. Эпiдсiтуацыя ў гэтым годзе прыўнесла свае асаблівасці i ва ўступную кампанiю: колькасць аўдыторый для правядзення ЦТ павялiчана, адлегласць памiж партамi — таксама. Па корпусе расстаўлены антысептыкi, i калi абiтурыент забыўся сваю маску, а яна яму патрэбна, то яе выдаюць супрацоўнiкi ўнiверсiтэта.

— Сёлета створаны спецыяльныя ўмовы для правядзення iспыту: Мiнiстэрства аховы здароўя, Мiнiстэрства адукацыi, УА «Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў» распрацавалi нарматыўныя дакументы для правядзення ЦТ, павялiчана колькасць дзён, каб разгрузiць iншыя ВНУ, — патлумачыў Васiль Бандарык, намеснiк старшынi арганiзацыйнай камiсii, дэкан факультэта дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі БДУIР. — Так, у нас у некалькi разоў менш абiтурыентаў здаюць ЦТ у адзiн дзень. Таксама, калi раней у аўдыторыi маглi знаходзiцца каля 130 чалавек, то зараз — не больш за 50.

Усяго 18 аўдыторый на 640 чалавек задзейнiчаны ў 4 корпусе БДУIР для правядзення ЦТ, а ў 3 корпусе — 11 аўдыторый на 480 чалавек. Кантралююць прапускны рэжым у будынак, а таксама дапамагаюць абiтурыентам ужо ўнутры знайсцi сваю аўдыторыю дзве групы студэнтаў БДУIР. Унутр проста так на ЦТ не патрапiць — загадзя прыгатаваныя спiсы тых, хто здае ЦТ, а таксама членаў камiсii. Каб зайсцi, неабходна паказаць пашпарт i пропуск. Пасля абiтурыента накiроўваюць у гардэроб, дзе можна пакiнуць свае рэчы i сродкi сувязi. Трэба мець пры сабе толькi дакумент для пацвярджэння асобы (пашпарт, вiд на жыхарства, пасведчанне бежанца), пропуск, гелевую або капiлярную ручку з чорным стрыжнем.

Трэба мець пры сабе на ЦТ толькі пашпарт, пропуск, гелевую або капілярную ручку з чорным стрыжнем.

Ужо перад самой аўдыторыяй яшчэ раз правяраецца: цi ў ёй павiнен здаваць тэсцiраванне абiтурыент. Пасля ён выцягвае нумарок з месцам, i ўжо можна садзiцца за парту. Калi захочацца пiць, то каля аўдыторый ёсць бутлi з вадой i шкляначкi. А калi раптам стане дрэнна, то працуе медсястра, якая прыйдзе на дапамогу.

Максiм Давыдаў, старшыня арганiзацыйнай камiсii, першы прарэктар БДУIР дадае, што самае важнае, што трэба ўзяць з сабой на ЦТ — сабранасць i веды:

— Вядома, усе рабяты хвалююцца. Мы за iх таксама. Многiя прыехалi загадзя, каб не спазнiцца, ужо тут сабрацца з думкамi i засяродзiцца на такiм важным экзамене. На жаль, калi рабяты спазняюцца на тэсцiраванне, то, па правiлах, мы не можам дапусцiць iх да iспыту: як толькi распячатваюцца пакеты з заданнямi, староннiя не могуць уваходзiць у аўдыторыю.

У аўдыторыi дзяцей пускалi ўжо ў 9.00. Бацькi, якiя прыехалi iх падтрымаць, заставалiся на вулiцы. Бачым, як клапатлiвая мама дастала з сумачкi шакаладку i дала дачушцы. А што, глюкоза не перашкодзiць пры актыўнай разумовай дзейнасцi. Знаёмiмся: мама — Iрына Кажэўнiкава, педагог дашкольнай адукацыi, i яе дачка — Вiкторыя Халопiца. Яна ўпершыню здае ЦТ, каб паступiць у БДПУ iм. М. Танка.

Марыць стаць настаўнiкам фiзiкi i iнфарматыкi:

— Маё першае ЦТ — беларуская мова — мая родная мова. Наперадзе мяне чакаюць яшчэ ЦТ па фiзiцы i матэматыцы. Выбар прафесii, ВНУ рабiла самастойна. Трохi перажываю перад тэсцiраваннем, але, у цэлым, сабрана: паспала, ранiцай без спешкi сабралiся з мамай i прыйшлi загадзя.

У аўдыторыі рабят пускалі ўжо ў 9.00. Бацькі, якія прыехалі падтрымаць сваіх дзяцей, заставаліся на вуліцы.

Адзiнока сядзiць абiтурыент Павел, гледзячы ў смартфон. Ён прыехаў з Узды. Збiраецца паступаць у БДТУ:

— Канкрэтную спецыяльнасць яшчэ не выбраў, але дакладна хачу тэхнiчную прафесiю. Абраў для ЦТ беларускую мову, таму што для мяне яна лягчэй. На РТ напiсаў гэты прадмет на 75 балаў, зараз хачу набраць больш.

Яшчэ адна сям’я — сын Дзмiтрый i тата Андрэй Аляхновiчы з Заслаўя, таксама вырашылi прыехаць загадзя. Дарэчы, да ЦТ па беларускай мове Дзiма рыхтаваўся 2 гады — пачаў яшчэ ў 9 класе:

— Хачу паступiць у БДУIР, каб стаць iнжынерам-радыётэхнiкам. Таму трэба будзе яшчэ здаць фiзiку i матэматыку. Хвалююся, але спраўлюся.

Сур’ёзна падрыхтаваўся да паступлення i абiтурыент Яўген Мiкулiч. Ён разам з сябрам хоча паступiць у БДУIР на праграмiста-эканамiста. Толькi сябар выбраў для першага ЦТ рускую мову. Жэня дзелiцца:

— Беларускi выбраў, таму што ведаю яго лепш. Здаваць буду яшчэ англiйскую мову i матэматыку, а яшчэ — на ўсялякi выпадак — фiзiку. Як сябе адчуваю? Упэўнены i сабраны. Хвалююцца бацькi i знаёмыя.

Заходзiм у адну з аўдыторый, дзе ўжо сядзяць некаторыя абiтурыенты: на гадзiннiку — хутка ЦТ. Вольга Дзяхцяр, адна з прысутных, глядзiць на дошку, дзе распiсана, як правiльна запаўняць бланк. Здаецца, быццам наогул не хвалюецца:

— Я ўжо здавала ЦТ i ведаю, як усё праходзiць. Зараз заканчваю медыцынскi каледж, хачу паступiць у БДУФК на рэабiлiтолага. У пятнiцу ў мяне дзяржэкзамен у каледжы — спраў шмат. Маральны дух — баявы! Выбрала ЦТ па беларускай мове, таму што вучылася ў профiльным класе па ёй у школе — добра ведаю. Наперадзе яшчэ ЦТ па бiялогii i ўнутраны iспыт.

Мы выходзiм з аўдыторыi, таму што рабят становiцца ўсё больш i не хочацца iх адцягваць. З усiх бакоў толькi i чутна шэптам: «Удачы!».

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter