З павагай да продкаў

Пачатак месяца лістапада са старажытных часоў у многіх народаў асацыіруецца з памяццю і ўшанаваннем памерлых. Аднак шмат хто паддаецца розным маркетынгавым хітрасцям і адзначае ў гэтыя дні Хэлоўін — свята, якое высмейвае смерць і, па сутнасці, памяць пра нашых блізкіх.

У беларусаў яшчэ да хрысціянства было прынята з вялікай павагай ставіцца да памерлых, вядомых нам і невядомых. Некаторыя язычніцкія народы ў пачатку лістапада святкавалі дзень змагання светлых і цёмных сіл. Для “хрысціянізацыі” гэтага звычаю і надання яму новага сэнсу ў літургічны каляндар заходняга хрысціянства на гэты самы час быў вызначаны ўспамін усіх людзей, якія трапілі на неба, усіх тых, чые імёны часам застаюцца невядомыя, — урачыстасць Усіх Cвятых, якая адзначаецца ў Рымска-каталіцкім касцёле 1 лістапада. На наступны дзень, 2 лістапада, Касцёл у літургіі ўзгадвае ўсіх памерлых вернікаў, а менавіта тых, хто яшчэ не трапіў на неба, а знаходзіцца ў чыстцы — у стане часовага ачышчэння ад грахоў.

Менавіта за душы тых, хто не трапіў пакуль на неба, але і не знаходзіцца ў пекле, моляцца хрысціяне падчас малітвы за памерлых. Праваслаўная Царква яшчэ не сфармулявала выразнага вучэння аб тым, дзе знаходзяцца душы памерлых, за якія яна моліцца. Каталіцкі Касцёл навучае, што некаторыя людзі пасля смерці патрабуюць ачышчэння, і вернікі могуць дапамагчы ім у гэтым сваімі малітвамі. Паколькі толькі Бог суддзя над людзьмі, і мы не ведаем, хто патрабуе такога ачышчэння, то молімся за ўсіх памерлых.

На жаль, некаторыя дэвальвуюць памяць пра сваіх памерлых, паддаючыся розным маркетынгавым хітрыкам. Адзін з іх — святкаванне Хэлоўіна, на якім спрабуюць зарабіць грошы. Эфектам такога святкавання становіцца прывіванне людзям імкнення насміхацца са смерці, болю і цярпення, а таксама з памяці пра сваіх памерлых.

Доўгая гісторыя хрысціянства і ўшанаванне продкаў у традыцыі нашага народа паказваюць, што ёсць рэчы, над якімі не прынята жартаваць. Умець праявіць у складанай сітуацыі пачуццё салідарнасці з іншым, падтрымаць таго, хто ў смутку, — вось сапраўдны хрысціянскі падыход да пытанняў смерці і цярпення. Перад таямніцай смерці лепш маўчаць, чым рабіць і казаць тое, што пустое.

Ахопленыя роспаччу, мы часам не ведаем, як перажыць свой боль і праявіць павагу да памерлых. На жаль, некаторыя вырашаюць ладзіць на могілках застолле, пасля якога розныя жывёлы, справакаваныя пакінутымі рэшткамі ежы, прыводзяць магілы памерлых у агідны стан.

Запаліць свечку і сказаць простую малітву — гэта аданачасова так мала, але і так многа для тых, хто не баіцца ісці супраць плыні маркетынгу, забабонаў. Гэта так многа для нашых памерлых.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter