Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Памятны знак паэту Уладзіміру Дубоўку адкрылі ў час фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”

З пастаўскім каларытам

Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які праходзіў у Паставах, стаў сёлета найбольш насычаным і шматгранным за ўсе гады. У ім удзельнічалі фальклорныя інструментальныя калектывы, асобныя выканаўцы з усіх абласцей Беларусі. Прыехалі таксама госці з Латвіі, Літвы, Расіі, Эстоніі, а таксама з Індыі. Апошнія зачаравалі гледачоў яскравымі нацыянальнымі касцюмамі. Дырэктар мультыкультурнага цэнтра Shrustii з Дэлі Венкатэсвар Рао Карумуры казаў, што гурт часта выступае на сцэнах Францыі, Германіі, Мексікі, але ў Беларусі яны пабывалі ўпершыню і вельмі ўражаны нумарамі іншых удзельнікаў. 

Лейтматывам фестывальных дзеяў праходзіла сёлета тэма малой радзімы. Быў адкрыты памятны знак ураджэнцу Пастаўшчыны паэту Уладзіміру Дубоўку ў яго роднай вёсцы Агароднікі. Прайшла прэзентацыя трох выданняў: зборніка песень пастаўскіх кампазітараў і паэтаў, даведніка “Гонар нашага краю” пра вучоных-землякоў, зборніка матэрыялаў пра Пастаўшчыну на гісторыка-культурнай карце Беларусі. 

Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, адзін з ініцыятараў стварэння фэсту і яго зямляк, казаў: “За ўсю гісторыю форуму ў ім выступалі прадстаўнікі больш як 20 краін. А з 1992 года ён мае статус міжнароднага”.

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter