З памяццю пра Кабзара

У Мiнску адкрылася выстава манументальных выяў Тараса Шаўчэнкi

Манументальныя выявы Тараса Шаўчэнкi адшуквае па ўсiм свеце ўкраiнскi фотамайстар Руслан Тэлiпскi

Выстаўка ўкраiнскага фотамайстра Руслана Тэлiпскага «Помнiкi Кабзару», наладжаная сумесна Нацыянальным гiстарычным музеем Беларусi i Пасольствам Украiны ў Рэспублiцы Беларусь, адкрылася ў Мiнску. На ёй прадстаўлена больш як 120 фотаздымкаў скульптурных помнiкаў, створаных у розных гарадах класiку сусветнай лiтаратуры, выдатнаму ўкраiнскаму паэту, мастаку, мыслiцелю Тарасу Шаўчэнку. Як адзначыў з гэтай нагоды пасол Украiны ў Рэспублiцы Беларусь Iгар Лiхавый, менавiта на плячах славутых гiстарычных асоб маштабу Шаўчэнкi трымаюцца цэлыя пакаленнi, i ён заўважыў, што такiя адметныя асобы ёсць у гiсторыi кожнага народа.

— Я люблю вандраваць i, падарожнiчаючы спачатку па Украiне, звярнуў увагу на вялiкую колькасць помнiкаў Тарасу Шаўчэнку ў гарадах, вёсках, мястэчках. Пачаў iх фатаграфаваць, а калi паказаў свае здымкi ў музеi Шаўчэнкi, высветлiлася, што падобная праца мала вядзецца. Тады i прыйшла думка ўзяцца за гэтую справу мэтанакiравана, чым займаюся пры любой вольнай часiне, у любой дзелавой паездцы на працягу ўжо дзесяцi гадоў, — расказаў «Р» аўтар выстаўкi Руслан Тэлiпскi, у калекцыi якога сабрана ўжо каля 400 манументальных згадак пра Кабзара – помнiкаў, мемарыяльных дошак, бюстаў, памятных знакаў.

На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкi скульптурных выяў Тараса Шаўчэнкi, якiя знаходзяцца не толькi ва Украiне, але i за яе межамi — у Беларусi, Славакii, Грузii, Канадзе, Арменii, Польшчы, Iталii, Расii, Азербайджане, Францыi.

Помнiкi Кабзару вельмi розныя. Ёсць створаныя прафесiйнымi майстрамi i аматарскiя. Ёсць пераробленыя некалi з фiгур Ленiна. Ёсць з выявамi юнага Шаўчэнкi ў вобразе сялянскага падлетка-пастушка, а ёсць i такi, як устаноўлены ў Iталii, дзе паэт паўстае велiчным рымскiм патрыцыем.

Дарэчы, адзiн з самых цiкавых помнiкаў, на думку Руслана Тэлiпскага, знаходзiцца ў беларускiм Слуцку: выява Шаўчэнкi размяшчаецца на палiтры, якая з iншай кропкi разгляду пераўвасабляецца ў сэрца.

Колькi ўсяго iснуе ў свеце памятных знакаў славутаму Кабзару, сёння дакладна невядома. Спецыялiсты дапускаюць, што больш як тысяча. Самi ўкраiнцы жартам гавораць: дзе ёсць хаця б два iх суайчыннiкi, там ёсць i помнiк Шаўчэнку. Жарт жартам, але цi не гэтае жаданне — абудзiць ва ўсiм свеце памяць пра свайго славутага земляка — сведчанне вялiкай любовi да сваёй радзiмы, павагi да яе культуры, усведамлення сваёй нацыянальнай адметнасцi i самабытнасцi.

На здымку: фотамайстар Руслан ТЭЛIПСКI (у цэнтры) з наведвальнiкамi выстаўкi беларускiмi пiсьменнiкамi Анатолем БУТЭВIЧАМ (злева), Леанiдам ДРАНЬКО-МАЙСЮКОМ i намеснiкам старшынi грамадскага аб’яднання ўкраiнцаў Мiнска Iрэнай ШАРОВАЙ.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter