В Стародорожском районе создают уникальные ковры в технике аппликации соломкой

З палёў – на сцяну

Насценныя дываны ў свой час былі неад’емнай часткай інтэр’еру беларускай хаты. Часцей за ўсё іх ткалі або малявалі. Асабліва вядомыя маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я. А вось у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці дываны выраблялі ў тэхніцы аплікацыі саломкай. Яна зарадзілася ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ў вёсцы Рухава, адсюль і назва вырабаў — «рухаўскія дываны».

ctv.by

Да 1990-х гадоў традыцыя захоўвалася ў жывой практыцы. Саламяныя дываны карысталіся попытам не толькі ў мясцовых жыхароў, за імі спецыяльна прыязджалі і з іншых рэгіёнаў. Аднак з цягам развіцця лёгкай прамысловасці саламяныя дываны выйшлі з ужытку. Толькі некалькі гадоў таму па ініцыятыве Старадарожскага цэнтра рамёстваў і дзякуючы адзінаму жывому майстру па «рухаўскім дыванам» Марыі Русаковіч традыцыя была адноўлена.

Саламяныя дываны адрозніваюць арыгінальнасць, яркія колеры, прастата і адначасова філіграннасць узораў. На іх можна ўбачыць кветкі, ягады, каласкі, фігуры птушак і звяроў. Найлепш для вырабу рухаўскіх дываноў падыходзіць ячменная салома. Яна чысціцца, сартуецца, фарбуецца. Затым нарыхтоўваюцца саламяныя стужкі — кожная саломінка разразаецца ўздоўж валакна і адпрасоўваецца. Стужкі аднолькавага колеру наклейваюцца на газету пластом. Атрымліваюцца каляровыя саламяныя лісты. Пасля з іх выразаюцца па шаблоне ўзоры, якія наклейваюцца на тканіну чорнага колеру, нацягнутую на драўляную раму. Каб дыван не выгараў ад сонечнага святла, усе элементы пакрываюцца лакам. Часам на адзін дыван даводзіцца патраціць некалькі тыдняў.


«Рухаўскія дываны» са Старадарожскага раёна сёння добра ведаюць і ў краіне, і за яе межамі. Яны часта дэманструюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах. У снежні мінулага года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры была разгледжана і падтрымана прапанова аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter