Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Актрыса, тэатральны педагог Людміла Мацкевіч нарадзілася ва Украіне, вучылася акцёрскаму майстэрству ў сталіцы Узбекістана і ўжо больш за 50 гадоў жыве ў Беларусі

З Палтаўшчыны — у Мінск

Хоць і бывае, што чалавек “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”, аднак у людзей мастацтва, тэатра лёсы складваюцца па-рознаму. Часам абставіны вымушаюць іх і ўдалечыні ад Радзімы шукаць сваё месца ў жыцці. Якое, калі верыць класікам, і само ёсць тэатр, у якім усе мы — акцёры. З гісторыі ж вядома: раней былі вандроўныя тэатры. Сапраўднае мастацтва нагадвае нам: рух ёсць жыццё. І добры тэатр дае імпульс “для палёту”, падказвае, як падняцца над паўсядзённасцю, звычнасцю, над тым, што абмяжоўвае ды перашкаджае адчуваць сябе “птушкай вольнаю”. Бывала й так, што цэлы тэатральны гурт зменьваў “месца прапіскі”. Напрыклад, 14 танцораў з беларускага Шклова, з прыгоннага Тэатра графа Зорыча яшчэ ў 1800 годзе пераехалі на працу ў Санкт-Пецярбург...

Іван і Людміла Мацкевічы ў дамашнім інтэр’еры. 2012 г.
Фота: іван ждановіч

І тэрыторыя СССР давала шмат магчымасцяў для свабоднага перацякання талентаў.  “Я родам з Палтаўшчыны, чыгуначная станцыя Рамадан там ёсць: мая радзіма, — гаворыць беларуская актрыса Людміла Мацкевіч. — Побач і знакаміты Міргарад, Лубны: гогалеўскія мясціны. Тата быў афіцэр-танкіст, і бацькі па Сярэдняй Азіі качавалі-служылі: то ў адной рэспубліцы, то ў другой. А я гадавалася ў сваіх бабулек. Ганаруся, што дзядуля па тату, Сцяпан Мітрафанавіч Сінельнік, быў чалавек неардынарны: генерал-маёр юстыцыі. Апошнія гады служыў у Растове-на-Доне — там пайшоў у запас, там жыў і пахаваны на Алеі славы. Дарэчы, ён быў старшынёй трыбунала, які пасля вайны судзіў здраднікаў, што выдалі фашыстам герояў-маладагвардзейцаў. Нават быў у свой час у савецкіх газетах фотаздымак з таго суда”.

Калі Людміла ўжо заканчвала школу, бацька яе служыў у Тэрмезе (Узбекістан), у танкавай дывізіі. У горадзе, гаворыць, ніякіх ВНУ не было, таму паехала паступаць вучыцца “на артыстку” ў Ташкент: “Там было шмат цікавых тэатральных курсаў: кіргізкі, казахскі, кара-калпакскі, туркменскі... Адзін раз на пяць гадоў набіраўся рускі. Паступала — з цяжкасцю, але паступіла. Жыла, вучылася ў Ташкенце ў 64-м і 65-м гадах. А ў 1966-м там быў вялікі землятрус, і я перавялася ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. На той час тата служыў у Калінінградзе, дык я — бліжэй да бацькоў”.

Беларусь, прызнаецца Людміла Сцяпанаўна, ёй адразу вельмі спадабалася: клімат, прырода, людзі... Хутка навучылася разбірацца ў грыбах, якія й цяпер любіць збіраць. А Ташкент, разам з аднакурснікамі, з якімі адвучылася два гады, засталіся ў мінулым: “У Ташкенцкім тэатральна-мастацкім інстытуце імя А. Астроўскага кіраваў курсам Іосіф Радун. Сярод маіх аднакурснікаў — народныя артысты Узбекістана акцёр Шухрат Іргашаў, кінарэжысёр Эльёр Ишмухамедов: ён шмат цікавых фільмаў паставіў. Дарэчы, і мой муж, заслужаны артыст Беларусі Іван Мацкевіч у фільме “Дольше века…” зняўся: разам з Шухратам. З апошнім сябруем, ён ужо не раз да нас прыязджаў”.

З украінскім гарадскім пасёлкам Рамадан у Людмілы Сцяпанаўны сувязі страчаны: сваякоў-родных там не засталося. І ва Узбекістане, у Ташкенце — хіба што аднакурснікі. “Так што Беларусь стала для меня радзімаю”, — гаворыць актрыса.

Вучылася яна ў Мінску на курсе ў Аляксандра Бутакова і Веры Рэдліх, пасля яго заканчэння ў 1968-м яны з мужам паехалі ў Брэст. Абодва больш за дзесяць гадоў працавалі ў Брэсцкім драмтэатры імя ЛКСМБ, у 81-м вярнуліся ў Мінск. Пасля пераезду Людміла Сцяпанаўна стала тэатральным педагогам: выкладала сцэнічную мову ва Універсітэце культуры, у Школе-студыі пры Беларускай гільдыі акцёраў кіно. Цяпер працуе ў Музычным тэатры: кансультантам па сцэнічнай мове. У яе шмат таленавітых вучняў. Аднак і сама Людміла Мацкевіч застаецца актрысаю. Яна здымалася ў фільмах “Давай поженимся” (1982), “Перекресток” (1999), “Каменская. Чужая маска” (2000), “Фабрика грез” (2004), “Суд/Ваша честь 2” (2009), “Сила Веры” (2013) ды іншых.

Магчыма, адна з самых галоўных, цікавых  і запатрабаваных у жыцці ўнучкі генерала — роля надзейнага тылу для вядомага мужа-артыста. Які, дарэчы, вельмі часта іграе ў кіно... генералаў. У інтэрв’ю для журналістаў з брэсцкай газеты “Заря” акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага Іван Мацкевіч прызнаўся, што даражыць роляй генерала Дзмітрыя Паўлава ў фільме “Война на западном направлении” (1990): “Я, дарэчы, стаў першым акцёрам, які ўвасобіў на экране гэты складаны вобраз. Гэта даніна памяці вялікаму чалавеку, які быў незаслужана абвінавачаны і расстраляны. І хоць фільм выйшаў на экраны даўно, аднак на вуліцах па гэты час да мяне падыходзяць людзі, дзякуюць за тую ролю”.

У сям’і акцёраў Мацкевічаў вырас і свой рэжысёр: іхняя дачка Лена паставіла спектакль у мінскім Тэатры-студыі кінаакцёра. Цяпер Алена Іванаўна загадвае трупай у Рускім тэатры, выхоўвае ўнукаў артыстаў: Цімафея ды Фросю.

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter