З пакалення «next»

Свой адметны вытворчы стыль мае камбайнер СВК «Слаўгарадскi» Вiталь Дземiдзенка

Свой адметны вытворчы стыль мае камбайнер СВК «Слаўгарадскi» Глускага раёна Вiталь Дземiдзенка – пераможца мiнулагодняга рэспублiканскага спаборнiцтва працаўнiкоў сяла

Зорка камбайнера СВК «Слаўгарадскi» Глускага раёна Вiталя Дземiдзенкi ўзышла летась: ён намалацiў звыш трох тысяч тон збожжа i выйшаў пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва. Раней нiводзiн прадстаўнiк Глушчыны такога гонару не ўдастойваўся. Бо гэты край пераважна лясны; пяскi, суглiнкi, якiя не дазваляюць атрымлiваць высокую ўраджайнасць, а значыць, i мець высокiя намалоты.

А вось Дземiдзенку ўдалося. За кошт чаго? Па-першае, вопыт дванаццацiгадовай работы на камбайне «Дон», па-другое, механiзатар атрымаў новенькi «Лексiён-580», па-трэцяе, ёсць нацэленасць на высокi канчатковы вынiк. Тут Вiталя наўрад цi хто пераўзыдзе: ён загадзя вызначае маршруты руху, самастойна падбiрае перавозчыкаў збожжа, за штурвалам камбайна – з ранку да позняга вечара. А яшчэ добра падтрымлiвае Вiталя брат Iван, якi працуе памочнiкам камбайнера.

…У сваёй гаспадарцы ўбраў збожжа — да суседзяў выехаў на дапамогу. Не стрымаць было Вiталя Дземiдзенку. Даказаў, што нездарма яму выдаткавана новая тэхнiка!

Ну а як сёлета справы ў нашага героя?

Па-ранейшаму ён гаспадар на хлебнай нiве.

«Шкада, — гаворыць ён, — што спякотнае лета ўраджайнасць зменшыла…» Тым не менш механiзатар ужо намалацiў паўтары тысячы тон збожжа, сёлетнi асабiсты яго рэкорд пад дзве падбiраецца — знаходзiцца ў тройцы лiдэраў абласнога спаборнiцтва. Для яго, па сутнасцi, не iснуе перакураў… Нi хвiлiны прастояў. Тыя, хто працуе на перавозках збожжа, ведаюць гэту «струнку» камбайнера i заўжды своечасова iмкнуцца паспець пад загрузку.

Працуюць хлопцы дзе сур’ёзна, а дзе i з жартам… Камбайнер заўжды ў добрым настроi. Па сутнасцi, жнiво ў «Слаўгарадскiм» наблiжаецца да завяршэння. Ну а што далей? Адправiцца Вiталь Дземiдзенка туды, куды паклiчуць хлебаробскiя дарогi. У суседнi цi ў больш аддалены раён. Ён заўсёды гатовы выканаць сваю працоўную мiсiю. «Адпачываць, — кажа, — потым будзем, калi ўвесь хлеб будзе спарадкаваны. Хаця якое там, перавядзём дыханне i будзем рыхтавацца да новай пасяўной – такi ён бесперапынны ланцужок земляробскiх спраў!»

Каментарый у тэму

Начальнiк Глускага райсельгасхарчу Юрый ДЫМША:

— Дземiдзенка – патомны земляроб. Ягоны бацька доўгi час працаваў механiзатарам. А ўвогуле, сям’я, у якой пяць сыноў i тры дачкi, перасялiлася ў Заелiцу са Слаўгарадскага раёна пасля чарнобыльскай аварыi. Тут яны i прыжывалiся, i аўтарытэтам прырасталi. На вёсцы хутка даведваюцца, хто чаго варты. Дземiдзенкi заўсёды былi навiдавоку. Вiталь скончыў СПТВ, сеў за руль трактара, камбайна. Летась новенькi «Лексiён» вывеў у поле. Нехта можа сказаць: «Каб мне такую тэхнiку, i я б рэкорды бiў!» Так, ды не так, бо камбайн такой самай маркi i ў суседняй гаспадарцы ёсць, а вынiк не той… Толькi людзям, нацэленым на добры вынiк, сапраўдным майстрам сваёй справы, скараюцца рэкордныя вышынi. Дземiдзенка – з новага пакалення механiзатараў, якiя ведаюць, што i як рабiць… Працуе — як спявае. Вiталь выпрацаваў уласны стыль работы, вытворчых паводзiн. Мы ж рады таму, што ў раёне з’явiўся такi лiдэр. I няхай яму спадарожнiчае ўдача.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter