З наваселлем, вялiкая сям′я Зарэцкiх!

Восем  выхаванцаў школы-iнтэрната  справiлi наваселле ў новым дзiцячым доме сямейнага тыпу ў Жыткавiчах

 Восем былых выхаванцаў школы-iнтэрната для дзяцей-сiрот сталi братамi i сёстрамi ў дружнай сям’i Зарэцкiх i справiлi наваселле пад дахам новага дзiцячага дома сямейнага тыпу ў горадзе Жыткавiчы. Прыёмныя бацькi пецярых хлапчукоў i трох дзяўчынак  Лiдзiя i Вячаслаў Зарэцкiя i раней вызначалiся гасцiннасцю i чуласцю ў адносiнах  да дзяцей, па розных прычынах пазбаўленых бацькоўскай ласкi. Многiя з iнтэрнатаўцаў не раз праводзiлi выхадныя ў доме Зарэцкiх пад клапатлiвым наглядам Лiдзii Антонаўны i Вячаслава Мiхайлавiча, а таксама ў коле iх самастойных, дарослых ужо дзяцей – дзвюх дачок i сына. У цеснаце, прызнавалiся гаспадары, але не ў крыўдзе.

Пра такi ж “царскi” падарунак – прасторны дом – Зарэцкiя тады маглi толькi марыць. Як бачна, марам суджана было здзейснiцца: прыёмныя бацькi атрымалi ключы ад будынка з усiмi выгодамi ад старшынi райвыканкома Мiкалая Какоры i кiраўнiка iтальянскай дабрачыннай арганiзацыi “Бяроза” Дуiлiо Баланiнi. Менавiта вядомыя шматлiкiмi дабрачыннымi акцыямi на жыткавiцкай зямлi партнёры з Iталii выдаткавалi каля 70 мiльёнаў рублёў для пакупкi ў цэнтры Жыткавiчаў двухпавярховага жылога будынка, а таксама 6 тысяч еўра на рамонт i добраўпарадкаванне.

Немалую лепту ўнеслi ў стварэнне ў доме ўтульнасцi i камфорту  раённыя ўлады, абласное ўпраўленне i райаддзел адукацыi. У якасцi падарункаў прыёмнай сям’i ўручаны музычны цэнтр i тэлевiзар, сучасны камп’ютэр. Як праiнфармавалi “Р” ва ўпраўленнi адукацыi, гэта ўжо трэцi па лiку дом сямейнага тыпу, адкрыты на Гомельшчыне за два апошнiя гады. У блiжэйшы час такiя ж цёплыя прытулкi для дзiцячых сэрцаў расчыняць дзверы ў Лоеве i Рагачоўскiм раёне.

На здымку: дружная сям’я Зарэцкiх сустракае гасцей. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter