З мячамі Колесава наперавес

Беларусы зноў рыхтуюцца да навядзення парадку ў лясах

Беларусы зноў рыхтуюцца да навядзення парадку ў лясах

Упадабаная беларусамі акцыя Міністэрства лясной гаспадаркі «Тыдзень лесу-2013» стартуе ў наступныя выхадныя. Цяпер ведамства прымае заяўкі ад патэнцыяльных удзельнікаў, якія ў гэтым годзе будуць працаваць больш як на 1000 аб’ектах, падрыхтаваных лясгасамі да правядзення акцыі.

Традыцыйна пералік добрых спраў у падтрымку беларускіх лясоў будзе дастаткова шырокі. Жадаючыя змогуць прыняць удзел у пасадцы лясных культур, добраўпарадкаванні ляснога фонду, закладцы дэндрарыяў, навядзенні парадку ў лясах, якія прымыкаюць да аўтадарог і чыгуначных пуцей.

Пра свой удзел у акцыі, распавялі ў Мінлясгасе, ужо заявілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, супрацоўнікі Мінскага аблвыканкама, шэраг міністэрстваў і ведамстваў, установы адукацыі і грамадскія арганізацыі. Нагадаем, у мінулым годзе ўдзел у акцыі прынялі больш за 60 тысяч чалавек.

У гэтым годзе, з улікам умоў надвор’я, акцыя выйдзе за рамкі каляндарнага тыдня. Таму ўнесці свой уклад у захаванне лясоў можна будзе не толькі з 13-га па 20 красавіка, але і ў іншыя дні. Прысвечаны «Тыдзень лесу-2013» 130-годдзю з моманту стварэння мяча Колесава і пройдзе ў падтрымку мерапрыемстваў Года беражлівасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter