У Эстоніі прайшлі Дні беларускага пісьменства і культуры “Спадчына”

З мовы пачынаецца Радзіма

У Эстоніі прайшлі Дні беларускага пісьменства і культуры “Спадчына”


Па чым пазнаюць нас, беларусаў, у свеце? Па адметным адзенні? Безумоўна! Аднак у яго ж апрануцца можа й чалавек старонні, які не мае да беларускай культуры аніякага дачынення. Ды і штодзень хто ж носіць нацыянальныя строі? Хіба толькі па святах, ці на сцэне... Дык вось, найбольш яскаравая наша асаблівасць — гэта беларуская мова. Як вядома, шмат вершаў ёй прысвечана. “Крыніцай звіняць твае дзіўныя словы,/ Мая беларуская родная мова!/ Ты дорага мне, як і родная маці,/ Бо ты, як і маці, праменіш у хаце”. Гэтыя прыгожыя радкі я знайшла ў беларускай кнізе-падручніку “Чабарок”. І калі мы рыхтавалі Дні беларускага пісьменства і культуры “Спадчына”, то дэвізам вырашылі ўзяць гэты верш.


Беларусы Эстоніі праводзяць гасцей Дзён беларускага пісьменства і культуры

Свята праходзіла ў Эстоніі ў канцы верасня. І мела назву “Спадчына”, бо застаецца ж нам ад продкаў у спадчыну найперш родная мова: з яе адметнай лексікай, музычна-гукавым ладам, з прыказкамі, прымаўкамі, непаўторнымі фразеалагізмамі… Гэта і матчыны песні-калыханкі, і першыя казкі... А потым, як падрастаем, чуем і вершы беларускамоўных паэтаў, спяваем самі шчырыя беларускія песні. Увогуле для мяне родная беларуская мова — гэта як стары, запаведны, таямнічы лес, поўны жыцця, поўны як звонкіх мелодый, вясёлых, так і нейкіх няясных шэптаў і шолахаў, поўны радасцяў і смуткаў.

Паўнаводныя плыні любой мовы і пісьменства, як вядома, заўсёды падпітваюцца з невычэрпных фальклорных крыніц. Таму і для ўдзелу ў Днях беларускага пісьменства і культуры, арганізаваных Цэнтрам нацыянальных меншасцяў “Родина” з Эстоніі, былі запрошаны артысты з Беларусі. Адгукнуўся на прапанову Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” з Мінска, якім кіруе Алена Ліпень. З цэнтрам у нас даўняе сяброўства. У складзе дэлегацыі былі два гурты: фальклорны “Сунiчка” (кіраўніца Ганна Захарына) і народнага танца “Скавыш” (кіраўніца Кацярына Талоцкая). Прыехала на свята і дэлегацыя 48-й мінскай школы: то былі ўдзельнікі  міжнароднага праекта “Школы-пабрацімы”.

Падрыхтоўку да маштабнага мерапрыемства, азнаямленне з ім грамадскасці мы пачаліся загадзя. Зрабілі музычную афішу на тэлеканале TVN, была рэклама ў газетах і на радыё, расклейваліся рэкламныя плакаты ў розных месцах: каб прыцягнуць увагу публікі розных узростаў, нацыянальнасцяў. Планавалі правесці тры святочныя канцэрты пад назвай “Спадчына: Краски Беларуси”.

А ішлі Дні беларускага пісьменства і культуры, як кажуць, па нарастаючай. У першы дзень была важная падзея: падпісанне 5-гадовай дамовы аб супрацоўніцтве “Школы-пабрацімы” паміж Лауласмааскай школай з Эстоніі (воласць Кейла) і сярэдняй школай №48 Цэнтральнага раёна Мінска. З гэтай нагоды загадзя ў эстонскай школе была аформлена азнаямленчая выстава “Краски Беларуси”, на якой былі прадстаўлены беларускія нацыянальныя сімвалы, мастацкія вырабы з ільну, саломкі, а таксама кераміка і ручнікі. Многія экспанаты прывезлі на выставу нашы сябры з Мінска. Як сказала на яе адкрыцці дырэктарка мінскай школы Лола Карлаўна Пахомава, “нас і нашы культуры сімвалічна паядноўвае эстонская і беларуская нацыянальная кветка — васілёк”. На ўрачыстай цырымоніі падпісання дамовы прысутнічалі ўсе вучні, выкладчыкі Лауласмааскай школы. Азнаменавалі мы тую падзею святочным канцэртам, у якім паўдзельнічалі як эстонскія школьнікі, так і госці з Мінска: артысты гуртоў “Сунiчка” і “Скавыш”.


Ансамбль “Дзяўчаты” і Ніна Пээрна (злева)

Адкрыццём выставы-прэзентацыі ў Таліне, у Цэнтры культуры Нымме пачаўся другі дзень беларускага пісьменства і культуры. На выставе былі прадстаўлены пяць суполак Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Родина”: наш Беларускі цэнтр вучобы і развіцця EVA-Studiorum, а таксама “Ялінка”, “Лад”, “EV-Вместе” і Цюркская школа. Кожная арганізацыя падрыхтавала наглядную прэзентацыю пра сваю дзейнасць, былі на выставе і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кнігі — як сімвалы народнай культуры і літаратуры. У адкрыцці выставы і святочнай імпрэзе паўдзельнічалі Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь з жонкаю, саветнік Амбасады Святлана Карпушына. У вітальным слове спадар Амбасадар выказаў упэўненасць, што культура будзе і надалей збліжаць беларусаў і эстонцаў, падзякаваў арганізатарам Дзён беларускага пісьменства і культуры ў Эстоніі, кіраўнікам з Мінска, што знайшлі магчымасць паўдзельнічаць у святах у плыні Дня нацыянальных меншасцяў у Эстоніі — ён  адзначаецца 25 верасня. Па заканчэнні канцэрта была прэзентацыя страў беларускай кухні, пад час якой эстонцы і беларусы хутка знаходзілі агульную мову, тэмы для зносін.

І вось — трэці дзень, мерапрыемствы праходзілі ў Цэнтры культуры Ліндаківі ў Таліне. Там таксама была разгорнута выстава, якая выклікала немалы інтарэс. Гарачымі апладысментамі сустракала публіка артыстаў. Кожны канцэрт, дарэчы, складаўся пад час Дзён беларускага пісьменства і культуры з двух аддзяленняў. У першым выступалі беларускія гурты з Эстоніі: моладзевы “Дзяўчаты” ад нашай суполкі EVA-Studiorum і фальклорны “Купава” — ад Беларускага культурнага таварыства “Ялінка” з горада Маарду. Свае вершы пра Беларусь, пра Эстонію, пра маму чытала Ніна Пээрна. Удзельнікаў Дзён беларускага пісьменства і культуры, гасцей свята, гледачоў віталі эстонскія танцавальныя калектывы “Дубки и черёмушки”, “Сороки из Харку”, “Девушки из Табасалу”. Танцоры, дарэчы, выказалі вялікае жаданне ў будучыні наведаць Беларусь і пазнаёміць беларусаў з эстонскай танцавальнай культурай.

У другім аддзяленні выступалі госці з Беларусі. І мы бачылі: калі на сцэне з’яўляўся гурт “Скавыш” са сваёй візітнай карткай, танцам “Слуцкiя паясы”, то ў многіх гледачоў-беларусаў на вачах з’яўляліся слёзы… Пэўна, так праступае з глыбіняў душы туга па Радзіме. А потым на змену танцорам выходзілі “Сунiчкi” — і ў зале гучалі цудоўныя, меладычныя беларускія песні.

Дні беларускага пісьменства і культуры, безумоўна, дапамагаюць адладжваць рознабаковыя беларуска-эстонскія кантакты, падвышаюць інтарэс у эстонцаў да Беларусі. Выдатныя словы казала на гэты конт Ганна Захарына, знаёмячы гледачоў з адметнымі беларускімі гуртамі. “Скавыш, калі хто не ведае, гэта — моцны вецер. У Беларусь моцны вецер дзьме звычайна з Балтыкі. Што ж, нават гэта нас аб’ядноўвае… І няхай дзьме моцны вецер, але самае галоўнае — каб ён быў цёплым, каб ён быў сагрэты вашымі сэрцамі ў Эстоніі”.

Ініцыятыву правядзення Дзён беларускага пісьменства і культуры ў Эстоніі падтрымалі Амбасада Беларусі ў Эстоніі, Амбасада Эстоніі ў Беларусі, фонд “Гражданский мир”, Мінкультуры Эстоніі, Цэнтр інтэграцыі ды міграцыі “Наши люди”, аддзел адукацыі Мінскага гарвыканкама, эстонскі TVN-тэлеканал, Цэнтр нацменшасцяў “Родина” з Эстоніі… Выказваем падзяку ўсім — за падтрымку, за цікавасць да нашага праекта, за дапамогу ў арганізацыі ды правядзенні Дзён.

Ніна Пээрна, Кэтлін Пукк,
арганізатары Дзён беларускага пісьменства і культуры ў Эстоніі


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter