З Машэравым па нябесных дарогах

Гутарка з лётчыкам Віктарам Мялешыным, які восем гадоў абслугоўваў пасажыра нумар адзінВіктара Васільевіча Мялешына я ведаю з 1980 года. Ён, камандзір паветранага лайнера Як-40, восем дзён выконваў заданне самога Пятра Міронавіча, вазіў нашу камсамольскую дэлегацыю па ўсёй Беларусі. Агітпералёт прысвячаўся юбілею рэспубліканскага камсамола. У склад той шаноўнай дэлегацыі ўваходзілі Герой Савецкага Саюза, лётчык-франтавік, які здзейсніў чатыры тараны на фашысцкія самалёты, Барыс Іванавіч Коўзан, кампазітар Валерый Іваноў, паэт Уладзімір Някляеў, штангіст Леанід Тараненка, навуковец Аляксандр Пятроў. Мне даручана было ўзначаліць камсамольскую дэлегацыю.

Мы пабывалі тады ва ўсіх абласных цэнтрах, сустракаліся з моладдзю і ветэранамі. У кожную хвіліну я адчуваў, што разам з намі актыўна і зацікаўлена ўдзельнічае ў агітпералёце паважаны лётчык Віктар Мялешын. Мы ўсе ведалі, што ён возіць самога Машэрава, па тым часе першую асобу Беларусі, і як бы крыху пабойваліся яго, асцярожнічалі з ім. Але добрая і шчырая ўсмешка лётчыка, простая, наросхрыст душа вельмі хутка ўмацавалі ў пілоцкім і пасажырскім экіпажах поўны давер і сяброўскія адносіны.
Праз шмат гадоў, напярэдадні юбілею Пятра Машэрава, мы сустрэліся з Віктарам Васільевічам Мялешыным, і я задаў яму некалькі пытанняў, якія не паспеў задаць тады, у агітпералёце.
— Скажыце, Віктар Васільевіч, як вы трапілі паветраным перавозчыкам урадавага самалёта?
— Было гэта ў той час, калі ўсе мы спявалі песню: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз”. Я нарадзіўся ў Сібіры ў сям’і партыйнага работніка і настаўніцы. Закончыў школу, лётнае вучылішча, служыў у арміі. А падчас скарачэння ваенных кадраў выбраў сваім новым адрасам Беларусь. Спачатку лятаў другім пілотам, пасля камандзірам пасажырскага самалёта Іл-14. Праз дванаццаць гадоў лётнай практыкі мне даверылі галоўны самалёт рэспублікі.
— Як гэта адбылося?
— Здаецца, усё проста. Падышоў да мяне камандзір нашай эскадрыллі і сказаў: “Віктар, твой экіпаж лепшы, трэба перавучвацца лятаць на Як-40. Гэта самалёт Саўміна, на ім будуць лятаць кіраўнікі партыі і ўрада”. Я ўзяў пад казырок. І пачалі мы з экіпажам абжываць новы самалёт. Трэба было мець пяцьсот гадзін палётаў. І мы “набівалі руку і вока”, як кажуць, дзень і ноч...
— Ці помніце першы палёт з Пятром Міронавічам Машэравым?
— Як жа, помню. Ляцелі з Унукава ў Мінск. Я даклаў яму пра гатоўнасць экіпажа і самалёта, пра надвор’е на трасе. Ён паздароўкаўся з намі ўсімі за руку. Скупа ўсміхнуўся: “Паехалі”. Яму спадабаліся і самалёт, і наша праца. З таго дня наш лайнер стаў планетным, усесаюзным, не ведаў межаў...
— Ваша першае ўражанне ад сустрэчы з Пятром Машэравым?
— Яно было вельмі моцным, узрушаным. Праз гады праношу памяць пра Пятра Міронавіча як чалавека душэўнага, добрага і глыбока інтэлігентнага. Вельмі любіў людзей і родную Беларусь. Часта ў салоне гаварылі па-беларуску, асабліва калі ляцела яго сям’я. Былі на борце і пісьменнікі, і вучоныя, і мастакі...
— Куды звычайна ляталі?
— Падчас пасяўной і ўборкі аблётвалі амаль усе палеткі Беларусі. Рабілі дзве аднолькавыя карты: для лётчыкаў і для Пятра Міронавіча. І дакладвалі яму, дзе ляцім. Палёты выконвалі на абмежавана малой вышыні і хуткасці. Пасля прыпынку ў нейкім аэрапорце першы сакратар ЦК КПБ перасаджваўся ў машыну і ехаў па калгасных палетках, праводзіў нарады. Часам нам аддаваў свой лімузін, мы ехалі адпачываць у гасцініцу, а ён садзіўся ў машыну старшыні калгаса. Былі ў нас і далёкія маршруты. Пабывалі ў сталіцах усіх саюзных рэспублік, ва ўсіх гарадах Беларусі...
— Як вы адчувалі сябе ў такіх паездках?
— Вельмі ўсё было проста і даверліва. Абедалі звычайна за адным сталом з пасажырам нумар адзін. Аднойчы ў Белавежскай пушчы нам дазволілі схадзіць у грыбы. Пётр Міронавіч убачыў мой абутак, здзівіўся: “Гэта вы ў лакіроўках сабраліся ў лес?” І вынес мне свае боты з цёплым мехам. Пасля пацікавіўся, колькі сабралі грыбоў, ягад... Аднаго разу ляцелі па Віцебскай і Магілёўскай абласцях у навальніцу. Калі прызямліліся, я спытаў у Пятра Міронавіча: “Вы, напэўна, стаміліся лятаць?” А ён адказаў: “Калі б у вас хапіла паліва, я б яшчэ гатоў ляцець. Я не стамляюся ў вашым самалёце...” Мы здзіўляліся, у паездках Пётр Міронавіч працаваў па 14—15 гадзін...
— А ці ўсе пасажыры вашага самалёта былі такімі добрымі, працавітымі?
— Вельмі адказных людзей вазілі. Але былі пасажыры, якія запомніліся крыху па-іншаму. Прывезлі аднойчы нейкага намесніка міністра ў Полацк. Ён за папку і ў машыну. Я наўздагон пытаю: “Калі назад ляцім?” Буркнуў: “Вечарам”. Гэта ж не адказ. Нам трэба дакладна ведаць, калі вылятаем, узгадніць палёт з проціпаветранай абаронай, “заказаць” надвор’е...
— А што рабілі, калі пасажыру нумар адзін трэба ляцець, а надвор’е не дазваляла?
— Ой, быў адзін выпадак, які асеў у сэрцы на ўсё жыццё. Мы прыляцелі забраць Пятра Міронавіча з Белавежскай пушчы. Надвор’е было хісткім. З Заходняй Еўропы ішоў цыклон. Я ўсю ноч не спаў. Сачыў, як рыхтавалі ўзлётную паласу, сазвоньваўся з сіноптыкамі. Раніцай правялі высокага госця з Кубы — Рауля Кастра. Ён ляцеў на вялікім самалёце ў Ташкент. Трэба і нам па графіку ўзлятаць, але я атрымаў звесткі, што буран можа нас нагнаць у дарозе. Прапанаваў Пятру Міронавічу перачакаць пару гадзін. Ён як бы і пагадзіўся, але яго таварышы сказалі, што надзейней ехаць машынамі. Тое іх вяртанне ў сталіцу было апошнім для Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Сурганава і генерала Бяды. Пра аўтакатастрофу мы даведаліся, калі прыляцелі паражняком у Мінск...
— Цяпер у нашай сталіцы ёсць вуліца Машэрава, Сурганава, Бяды. Ці бываеце там?
— Бываю, калі выпадае час, але вельмі хвалююся. У маёй душы гэтыя вялікія людзі заўсёды як жывыя. Не магу ўявіць, што памяць аб іх калі-небудзь згіне. За восем гадоў былі сотні паездак з Пятром Міронавічам Машэравым. Я быў сведкам, як людзі праяўлялі да яго сваю шчырую любоў. Часта падыходзілі і да нас, лётчыкаў, казалі: “Як жа нам, беларусам, пашанцавала з такім кіраўніком”. Прайшло ўжо шмат гадоў пасля нашага апошняга палёта, а я і цяпер чую клапатлівы голас Машэрава: “Ну што, камандзір, паляцім?” — “Паляцім, Пётр Міронавіч”. І я прадаўжаю свой жыццёвы “палёт” з добрай памяццю пра слаўнага сына Беларусі — Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Міронавіча Машэрава.
13 лютага П.М.Машэраву споў-нілася б 90 гадоў. Хай аповед лётчыка Віктара Мялешына стане народным напамінам усім, хто ведаў былога кіраўніка Беларусі, хто праносіць у сваім сэрцы добрую памяць аб ім.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter