Ураджэнец Асіповічаў Мікалай Крысковіч даслаў у рэдакцыю два зборнікі сваіх вершаў

З Мінска пачыналася натхненне

Іван Іванаў

Ураджэнец Асіповічаў Мікалай Крысковіч даслаў у рэдакцыю два зборнікі сваіх вершаў

kriskovich.pngПэўна, гэты падарунак зрабіў сабе — і аматарам паэзіі — наш зямляк з Барнаула да свайго 75-годдзя, бо ў прадмове да зборніка “Сокровенное” знаходзім: “16 мая 1939 года нарадзіўся я, сярэднім па ліку дзіцем, блакітнавокім, светлавалосым, дужанькім фізічна (мама любоўна гаварыла: мядзьвёдак, гэта значыць мядзведзік) у горадзе Асіповічы, на Магілёўшчыне, у Беларусі”. На абодвух вокладках, праўда, аўтарам значыцца Мікалай Вішняк. “Вішняк — гэта прозвішча майго дзядулі, Мацвея Аляксеевіча, два сыны якога, Мікалай ды Аляксей, загінулі на вайне, і не паспелі пакінуць па сабе сыночка ці дачку”, — чытаем у прадмове да зборніка “Мои “любви этюды”. Аўтар дадае, што як любімы ўнук прадаўжае дзеда, яго бяссмерце. Абедзве кнігі Мікалай Пятровіч прысвяціў светлай памяці маці і таты, для яго важна, што ён — беларус, і ён заўсёды помніць пра сваю нацыянальнасць, свае родавыя карані: “Я из Белой Руси родом,/ Потомок древних кривичан,/ Волелюбивого народа,/ Из ведунов и огнищан…”

За жыццё ў спадара Мікалая назбіралася шмат вершаваных эцюдаў — невялічкіх твораў, якія пісаліся “як правіла, на факталагічным матэрыяле, што закранаў маю душу, на выпадках з жыцця”. Сам ён, прызнаецца, пастаянна “як бы акунаўся ў гэты свет, свет любові”, бо ягонае жыццё пакалечыла вайна: “В лихое время был рожден,/ Когда вся Родина страдала;/ Я щедро горем был напоен/ И счастья мне досталось мало”. Яшчэ радкі з біяграфіі: “В Осиповичах родился,/ В войну случайно уцелел,/ В средней школе отучился,/ Спал в холоде и мало ел./ Познал приют и детский дом/ Изведав долю сироты,/ Жить право добывал трудом/, От горя прячась за мечты”. Зарыфмаваў ён і тое, як будаваў дамы спачатку ў Мінску, потым у Барнауле — з 1958 года. Зрэшты, нялёгкім было і жыццё ягоных бацькоў-беларусаў, якім сын прысвяціў шэраг твораў. Ды ўсё ж асноўны матыў вершаў зборніка “Мои “любви этюды”  — каханне, яго жыццядайная сіла: “Нежность! Милая моя,/ Солнышко весеннее!/ Песнь не спетая моя/ Моё вдохновение!”. Зямляк згадвае першае каханне, юнацкія захапленні, гарачыя пачуцці, апявае жаноцкую прыгажосць і прыгажосць прыроды, з вялікай павагай ставіцца да славянскіх багоў. І ў пару сталасці, сцвярджае, ёсць месца каханню: “Как прежде, сердце гулко бьется,/ В венах кровь горячая струит/ Душа в объятья к тебе рвется —/ Вновь огонь любви во мне горит”.

Знайшлося ў рускамоўным зборніку і больш за дзясятак вершаў па-беларуску. Шэраг іх таксама пра каханне, адзін з такімі радкамі: “Пацалункі шчодра даруем,/ Гарачыя нашы абдымкі;/ Аб далейшым жыцці мяркуем,/ Пра шлюб пасля свята Дажынкі…” У іншых — прызнанне ў любові да Беларусі, гонар за незалежны і свабодны бацькоўскі край, дзе прайшло маленства і юнацтва Мікалая Крысковіча, згадкі пра маці і яе прымаўку “Не тлумі мае ты галавы!”.

Аўтар — чалавек самакрытычны, і, нібы адхіляючы крытыку ўедлівых прафесіяналаў ад сваіх не заўсёды “гладкіх”, а часам і востра палемічных твораў,  у адной з прадмоў піша: “Радкі з-пад майго пяра назваць вершамі нельга, бо я іх не тварыў, гэта значыць не складваў”. І далей тлумачыць, што ў барацьбе за выжыванне проста не было калі складваць вершы. Ды ўсё ж бывалі хвіліны, калі на яго нібы абрушваліся паэтычныя радкі, “быццам нехта невядомы мне іх дыктаваў”. Першымі, памятае Мікалай Крысковіч, былі “радкі прызнання ў любові да сталіцы Беларусі — Мінска” — яны прыйшлі, калі юнак заканчваў школу, аднак не былі запісаныя.  А свой “першы верш, што больш-менш запомніўся”, салдат Крысковіч запісаў “пасля стаяння на варце ў 48-градусны мароз у Краснаярскай тайзе”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter