Пастырское послание бискупа Казимира Великосельца на Пасху 2021 года

З любоўю i надзеяй у сэрцы

Напярэдаднi Вялiкадня, якi ў гэтым годзе па каталiцкiм календары святкуецца 4 красавiка, бiскуп Казiмiр Велiкаселец звярнуўся з Пастырскiм пасланнем «Уваскрасенне Хрыста — надзея на вечнае жыццё» да прыхаджан Рыма-каталiцкага касцёла ў Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца: 

«Азiраючыся на гiсторыю збаўлення чалавецтва, мы можам зразумець, што ўсё Святое Пiсанне канцэнтруецца вакол асобы Езуса Хрыста, якi памёр i ўваскрос, бо ў пасхальным здарэннi спаўняюцца ўсе абяцаннi Бога. Мы верым, што Хрыстус сваёй крывёю вызвалiў увесь свет ад ярма граху i смерцi i, уваскросшы, даў нам надзею на ўдзел у вечным жыццi ў супольнасцi святых. Пасха для вернiкаў — гэта гарантыя ўваскрасення да новага жыцця ў мiры, справядлiвасцi i бясконцай славе…»

Пасланне нагадвае: «Уваскрасенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзiнае, што нас павiнна хваляваць, — гэта каб мы не апынулiся ў стане духоўнай смерцi. Смерць у такiм сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага i прамога парушэння Божых запаведзей. Цялесная смерць — гэта толькi брама, за якой iдзе працяг таго, што мы абралi на зямлi. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбiраць Божы спосаб жыцця, якi пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы.

Радасная навiна аб уваскрасеннi Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлi, удзельнiчаем у вечным жыццi. Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста ў кожным вернiку ёсць зерне ўваскрасення. Падобна як падчас Эўхарыстыi мы цэлебруем не новую ахвяру крыжа, а складаем тую самую адзiную ахвяру, прынесеную Хрыстом. Таксама i ўваскрасенне ўжо дзейнiчае ў нас, калi мы прымаем Хрыста i падтрымлiваем жывыя адносi-ны з Iм…»

Завяршаецца Пастырскае пасланне сардэчным вiншаваннем з Вялiкаднем: «Дарагiя браты i сёстры, жадаю вам радасцi i надзеi, якую нясе Уваскрослы Хрыстус. Будзем разам спяваць радаснае «Алелюя», праслаўляючы Бога за тое, што мы ўжо нясем у сабе частку неба.

Вiншую католiкаў i тых хрысцiянаў, якiя сёння адзначаюць гэтае свята!

Вiншую нашых праваслаўных братоў, якiя цяпер, падчас Вялiкага посту, рыхтуюцца да святкавання пасхальнай таямнiцы. Дарагiя праваслаўныя i ўсе людзi добрай волi, аб’яднаўшы нашы намаганнi, мы можам быць знакам еднасцi i надзеi для свету.

На радаснае i плённае перажыванне Вялiкадня ад усяго сэрца вас благаслаўляю».

СВЯТОЧНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ Ў ПРАМЫМ ЭФIРЫ

Белтэлерадыёкампанiя ў эфiры двух тэлеканалаў — «Беларусь 1» i «Беларусь 3» — арганiзуе для вернiкаў шэраг прамых трансляцый святочных набажэнстваў.

Сёння, 3 красавiка, у 21:45 на «Беларусь 1» адбудзецца прамая трансляцыя набажэнства на Светлае Хрыстова Уваскрасенне. А 4 красавiка велiкодная ранiца пачнецца са слова бiскупа Казiмiра Велiкасельца. Паслухаць яго можна ў 06:05. Затым прапануем пераключыцца на «Беларусь 3», дзе ў 7:25 — перадача «Размовы пра духоўнае». Тэма новага выпуску адпаведная — Вялiкдзень па календары каталiцкай канфесii. А затым тэлегледачоў чакае новы выпуск праекта «Святынi Беларусi» — духоўна-асветнiцкай праграмы, якая распавядае пра самыя велiчныя i цiкавыя старажытныя цэрквы i касцёлы нашай краiны (пачатак у 7:35).

Таксама ў нядзелю, 4 красавiка, тэлеканал «Беларусь 3» у 16:30 пачне трансляцыю Велiкоднага Паслання i Благаславення «Граду i Свету» з Ватыкана з удзелам Свяцейшага Айца.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter