Через несколько месяцев “Калыханка” отметит 40-летний юбилей

З любоўю да дзяцей

Успамінаю сваё дзяцінства. Кожны вечар прыліпала да экрана тэлевізара, каб не прапусціць любімую «Калыханку». А калі вырасла, шкадавала, што гэты рытуал наўрад ці захаваецца ў жыцці сучасных дзяцей, якія з маленства знаёмы з гаджэтамі і ведаюць, што на youtube можна знайсці мульцік на любы густ і ў любы час. Якое ж было маё здзіўленне, калі сын-дашкольнік, аднойчы ўбачыўшы «Калыханку» на «Беларусь 3», стаў штовечар прасіць уключыць менавіта яе — каб убачыць знаёмых персанажаў, пачуць цікавую гісторыю, дачакацца мультфільма ў канцы. Традыцыя працягвае жыць! У чым жа сакрэт «Калыханкі»? Што дазваляе ёй заставацца папулярнай на працягу многіх гадоў? Пашукаем адказы на здымачнай пляцоўцы



–Лісічка Яначка, пастаў кошык на стол. Топа, паўтары гэту фразу яшчэ раз, — нават на здымках праграмы пануе казачная атмасфера. Тут няма лялек — усе персанажы жывыя. Як і няма дарослых — узрост нібы сціраецца. Эмілія Пранскутэ, якая ажыўляе яноціка Цёму, прызнаецца:

— Мы ўсе тут ператвараемся ў дзяцей. І не важна, сорак табе гадоў ці шэсцьдзясят. Пад сталом, дзе хаваюцца акцёры, дарослых людзей дакладна няма. Рэжысёрам з намі няпроста. Часам паводзім сябе, як школьнікі на апошняй парце. Але немагчыма па-іншаму. Мы жывём гэтым!

— Дзякуючы праграме я ні фізічна, ні псіхалагічна не адчуваю сябе на свой узрост — максімум равеснікам сваёй 13-гадовай унучкі, — дапаўняе калегу «тата» медзведзяняці Топы Уладзімір Варанкоў. — Я на «Калыханцы» ўжо 35 гадоў. І для мяне гэта сапраўды жыццё. Гэта дакладна тое, чым я магу ганарыцца. Гледзячы на статуэтку «Тэлевяршыні» — па выніках народнага галасавання ў 2016 годзе мой Топа быў прызнаны лепшым тэлевядучым, — разумею, што займаюся той справай, якая прыносіць людзям радасць. Ці гэта не шчасце?

І Эмілія Пранскутэ, і Уладзімір Варанкоў, і Іна Ганчар (лісічка Яна), і Алена Гіронак (Буслік) шчыра вераць у тое, што робяць. Напэўна, таму так лёгка верыць у іх персанажаў і маленькім гледачам.

— Маёй малодшай дачцэ 9 гадоў, — расказвае адна з вядучых «Калыханкі» Фея сноў Алена Бікранёва. — І яна ўпэўнена, што нашы Топа, Яна, Цёма, Буслік жывыя. ­Прыходзіць на студыю, корміць іх булачкамі, гутарыць з імі. І што цікава, нават бачачы акцёраў, не звяртае на іх асаблівай увагі — гля­дзіць толькі ў цацачныя вочкі герояў. Як гэта працуе?! Інакш як чараўніцтвам не назавеш! І стварае яго наш дружны прафесійны калектыў. Усе — сцэнарысты, рэжысёры, аператары, відэаінжынеры, акцёры — вельмі адданыя «Калыханцы». Яны ствараюць на праграме гэту неверагодную атмасферу. Кожны раз прыходжу на запіс і напаўняюся энергіяй — добрай, пазітыўнай, жыццярадаснай, дзіцячай. І выходжу з працы напоўненай.



Да слова, Алена на перадачы ўжо 14 гадоў. Папераменна з ёй праграму вядуць падарожнік Нестар (Сяргей Жбанкоў), дзядуля Дабра­дзей (Валянцін Салаўёў) і няня Палінка (Вераніка Пляшкевіч). Кожнага вядучага адрознівае асаблівы характар, гэтак жа, як і лялечных персанажаў.

— А ўсе разам яны ўтвараюць адну вялікую дружную сям’ю, — упэўнена шэф-рэдактар праграмы Алена Фурсава.

Яна ж разам з Вольгай Асмолавай і Вольгай Шчукінай піша сцэнарыі да «Калыханкі». Таленавітыя аўтары кожны выпуск праграмы ператвараюць у неверагоднае падарожжа герояў і гледачоў.

— З аднаго боку, пісаць для дзяцей проста. Яны толькі пачынаюць пазнаваць гэты свет. Дастаткова глянуць вакол, каб прыдумаць тэму да чарговага выпуску: чаму трава зялёная, чаму сонца свеціць, чаму кран такі вялікі і не падае… З другога боку, дзіцячая праграма патрабуе асаблівай лёгкасці і дынамікі, — разважае шэф-рэдактар. — Ніякіх лекцый! Неабходна так выбудаваць сцэнарый, каб малы адразу ўключыўся ў гульню. Не ўсе на гэта здольныя.

Немалаважны і сам здымачны працэс, упэўнена Алена Сяргееўна:

— На праграме працуюць выдатныя мастак-пастаноўшчык Таццяна Герасімовіч, рэжысёры Дар’я Мілашэўская і Аліна Цітовіч. А як пашанцавала «Калыханцы» з відэаінжынерам Сяргеем Бяляевым! Гэты казачнік здольны ажывіць усё што заўгодна. У праграме і ступы лятаюць, і сонца скача, і вушы камп’ютарныя ў герояў вырастаюць… Прычым мы, сцэнарысты, калі пішам тэксты, разумеем, што не ўсе нашы фантазіі можна ажыццявіць, таму пазначаем у дужках «магчыма». Але для Сяргея няма нічога немагчымага. На «Калыханцы» сабраліся людзі, якія сапраўды любяць тое, што робяць. Таму ў праграме такая асаблівая энергетыка. «Калыханку» сёння глядзяць з такой жа цікавасцю, як і раней.

Вядома, зараз дзеці іншыя. Ужо ў 2—3 гады малыя разбіраюцца з гаджэтамі не горш за дарослых. Але і «Калыханка» не стаіць на месцы — развіваецца разам са сваімі гледачамі.

— Мы заўсёды былі з гледачамі на адной хвалі. І сорак гадоў таму, і сёння. У свой час «Калыханка» была эксперыментальнай студыяй. Акрамя класічных праграм, здымалі шмат цыклаў: «Тэатр Лесавічка», «Бабуліны казкі», «Саветы доктара Зялёнкіна», «Сан Маляваныч, парася Сеня і іх сябры». Дарэчы, Маляваныч — таленавіты акцёр Аляксандр Ждановіч — працаваў на «Калыханцы» амаль дваццаць гадоў. А колькі цікавых персанажаў убачылі нашы гледачы за час існавання праграмы: Дзед Барадзед, хлопчык Бульбінка, робат-электронік, казачная істота Сплюшык і многае іншае. Заў­сёды стараліся знайсці тое, што будзе цікава нашым гледачам.

Фота Сяргея Міцэвіча

Аб тым, што дзеці і сёння ў захапленні ад «Калыханкі», сведчаць шматлікія лісты, якія прыходзяць на адрас праграмы.

— Немагчыма чытаць іх без замілавання, — дзеліцца Алена Фурсава. — Дзеткі віншуюць герояў са святамі, дасылаюць свае малюнкі, расказваюць гісторыі пра сябе. Не пакідаем ні адзін ліст без адказу.

Алена Бікранёва паказвае пісьмо ад дзяў­чын­кі з Наваполацка, адрасаванае канкрэтна ёй:

— Некалькі месяцаў я не здымалася ў праграме — самаізалявалася з сям’ёй на час пандэміі. І дзяўчынка вельмі расперажывалася: «Што здарылася з Феяй? Я яе так люблю, няхай яна вернецца!» І так прыгожа напісала на беларускай мове! Збіраюся адправіць ёй адказ і фота на памяць. Вельмі важна, каб дзеці працягвалі верыць у казку.



З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА РАНІЦА

Малодшы брат «Калыханкі» — «Дабраранак». Праграма выходзіць з 2013 года раніцай па буднях, каб зараджаць дашкольнікаў і школьнікаў бадзёрасцю і добрым настроем на ўвесь дзень. У 2017-м разам з лялечнымі персанажамі зайчанятамі Касяй і Лесікам (акцёры Наталля Кот-Кузьма і Дзмітрый Чуйкоў) упершыню сувядучымі праекта «Дабраранак» сталі дзеці. Вядома, час не стаіць на месцы, дзеці растуць, і, каб не згубіць казачную атмасферу маленства, аўтары праекта вырашылі ўвесці ў гэтым сезоне новае «пакаленне» вядучых.

— Правялі кастынг. Усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень валодання роднай мовай і ўменне імправізацыі. Можна сказаць, што кожны заслугоўваў месца ў «Дабраранку», — расказвае шэф-рэдактар праграмы Алена Фурсава. — Выбралі траіх хлопчыкаў і трох дзяўчынак. Старэйшаму вядучаму 11 гадоў, малодшаму нядаўна споўнілася 6. Вельмі харошыя дзеці з разнастайнымі інтарэсамі. Сярод іх ёсць футбаліст, відэаблогер, пачынаючы рэжысёр, фотамадэль… Пастараемся абыграць іх захапленні ў выпусках праграмы. Папярэдняе пакаленне вядучых мы таксама не забылі. Будзем час ад часу запрашаць іх на праграму.

ДА ЎВАГІ

«Калыханка» выходзіць у эфіры «Беларусь 3» штодня ў 20:40, «Дабраранак» — па буднях у 7:00.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter