Пераправа, якую сабралi на пiнскiм прадпрыемстве, ў сераду прыбудзе ў Жыткавіцкі раён

З лёгкiм паромам!

У нядзелю з акваторыі Пінскага сударамонтнага завода выйшаў буксір у суправаджэнні земснарада. Пераадолеўшы два з паловай кіламетры па Піне, яго кiроўцы выйшлі ў Прыпяць і ўзялі курс на Жыткавічы. Буксір вязе на Гомельшчыну судна асаблівай важнасці — агромісты паром, які заменіць аварыйны мост і звяжа два берагі Прыпяці паміж Жыткавічамі і Туравам. На тое, каб пераадолець 150 кіламетраў, спатрэбіцца трое сутак. Калі ўсё складзецца так, як запланавана, заўтра паром сустрэнуць у фінальнай кропцы маршрута.

Стары рудавоз перарабілі ў новы паром усяго за два месяцы. Выдаткі склалі больш як 200 тысяч рублёў.
Фота БЕЛТА

Без лiшнiх слоў

Паромную пераправу спусцілі на воду ў мінулую сераду. Разлічвалі, што праз два дні яе адправяць у Гомельскую вобласць. Не атрымалася — на Прыпяці ўсё яшчэ былі ледзяныя заторы. Да апошняга не было вядома, ці атрымаецца выйсці з Пінска і ў нядзелю. Дазвол усё ж атрымалі. Адпраўленне парома — выключна рабочы момант. Без афіцыёзу і доўгіх прамоў. Нiякай бутэлькi шампанскага, што разбіваецца аб борт. Дырэктар Пінскага судабудаўніча-сударамонтнага завода Андрэй Даберчук тлумачыць:

— Усе ж разумеюць, што дарагая кожная хвіліна. Паром вельмі чакаюць у Жыткавічах, таму адпраўляем яго адразу, як толькі з’явілася магчымасць. Мы і пабудавалі гэтае судна ў рэкордна кароткі час — усяго за два месяцы. Для нашага завода гэта было сапраўдным выпрабаваннем.

Зараз па знешнім выглядзе парома і не скажаш, што гэта перароблены стары рудавоз, які ў апошнія гады выкарыстоўваўся для дастаўкі грузу з Мікашэвічаў. Па баках — агароджа і аранжавыя ратавальныя кругі. На платформе — навес для пасажыраў. Спецыялісты сударамонтнага завода перарабілі нос, устанавілі дызель-генератар, электрычныя прывад, платформы для пад’ёму транспарту. Грузападымальнасць парома — тысяча тон, шырыня — 10 метраў, даўжыня — 70. За адзін рэйс ён можа пераправіць каля 50 пасажыраў, а таксама пяць фур і 20—25 легкавых машын.

— Перарабіць рудавоз у паром за такі кароткі час было няпроста, — говорыць Андрэй Даберчук. — Цяжкасці ўзнікалі рэгулярна. Рознага кшталту. Мы будавалі паромы, але ж у гэтага начынне куды больш складанае. Для нашага завода такое будаўніцтва стала надзвычай адказным. Працавалі ў паўтары смены, па 10—12 гадзін, амаль што без выхадных. I вось паром паспяхова прайшоў усе выпрабаванні.

Перад адпраўкай — комплексная праверка. Ацэньваюць стан асновы і нават работу вогнетушыцеляў. Запускаецца дызельная ўстаноўка, гудуць аўтаматычная лябёдкі. Фінальны этап — заезд на платформу будаўнічай тэхнікі. Першасная ўвага — пытанням бяспекі. У пароме паменшылі трумы і зрабілі больш частыя перагародкі — нават калі здарыцца прабоіна, вада затопіць толькі адзін трум.

Кiраўнiк прадпрыемства «Дняпроўска-Бугскі водны шлях» Мікалай Кацецкі адзначае: парому давядзецца працаваць у няпростых умовах:

— Тут гарантавана бяспека пасажыраў і транспарту. Пераправа здольная працаваць ва ўмовах крыгаходу, а таксама паводкі, калі пойма і пад'езды да берагавых ліній падтоплены і даўжыні пантоннага моста недастаткова для таго, каб забяспечыць сувязь двух берагоў.

Адпраўленне парома — хвалюючая падзея. Андрэй Даберчук прызнаецца — наперадзе няпросты шлях:

— Шмат што будзе залежаць ад абстаноўкі, а таксама ад вопыту нашых судавадзіцеляў. Навігацыя адкрыта, рух дазволены, але ж давядзецца няпроста. Да таго ж габарыты судна вялікія.

Рачны воўк

Грузавым БТ, які буксіруе паром у Жыткавіцкі раён, кіруе сапраўдны рачны воўк — Леанід Сарыч. Ён аддаў працы на рацэ сорак пяць гадоў. У капітанскай рубцы нічога лішняга — пульт ды крэсла. На сцяне — карта гукавых сігналаў. Кіруецца цеплаход з дапамогай некалькіх рычагоў. Тут і першакласнік разбярэцца — нічога складанага, усміхаецца кэп. За некалькі дзесяцігоддзяў усе выгібы Прыпяці, усе павароты ён вывучыў дасканала. Так што лоцманская карта, у якой пазначаны знакі, глыбіні, схема руху па рэчышчы, пыліцца без справы.

На сударамонтны завод Леанід Сарыч прыйшоў зусім маладым чалавекам. Скончыў курсы рулявых-матарыстаў, атрымаў прызначэнне на адзін з заводскіх цеплаходаў. Праз некаторы час Леаніда Паўлавіча накіравалі ў школу каманднага складу, у якой ён атрымаў два дыпломы — механіка і капітана. Хадзіў у Кіеў і Крамянчуг, вазіў жалезную руду, якую транзітам праз Брэст адпраўлялі ў Польшчу. Украінцам везлі лес, піламатэрыялы. Праз некаторы час яго прызначылі зменным капітанам для працы на рэйдзе. Цяпер Сарыч буксіруе да элінгаў судны, якія прыйшлі на рамонт. Ён спецыяліст самага высокага класа. Некалькі год таму капітана ўзнагародзілі ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый. Для Сарыча бусіроўка ў Жыткавічы новага парома — проста чарговы паход па выдатна знаёмым маршруце.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter