З летняга фотаальбома. Лета скончылася, але, упэўнены, у вас, сябры, засталося шмат яркіх уражанняў і цікавых фотаімгненняў.

Аб гэтым сведчыць і рэдакцыйная пошта. Сёння мы прапануем вам некалькі летніх фотаэцюдаў, якія даслала нам Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ.

Народжаныя поўзаць...

За гэтымі маленькімі істотамі вельмі цікава назіраць. Акрамя таго, слімачкі — проста выдатныя мадэлі, бо нікуды не спяшаюцца, рухаюцца вельмі марудна і наогул не пратэстуюць супраць фотасесіі.

Дастаткова аднаго позірку, каб зразумець, што перад намі Загадкавая Незнаёмка. Яе эфектная ракавіна, расфарбаваная ў самае моднае адценне сезона, удала гарманіруе з колерам самой прыгажуні. Яна ўладкавалася на свежым прахалодным лісціку і, здаецца, зусім не хоча злазіць на жорсткую сухую траву. Загадкавая Незнаёмка какетліва пазірае з-пад закручанай ракавіны: “Вось якая я грацыёзная, эфектная і абаяльная!”

Гэты смоўжык перапаўзаў лясную сцежку. Відаць, вузкая дарожка для маленькай істоты падалася велізарнай прасторай, прычым вельмі небяспечнай, бо ў любы момант магла з’явіцца драпежная птушка і... Смоўж спяшаўся, а паўзці па пясчанай сцежцы было надзвычай цяжка.
У параўнанні з мініяцюрнай Загадкавай Незнаёмкай гэты прадстаўнік слімакоў мае значна большыя памеры. Цікава, хто ён і куды спяшаецца? Можа, ён адзін з тых адчайных смельчакоў, якія адважваюцца здзейсніць вялікае падарожжа? Што ж, яму, мабыць, пашанцавала больш за астатніх вандроўнікаў — наш смоўжык у любы момант можа вярнуцца дадому, таму што хатка заўсёды знаходзіцца ў яго на спіне. Шчаслівага падарожжа!

А вось яшчэ адзін вельмі цікавы экземпляр! Яркая і характэрная афарбоўка нагадвае леапарда і быццам бы адразу папярэджвае, што перад намі сапраўдны драпежнік. Бачыце павялічаную частку яго мяккага вільготнага цела? Даўжыня гэтай асобіны амаль чатырнаццаць сантыметраў! Як сапраўдны драпежнік, гэты “леапард” аказаўся смелым — не схаваў сваіх “рожак”, не спалохаўся таго, што яго паклалі на ліст і ўзялі ў рукі. І яркія выбліскі свету падчас фотасесіі не збянтэжылі нашага героя: ён зазірнуў прама ў аб’ектыў і, мабыць, усміхнуўся...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter