З “Лісапетам” — хоць у Кітай

Для ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні “Верас” мінулы год стаў зорным часам

Для ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні

“Верас” мінулы год стаў зорным часамВыйсці на сцэну Палаца Рэспублікі ды яшчэ атрымаць спецпрыз журы Нацыянальнай музычнай прэміі дарагога каштуе. Асабліва калі ты артыст з невялікай палескай вёскі. Народны ансамбль народнай песні “Верас” з Верасніцы Жыткавіцкага раёна, некаторыя ўдзельнікі якога дасягнулі ўжо сямідзесяцігадовага ўзросту, праславіўся на ўсю краіну з вясёлай і забаўляльнай кампазіцыяй “Лісапет”. А найвялікшым падарункам да Новага года ўдзельнікам калектыву стала прызнанне іх песні “народным хітом” Беларусі.

— О-о-о, гэта ж як “Оскар” для нас. Такая падзея! — не можа нарадавацца старэйшая  ўдзель-ніца калектыву Лідзія Пятрычыц. — Гэта дасягненне для ўсяго раёна, не толькі для нас. Гонар трапіць на такую сцэну, выступаць перад такой вялікай залай.

У ансамблі “Верас” жыхары Верасніцы спяваюць ужо шэсцьдзясят гадоў. Вядома, змянілася ўжо не адно пакаленне артыстаў. Але рэпертуар калектыву па-ранейшаму падымае настрой і прымушае кідацца ў скокі.

— Спяваем як беларускія, так і рускія, і ўкраінскія песні, — расказвае кіраўнік калектыву Святлана Ляшкевіч. — Прафесійнай адукацыі амаль ні ў кога няма. У калектыве шаснаццаць чалавек. І ў асноўным гэта ўсе былыя калгаснікі.

Рэпертуар мясцовы, створаны ўласнымі сіламі або запазычаны ў суседзяў.

— Да прыкладу, народны хіт “Лісапет” наша галоўная завадзіла і аўтар прыпевак, баек і песень Лідзія Пятрычыц пачула ад жанчыны, з якой пазнаёмілася ў санаторыі. Мы гэты “Лісапет” перарабілі на мясцовую мову, падхапілі ды сталі спяваць па гарадах ды сёлах, — кажа яна.

“Лісапет” верасніцкія артысты спяваюць ужо каля шасці гадоў. Кажуць, спачатку песню не надта заўважалі — ішла ў рэпертуары разам з астатнімі.

— А пасля наш раён даваў у Рэчыцы справаздачны канцэрт, — расказвае Святлана Іванаўна. — Наш ансамбль адзначылі і запрасілі на фестываль “Кліч Палесся” ў Ляскавічы. Вось як мы туды з гэтым “Лісапетам” заехалі, як выступілі перад Прэзідэнтам, так пасля таго і ездзім паўсюль. Куды ні прыязджаем

— “Лісапет” усюды просяць.

Акрамя “Лісапета” ёсць у калектыва яшчэ некалькіх гучных песень — “Гром-бабы”, да прыкладу. У наступным годзе, абяцаюць артысты, “Верас” здзівіць беларусаў яшчэ адным народным хітом.

Выступалі ўдзельнікі ансамбля на абласных і рэспубліканскіх “Дажынках”, нядаўна спявалі для працаўнікоў вёскі Бранскай вобласці.

— Куды нас ні запрашаюць, жанчыны з радасцю згаджаюцца. Кажуць: “Куды ні пазавуць, Света, усюды паедзем. У Кітай — дык у Кітай. Мы на ўсё гатовы!”, — усміхаецца Святлана Іванаўна. 

Некалькі разоў ансамбль здымаўся для беларускіх тэлеканалаў, пасля чаго яго сталі запрашаць выступіць  нават на сталічных карпаратывах.

— Народная музыка — гэта вам не бясконцае бум-бум, ад якога галава расколваецца, — гаворыць Лідзія Пятрычыц. — Народная песня запальвае заўсёды і ўсіх!

Ёсць прапановы ў “Вераса” і на гэты Новы год. Але найлепш падабаецца артыстам адзначаць свята ў іх роднай вёсцы, побач з роднымі і сябрамі. Штогод у мясцовым Верасніцкім цэнтры традыцыйнай культуры ладзяць навагоднія агеньчыкі.

— Раней, вядома, больш весела жылі, — настальгуе Лідзія Пятрычыц. — Вельмі шмат абрадаў праводзілі.

Усюды па вёсцы песні былі чутны. Ездзілі на возе з гармонікам ды бубнамі. Мы пастарэлі. Ужо і на воз той так спрытна не ўскочыш. А маладыя дык не надта на тое ахвотныя. Але калі б, да прыкладу, я не спявала ў ансамблі, калі б не хадзіла на рэпетыцыі ды не ездзіла на канцэрты, дык ужо, відаць, была б на пагосце, як кажуць. Мы жывём калектывам.   

 Лісапет

На базары лісапет я прыдбала —
Найкруцейшай на сяле бабай стала.
Прыпеў:
Лісапет мой, лісапет:
Двухкалёсны і высокі.
І званок вялікі е,
Скуранэ сядло шырокэ.
На багажнік пакладу
Два мяшкі з-пад буракоў,
Я лячу цераз сяло
Лісапетам, нібы танкам.
Я ганяю па сяле і балдзею,
А спыніці лісапет шчэ не ўмею.
А на раме кум сядзіць і рагоча.
Я кажу яму: “Гад, злязай!” А ён не хоча.
Прыпеў.
Гарцавалі па сялу аж да ночы.
Абдымае мяне кум і ласкоча.
А каму якое дзела да тога,
Што катаю па сялу я кума свога.
Прыпеў.
Як я з горкі лісапет разагнала,
Там якась паскуда камень паклала.
І зрабілі з кумам мы файнэ сальто,
Ён — зубамі,
я — грудзьмі до асфальту.
Прыпеў.
Тут увесь мой лісапет і распаўся,
Дзякуй богу, кум жывы хоць застаўся.
Ды за тэ цяпер крывы і бяззубы,
Але ён мне і такі дужа любы.
Прыпеў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter