З канфiскацыяй утоенага

У Гродне адбыўся суд над 50-гадовым мясцовым жыхаром, які раней быў затрыманы ў пункце пропуску «Брузгі» супрацоўнікамі Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
У Гродне адбыўся суд над 50-гадовым мясцовым жыхаром, які раней быў затрыманы ў пункце пропуску «Брузгі» супрацоўнікамі Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

Мужчына ехаў познім вечарам на ўласным аўто праз мытны пост «Брузгі». Пры перасячэнні мяжы выбраў зялёны калідор, але прафесійная інтуіцыя падказала супрацоўнікам мытні больш пільна прыгледзецца да вадзіцеля.

У выніку выяўлена 109 прадметаў, якія перавозіліся нелегальна. Шэраг з іх эксперты аднеслі да культурна-гістарычных каштоўнасцей, а агульны кошт кантрабанды перавысіў 80 мільёнаў рублёў. Самымі дарагімі лічацца два Георгіеўскія крыжы пачатку XX стагоддзя, ацэненыя ў чатыры з паловай мільёны рублёў кожны. Столькі ж каштуюць і ўказкі для чытання Торы. Канфіскавана таксама 19 сучасных нажоў і 6 германскіх штыкоў-нажоў 30—40-х гадоў мінулага стагоддзя.

Толькі ў судзе кантрабандыст заявіў аб раскаянні ў зробленым і растлумачыў, што з’яўляецца калекцыянерам. Парушальніку прызначаны штраф у суме каля 2 млн. рублёў з канфіскацыяй незадэклараванага і ўтоенага тавару.

Таццяна КАНДРАЦЬЕВА, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter