З градак — на канцэрт.

Іх звязваюць роднасныя сувязі і любоў да музыкі.  

Дом, агарод, праца — так можна апісаць жыццё вясковага жыхара. Клопатаў заўсёды хапае. А вось на адпачынак часу не стае. Калі ж і выпадзе якая вольная хвілінка, то куды пойдзеш? Гэта ж не сталіца з філармоніяй і операй. А тэлевізар, вядома, жывых канцэртаў і спектакляў не заменіць. Праўда, жыхарам Граўжышкоўскага сельсавета Ашмянскага раёна скардзіцца на “бескультурнае” жыццё не прыходзіцца. У іх, як яны кажуць, ёсць свае кампазітары і Шапэны. Так вяскоўцы называюць народны сямейны ансамбль “Граўжанцы” сельскага Дома сямейнага адпачынку.

Бабка за дзедку

Заснаваў калектыў Вацлаў Сідаровіч. Пасля заканчэння Гродзенскага культурна-асветніцкага вучылішча ён прыйшоў працаваць у Граўжышкоўскі сельскі клуб мастацкім кіраўніком. Тры месяцы папрацаваў — і забралі ў армію. Вярнуўся ўжо на пасаду дырэктара. І паціху да культурнага жыцця пачаў прыцягваць сваіх родных: жонку, стрыечнага брата... Цяпер у калектыве — дванаццаць чалавек, звязаных роднаснымі сувязямі і любоўю да музыкі.
— Усе мы з Граўжышак, — расказвае Эдвард Булкевіч, мастацкі кіраўнік Граўжышкоўскага сельскага дома сямейнага адпачынку і стрыечны брат Вацлава Сідаровіча. — Мы вельмі любім сваю вёску, рэчку, людзей, якія там жывуць. Нездарма і калектыў так свой назвалі — “Граўжанцы”. А талент да музыкі, напэўна, ад бацькоў перадаўся.
— Вельмі хораша спявалі нашы матулі, — дабаўляе Вацлаў. — А таты танцы ігралі. Жонкі нашы — настаўніцы, таксама маюць голас, дапамагаюць у напісанні сцэнарыяў.
— Ну і дзяцей, вядома, да мастацтва прывучылі, — кажа Эдвард. — Вось і дачка, ўжо адвучыўшыся, працуе ў школе і таксама выступае ў калектыве.

Пасля скрыпкі — за касу

Цяжка і ўявіць, чым займалі б сябе жыхары Граўжышак і суседніх вёсак, калі б не іх “кампазітары”. Каляндарныя святы, юбілеі, дажынкі — усе мерапрыемствы ў вёсцы арганізоўваюць “Граўжанцы”.
— Яшчэ і косім, і дровы нарыхтоўваем, — дадае Вацлаў. — Клуб старэнькі, трэба даглядаць.
А інакш дзе будуць выступаць мясцовыя артысты?! Ды і прыезджыя таксама. Выступаюць ў сельскім доме адпачынку і калектывы з суседніх раёнаў, і нават са сталіцы.

З бульбы — на танцы?!

Самім жа граўжанцам часта прыходзіцца ездзіць і па палях, і па вёсках.
— Кожны квартал выязджаем разам з дактарамі і фельдчарамі ў дом сацыяльнага адпачынку ў суседняй вёсцы, — расказваюць браты. — Пенсіянеры, якія ў асноўным там і жывуць, купяць лекі, памераюць ціск. А пасля і канцэрт паслухаюць. І нават паспяваюць-патанцуюць разам з намі.
Прыходзіць на канцэрты “Граўжанцаў” не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь, якая любіць музыку. Зала, кажуць артысты, ніколі не пустуе.
Праўда, прызнаюцца артысты, на вёсцы арганізоўваць і канцэрты, і дыскатэкі больш складана.
— Добра зімой — ёсць час. Дык стараемся ўсе сцэнарыі загадзя падрыхтаваць, — расказвае Эдвард. — Бо потым як пойдзе... Бульбу садзіць, бульбу капаць. А калі ёсць нейкі запас, то ўжо лягчэй. Што і казаць, цяжэй тут працаваць. Нават моладзь пазней на дыскатэку прыходзіць, бо дапамагае бацькам. На вёсцы работы хапае.

Фестывальныя радасці

Між іншым, “Граўжанцы” стараюцца знайсці час, каб яшчэ ў розных конкурсах і фестывалях паўдзельнічаць. Вось, напрыклад, зусім нядаўна артысты вярнуліся з IV Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. Нават не з пустымі рукамі — з дыпломам за спалучэнне жанраў творчасці.
— Гэтыя фестывалі заўсёды так цікава праходзяць, — расказваюць браты. — Знаёмімся з сем’ямі, пачынаем сябраваць. Плачам, калі прыходзіць час раз’язджацца.
Уявіць сваё жыццё без музыкі “Граўжанцы” ўжо не могуць. Прызнаюцца, так уцягнуліся, што ім не страшна нават да адзінаццаці вечара рэпеціраваць, няхай і пасля цяжкай вясковай працы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter