З году ў год шырыць кола карагод

У горадзе над Сожам разгортвалася палатно адной з відовішчных і яркіх культурных падзей...

Бяру на сябе смеласць зазначыць: з аднаго боку, адчуваннем настраёвай узнёсласці, з другога — ірэальнасці ўсяго, што адбывалася вакол, жылі на мінулым тыдні многія жыхары і госці Гомеля, культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2011 года. У горадзе над Сожам на працягу чатырох дзён ткалася, разгортвалася палатно адной з відовішчных і яркіх культурных падзей міжнароднага маштабу — фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод». Некалькі дзесяткаў аматарскіх і прафесійных калектываў, каля 400 артыстаў з рэгіёнаў Беларусі, Грузіі, Расіі, Украіны, Італіі, Францыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы і іншых краін з’ехаліся сюды, каб прадэманстраваць свае напрацоўкі ў танцавальных жанрах, лексікай выразных па перадаць гледачам цеплыню і шчодрасць сваіх душ, каларыстыку нацыянальных традыцый.

А пачалося ўсё з... машыны часу, якая вокамгненна перанесла гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра ў незнаёмую іншапланетную прастору. Туды, дзе зараджалася жыццё ў Сусвеце, дзе эфектна з’яўляліся на полі велізарныя шары, дажджом сыпаліся на галовы пяціметровых вогненных істот на хадулях каметы і астэроіды, дзе сустрэча з нябеснымі целамі і зорнымі карагодамі Вялікай Мядзведзіцы магла проста ператварыцца з мары ў рэальнасць... Арыгінальная ідэя галоўнага рэжысёра фестывальнага шоу Пятра Свярдлова — зрабіць нешта новае, ператварыць вялікую пляцоўку ў сусветную прастору з яе касмічнымі карцінкамі і вобразамі аказалася ўдалай і прыязна ўспрынята большасцю з тых, хто, нягледзячы на вячэрні холад, паспяшаў на трыбуны гарадскога стадыёна «Цэнтральны». Відовішчнае харэаграфічнае дзейства амаль з дзвюма тысячамі ўдзельнікаў вянчалі салют і феерычнае піратэхнічна-лазернае шоу васьмі тэатраў агню.

— «Сожскі карагод» не проста культурна-забаўляльны праект, — акрэсліў мэты фестывалю, звяртаючыся да ўдзельнікаў і шматлікіх гледачоў на адкрыцці фестывалю, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. — Ён закліканы прапагандаваць, захоўваць і развіваць харэаграфію як адзін з відаў мастацтва, умацоўваць творчыя сувязі і ўзаемадзеянне нацыянальных культур...

Дарэчы, экзатычныя малюнкі будзілі ўяўленні не толькі на стадыёне, але і сярод паркавых дрэў Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. Заяўленая «Музычная асамблея» сустрэла тут аматараў перфоманса і іншай «экзотыкі» не толькі цудоўнай музыкай і пластычным эквілібрам тэатра «Квадра», але і танцамі «Полымя», дзе вольна пачувалі сябе жывыя скульптуры, друіды, мімы і іншыя фантастычныя персанажы.

— Гэта чароўна і здорава, мы не бачылі нічога падобнага, — падзяліўся з «Р» захапленнем кіраўнік танцавальнай школы з французскага горада Клермон Феррана Селін Мармела. — Атмасфера такая, што хочацца спаўна падзяліцца з гамяльчанамі сваімі танцавальнымі дасягненнямі...

А побач, на сцэне грамадска-культурнага цэнтра, тым часам адбывалі-ся іншыя чараўніцтвы. Палкі тэмперамент, каларытныя касцюмы і проста неверагодная тэхніка танца — з поўным аншлагам тут у рамках «Сожскага карагода» прайшло выступленне Нацыянальнага балета Грузіі імя Іліко Сухішвілі і Ніно Рамішвілі. Каля 70 гадоў некалькі пакаленняў танцораў гэтага яркага і самабытнага калектыву адкрываюць гледачам самыя патайныя куточкі гарачага грузінскага сэрца, якое не можа без танца. Сваё майстэрства ў культурнай сталіцы ў гэтыя дні прадэманстравалі і іншыя, не менш адметныя прафесійныя калектывы: дзяржаўныя ансамблі танца Рэспублікі Беларусь і «Лала» з Таджыкістана, Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, гурт «Беларусы», уладальніца Гран-пры «Славянскага базару ў Віцебску» спявачка Алена Ланская.

Пакуль у зале гарадскога цэнтра культуры праходзіў прагляд конкурсных праграм выканаўцаў сучасных харэаграфічных пастановак, народных, эстрадных танцаў, побач, у Палацы гульнявых відаў спорту, запрашалі гледачоў на свой відовішчны фэст каля 300 пар — удзельніц Міжнароднага турніру па спартыўных бальных танцах на Кубак Гомеля «Залатая рысь». Ён праводзіўся ў лацінаамерыканскай і еўрапейскай праграмах пры падтрымцы Сусветнай федэрацыі танцавальнага спорту і з’явіўся сур’ёзным экзаменам для прадстаўнікоў 10 краін-удзельніц. Паказаць высокі клас майстэрства, адметнасць касцюмаў, пластыку, вытанчанасць рухаў і фігур на паркеце пад гукі румбы, самбы, ча-ча-ча мелi магчымасць   не толькі тыя, хто пачынае, але і прадстаўнікi сусветнага танцавальнага рэйтынгу, якія былі сярод удзель-нікаў «Залатой рысі». Напал і размах дзей між тым узрасталі: у іх арганічна ўпісаліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада. Цяпер ужо рэчышча фестывальнай ракі пачалі поўніць жыватворныя ручаі і крыніцы дзясяткаў канцэртных пляцовак ва ўсіх кутках Гомеля — ад пасёлка шклавараў Касцюкоўкі, дзе сваю песенна-харэаграфічную праграму шырока прадставілі лаўрэаты «Сожскага карагода» — калектывы Палаца культуры ААТ «Гомельшкло», да зарэчнай Навабеліцы. Танец вырваўся са сцен канцэртных залаў і ператварыўся ў захапляючы карнавал. Практычна ўвесь горад стаў адзінай сцэнічнай пляцоўкай, а яго вуліцы — мясцовымі Арбатамі, Крэшчацікамі — з прэзентацыямі артыстаў, мастакоў, народных майстроў, кірмашамі ідэй, стылягамі а-ля 60-я гады, вулічнымі танцорамі, музыкантамі і вясёлымі гандлярамі. Эпіцэнтрам гэтых падзей, вядома ж, стала цэнтральная плошча, на якой завіхурылі-затанчылі разам з афіцыйнымі ўдзельнікамі свята творчыя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый абласнога цэнтра. Што ж, гамяльчане чарговы раз спаўна пацвердзілі сваё ўменне ствараць пазітыўны настрой, радаваць і захапляць. Дарэчы, не абысці ўвагай і адметную, унікальную з’яву, сведкамі якой сталі ў гэтыя дні многія. Фестываль... нарадзіў фестываль. У рамках свята харэаграфічнага мастацтва на пляцоўцы каля гомельскага цырка распачалі выступленні артысты з 12 цыркавых студый Беларусі і Украіны. Сярод удзельнікаў Першага ўсебеларускага фэсту цыркавых калектываў — фіналісты расійскага тэлепраекта «Мінута славы», выхаванцы вядомай узорнай цыркавой студыі «Арэна» з Мазыра. Арганізатары і члены журы фестывалю пакуль разважаюць: застанецца цыркавая навацыя адной з частак «Сожскага карагода» або выльецца ў асобны фестывальны рух? Пагаджаюцца ж у адзіным: заяўка зроблена сур’ёзная і цыркавы рух на Беларусі павінен развівацца, у тым ліку і шляхам пераймання лепшага на падобных мерапрыемствах.

Можна было б, вядома, распавесці яшчэ шмат аб чым цікавым, што адбывалася на «Сожскім карагодзе». Усе ўдзельнікі адзначалi высокую арганізаванасць мерапрыемстваў і выключную гасціннасць гамяльчан. Між тым усё, нават самае добрае і прываблівае, мае асаблівасць заканчвацца. У абноўленым Палацы культуры чыгуначнікаў, у самай вялiкай зале го-рада,  прагучалі заключныя акорды VI Міжнароднага фестывалю.

Галоўны прыз фестывалю — статуэтка з выявай залатога бусла знайшла свайго ўладальніка. Яна прысуджана танцавальнаму калектыву кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва, якім кіруе загадчык названай кафедры Святлана Гуткоўская. Харэаграфічная кампазіцыя «Цапы» гэтага калектыву прызнана лепшай балетмайстарскай работай у намінацыі «Народна-сцэнічны танец». Сярод лепшых калектываў па выніках іншых намінацый фестывалю — фолкс-дэнс-група «Хопсані» з Эстоніі, народны харэаграфічны ансамбль «Алеся» з Магілёўскага каледжа мастацтваў, народны калектыў брэйк-данса «Фолс-Фані-Крю» з Гомеля, узорны ансамбль танца «Юнацтва» Бранскага абласнога дома дзіцячай і юнацкай творчасці, калектыў студыі «Дзяцінства» Бранскага цэнтра пазашкольнай работы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter