Белорусский писатель Алексей Слесаренко снимался у Эйзенштейна и Довженко

З экрана — на фронт

Кнігу ўспамінаў Аляксея Слесарэнкі, стагадовы юбілей якога мы сёння адзначаем, я атрымала ў падарунак у шаснаццаць гадоў. Прачытала не адрываючыся. Імёны герояў гучалі легендай: Сяргей Эйзенштэйн, Аляксандр Даўжэнка, Аляксандр Пудоўкін, Грыгорый Аляксандраў, Павел Малчанаў, Пётр Алейнікаў... 


Праз гады я сустрэлася з аўтарам успамінаў — у гасцях у паэта Максіма Лужаніна, былога сакратара Якуба Коласа. Аляксей Слесарэнка, сівы, з кульбачкай, пінжак — у баявых ордэнах (адзначалі Дзень Перамогі), запамінаўся яшчэ і выразным, звонкім голасам. Васіль Быкаў неяк ахарактарызаваў яго: «Наш нястомны жартаўнік, аматар дасціпнага выразу, нястомны прапагандыст беларускага мастацкага слова і пісьменнік».

Узгадаем некалькі цікавых фактаў пра юбіляра.

Быў палескім рабінзонам

У 1934-м дзесяцігадовага Аляксея выбралі на ролю ў экранізацыі «Палескіх рабінзонаў». Кінастудыя знаходзілася ў Ленінградзе, даверылі фільм маладым рэжысёрам Іосіфу Бахару і Пятру Малчанаву. Слесарэнка іграў Мірона, аднаго з двух галоўных герояў, таго, што больш разважлівы. Свет кіно назаўсёды захапіў хлопчыка. Тым больш на ганарар сям’я змагла набыць хату ў Любечы. 


З’явіўся ў кадры разам з Леанідам Уцёсавым

Пасля выхаду «Палескіх рабінзонаў» на Слесарэнку абрынулася ўсесаюзная слава: хлопчыка пазнавалі, дасылалі лісты «Мірону». Вундэркінда накіравалі на вучобу ў Маскоўскую студыю кінаакцёра. Памятаеце бессмяротны фільм Аляксандрава «Веселые ребята»? Малады пастух, якога іграе Леанід Уцёсаў, ідзе і пяе: «Легко на сердце от песни веселой». І нейкі момант побач з ім подбегам крочыць светлавалосы падпасак... Гэта і ёсць будучы беларускі пісьменнік Аляксей Слесарэнка!

Быў удзельнікам зніклай кінастужкі Эйзенштэйна

Такой ролі, як Мірон, Слесарэнку больш не дасталася. Але яго ахвотна здымалі ў эпізадычных ролях славутыя рэжысёры, напрыклад Аляксандр Даўжэнка ў фільме «Аэраград». Дарэчы, Слесарэнка пасля напіша пра славутага рэжысёра кнігу. Аднойчы Аляксея запрасіў сам Сяргей Эйзенштэйн зняцца ў фільме «Бежын луг». Гэта быў незвычайны сінтэз апавядання Тургенева і гісторыі Паўліка Марозава. Галоўную ролю, хлопчыка Сцепанка, іграла актрыса. Аляксей Слесарэнка быў адным з таварышаў Сцепанка. Вядома, геніяльны Эйзенштэйн не мог зняць проста агітку — крытыкі ўгледжваюць у сцэнарыі і ў кадрах і біблейскія матывы, і фармалістычныя пошукі. Фільм пераздымалі, сцэнарый перарабляў Ісаак Бабель. Але ўрэшце стужку забаранілі, не даўшы дазняць. Плёнкі загінулі падчас вайны. 

Быў адным з захавальнікаў беларускай школы мастацкага чытання

Аляксей Слесарэнка прайшоў вайну ад Вялікіх Лук да Берліна, з арміі мабілізаваўся толькі ў 1953-м. Чым заняцца? Ролі ў кіно не прапаноўвалі. Тады Слесарэнка адкрыў для сябе магчымасць мастацкага чытання. Скончыў завочныя курсы пры Усесаюзным доме народнай творчасці. Як пісаў Васіль Быкаў, «мабыць, няма ў Беларусі самага далёкага куточка, самай непрыкметнай вёсачкі, дзе б хоць аднойчы не пабываў са сваім канцэртам артыст і чытальнік Аляксей Слесарэнка».

1964 год. Мiнская вобласць, Стаўбцоўскi раён, Смольня. Злева направа: Юзэф Мiцкевiч (родны брат Якуба Коласа), Аляўцiна Цiмафееўна Мiцкевiч (жонка Д.К.Мiцкевiча) з дачкой Верай, Аляксей Слесарэнка (пiсьменнiк, акцёр), Павел Маўчанаў (народны артыст БССР i СССР) i Данiла Канстанцiнавiч Мiцкевiч (сын Якуба Коласа).

Прапагандаваў творчасць Якуба Коласа

Сын Коласа Міхась Міцкевіч успамінае: «Аднойчы ў двор зайшоў вайсковец у капітанскіх пагонах і, саромячыся, запытаўся ў мяне, ці можна пабачыць Коласа. Я кудысьці спяшаўся, часу не было яго правесці, і я сказаў: «Падымайцеся на другі паверх, бацька дома і прыме вас. Ён вельмі прыхільна ставіцца да вайскоўцаў». Так увайшоў у наш дом Аляксей Слесарэнка. Ён расказаў бацьку, што яшчэ са школьных гадоў палюбілася яму паэзія Коласа: ён хоча заняцца чытаннем твораў са сцэны. Як неаднаразова ўспамінаў Слесарэнка, Колас даў дабро, але пацікавіўся: «Ці хопіць у вас на гэта беларускага цярпення?» Хапіла. Дзесяць тысяч вечароў гучаў яго голас са сцэн клубаў, школ Беларусі і за межамі яе».

Аляксей Слесарэнка памёр у 2005 годзе. Спадзяюся, што яго кнігі не забудуцца чытачамі.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter