З чыстага аркуша

У праваслаўных пачалася Страсная СядміцаПазаўчора Уваскрэсенне Хрыстова адзначылі каталікі, гэтаю нядзеляю — чарга праваслаўных вернікаў сабрацца ў храмах на найгалоўнейшае свята года. Гэта тыдзень строгага посту: вернікі згадваюць апошнія дні зямнога жыцця Хрыста і яго пакуты. Да таго ж да ўрачыстасці трэба як след падрыхтавацца: царква і народныя звычаі раяць к Вялікадню ачысціць дом ад усяго лішняга.

Сёння — Вялікі аўторак, і ў доме не павінна застацца нічога бруднага, каб на жывёлу і людзей не напалі хваробы. Серада завецца “драўлянай” і заўтра належыць вымыць усе драўляныя рэчы ў хаце. На вёсцы пад страху яшчэ клалі хлеб, соль і мыла, якія потым лічыліся засцярогамі ад хвароб і рознай нечысці.
Чысты чацвер — асаблівы. Гэта дзень “генеральнага дагляду” дома. “Чысты чацвер вулкі чысціць, дваркі мяце, сляды кладзе к Святому Вялічку”, — кажа народная прымаўка. Не забудзьце абавязкова не толькі давесці хату да ладу, але і самі памыйцеся, каб быць здаровымі ўвесь год. З даўніх часоў людзі верылі ў магічную, ачышчальную сілу вады, а ў такі святы дзень яна і праўда мусіць памагчы.
Вялікая пятніца — дзень строгага посту перад Вялікай суботай — часам кулінарных прыгатаванняў, выпечкі пірагоў, фарбавання яек. У суботу абавязкова трэба наведаць храм і асвяціць прадукты. Вечарам жа ў цэрквах пачнецца святочнае набажэнства — Усяночная, найбольш велічнае за ўвесь год.
У нядзелю — Вялікдзень, калі Хрыстос паўстаў з мёртвых. “Хрыстос уваскрос, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў”, — прамовяць святары ў храмах.
Вернікі таксама будуць вітаць адзін аднаго:
— Хрыстос уваскрос!
— Сапраўды ўваскрос!
Паводле падання, традыцыя фарбаваць яйкі ўзнікла гэтак. Марыя Магдаліна, прапаведуючы, прыйшла да рымскага імператара Тыберыя і падала яму яечка са словамі: “Хрыстос уваскрос!” І раптам у руках валадара звычайнае яечка стала ружавець і ўрэшце змяніла колер на ярка-чырвоны. Гэта змусіла манарха прызнаць праўду Марыі і ісціннасць Хрыстовай веры.
Хай і ваша жыццё напоўніцца верай ды пачнецца з гэтага тыдня як з чыстага аркуша.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter