«Лістапад» адкрое стужка эстонскага рэжысёра Ільмара Раага «Я не вярнуся»

З чырвонай дарожкай пакуль пачакаем

Адкрыццё Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» пройдзе заўтра ўвечары ў кінатэатры «Масква». Статус галоўнай пляцоўкі ён атрымаў упершыню. Да радасці прыхільнікаў кінафоруму. У апошнія гады чуліся з іх боку нараканні на нязручнасць: цырымонія адкрыцця адбывалася ў адным месцы, а фільм, які яе суправаджаў, паказвалі ў другім. Абноўлены і добра аснашчаны кінатэатр «Масква» ўмяшчальнасцю 700 чалавек выдатна падыходзіць для таго, каб годна правесці ўрачыстасць і якасна прадэманстраваць кінакарціну, створаную з прымяненнем сучасных тэхналогій.

5_з-чырвонай.png

Сёлета фільмам адкрыцця стане стужка эстонскага рэжысёра Ільмара Раага «Я не вярнуся». Гэта гісторыя 23-гадовай аспіранткі Ганны, якая вырасла ў дзіцячым доме. Яна выкладае літаратуру ва ўніверсітэце, у яе раман з прафесарам, але ў адзін момант жыццё рэзка мяняецца. Дзяўчыну абвінавачваюць у распаўсюджванні наркотыкаў. Скарыстаўшыся сваёй юнай знешнасцю, Ганна прыкідваецца падлеткам і вяртаецца ў дзіцячы дом, дзе сустракае Крысціну. Удзвюх яны ўцякаюць, адна — ад фальшывага абвінавачвання, другая — да бабулі ў Казахстан. Гэтая дарога стане пачаткам новага жыцця для Ганны. 

Карціна знята сумесна кінематаграфістамі Расіі, Эстоніі, Беларусі, Казахстана і Фінляндыі. Крытыкі параўноўваюць яе з працамі расійскага рэжысёра Аляксея Балабанава, вядома, што Ільмар Рааг яго прыхільнік. Дарэчы, адразу пасля фестывалю стужка «Я не вярнуся» выйдзе ў сталічны пракат.

У гэты раз на адкрыцці форуму не будзе так званай чырвонай дарожкі. На мой погляд, пэўны сэнс у такім рашэнні ёсць. Бо якая з яе карысць? Па-першае, лістапад у Мінску – гэта не май у курортным Кане. Ідуць, бывала, па той дарожцы госці ў паліто, ад ветру хутаючыся, іншы раз і пад дажджом. А па-другое, калі шчыра, ці многа бачылі мы на ёй сапраўды зоркавых персон? Такіх, за якімі палююць папарацы, да якіх кідаецца натоўп прыхільнікаў і дзеля якіх аматарам кіно лістападаўскім  халодным вечарам не шкада часу стаяць у чаканні ўздоўж той самай чырвонай дарожкі.

Арганізатары фестывалю не ўтойваюць: канешне, хацелася б і дарожку, і крыху гламуру, але… выдатна разумеюць, што чырвоныя дарожкі пачынаюцца там, дзе ёсць індустрыя кіно. І зоркі першай велічыні з’яўляюцца на іх толькі ў двух выпадках: альбо за вялікія ганарары, альбо для прасоўвання сваіх фільмаў дзеля заключэння далейшых здзелак на буйных кінарынках. Ні таго ні другога «Лістапад» пакуль прапанаваць не можа. Таму, лічыць дырэктар фестывальных праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў, ісці трэба іншым шляхам – замацоўвацца, усталёўвацца ў міжнародным кінасвеце, заводзіць у ім большае кола сяброў, якія наш фестываль любяць і паважаюць. А грашовыя ўкладанні рабіць не ў прыезд, як некалі, прыгожай Арнэлы Муці, якая памахала ручкай і ўсё, а запрашаць у Мінск аўтараў фільмаў, якія ствараюць сёння сучасную гісторыю кіно і добрымі сувязямі з якімі можна ганарыцца. Такія людзі на фестывалі сёлета будуць. 

Праўда, перамовы наконт удзелу зорак усё ж вядуцца. Імёнаў не называюць, але, магчыма, пад заслону на фестывалі з’явіцца адна з вядомых кінаперсон. Ну а калі не, дык фармат цырымоній адкрыцця і закрыцця будзе такім, якім і плануюць яго арганізатары фестывалю, з акцэнтам на фільмах — удзельніках праграмы і іх аўтарах, як гэта прынята на многіх усходнееўрапейскіх кінафорумах. 

Адкрыццё «Лістапада» ўпрыгожыць выступленне французскай спявачкі Жыль Эгро, якая выконвае рэпертуар Эдзіт Піяф. Менавіта яе голас гучыць у музычных партыях знакамітага фільма «Жыццё ў ружовым святле», які расказвае пра лёс славутага «Верабейчыка Парыжа».

Закрываць фестываль будзе грузінская група Asea Sool. Яе музыканты напісалі саўндтрэк да мастацкага фільма «Мая русалка, мая Ларэляй», уключанага ў пазаконкурсную праграму «Лістапада». Гэта – новая работа рэжысёра Наны Джарджадзэ, прызёра Канскага фестывалю 1987 года. Дарэчы, пакажуць на закрыцці  форуму французскую стужку «Тры сэрцы» Бенуа Жако.

ХХІ Мінскі Міжнародны кінафестываль пройдзе з 7-га па 14 лістапада. Усяго ў яго праграме – 163 фільмы розных жанраў з 47 краін свету і пяці кантынентаў. 

Дэвіз сёлетняга форуму – «Такое рознае кіно!». І яго варта глядзець. Каб знайсці сваё сярод іншага.

Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter