З барадой ды за партай

Напярэдадні святаў у Полацку працавала сапраўдная школа Дзядоў Марозаў.
Напярэдадні святаў у Полацку працавала сапраўдная школа Дзядоў Марозаў. Будучых чараўнікоў вучылі правільна вадзіць карагоды і праводзіць конкурсы з дзецьмі.


Менавіта сёння, 24 снежня, напярэдадні каталіцкага свята Божага Нараджэння, сівавалосых вучняў чакае экзамен. Урачысты выпуск школы Дзядоў Марозаў адбудзецца на полацкай плошчы Свабоды перад дванаццаццю членамі экзаменацыйнай камісіі — увасабленнем дванацацці месяцаў і чатырох пор года. А дагэтуль будучыя Дзяды Марозы спасцігалі няпростую навуку. Сярод прадметаў, якія выкладаюцца ў незвычайнай школе, — акцёрскае майстэрства, сцэнічная мова, грым і правілы яго нанясення, традыцыі Новага года, харэаграфія, асновы гульнявых праграм, выраб навагодніх сувеніраў, рознаўзроставая псіхалогія, тэхніка бяспекі, медыцынскія веды і абавязкова прафесійная этыка. Выкладчыкі — педагогі-арганізатары, псіхолагі, работнікі бібліятэк, рэжысёры, урачы, народныя майстры.

У выпускным класе полацкай школы Дзядоў Марозаў — каля трыццаці вучняў. Нягледзячы на назву, за партамі сядзелі і Снягуркі — дзядулю ў чараўніцтве без унучкі ніяк не абысціся. Дзяўчат асабліва цікавіла нанясенне грыму. Аказваецца, іней на бровах можна зрабіць з дапамогай зубной пасты, а каб памада трымалася на вуснах даўжэй, іх трэба спярша прыпудрыць мукой.

Пасля здачы экзаменаў выпускнікі змогуць прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Ужо кваліфікаваныя спецыялісты — Дзяды Марозы і Снягуркі — прымуць удзел у запальванні галоўнай полацкай святочнай ёлкі і ў іншых навагодніх мерапрыемствах, якія пройдуць ва ўсіх мікрараёнах Полацка.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter