З Анатолем Бутэвічам — у госці да вечнасці

Лiтаратурны псеўданiм Анатоля Бутэвiча — Валошка — робiцца зусiм зразумелым, калi знаёмiшся з творчасцю пiсьменнiка. З маладых гадоў, ад часоў карэспандэнта раённай, а пасля маладзёжнай рэспублiканскай газеты, i да сталага веку, ужо з вышынi салiдных дзяржаўных пасад, ён захаваў у сабе зайздросную здольнасць бачыць, як “над каласiстым полем калышацца рухомая дажджавая фiранка”, чуць подых блiзкай навальнiцы, а галоўнае — аддана любiць “Богам народжанае гняздзечка-жытло беларусаў”. Сёння аўтар шэрагу адметных перакладаў i твораў прозы, у лiку якiх i серыя кнiжак пра “сем цудаў Беларусi”, пiсьменнiк Анатоль Бутэвiч — госць “Народнай газеты”.

DADA.jpg— Анатоль Iванавiч, перш за ўсё хацеў бы задаць такое пытанне: як ставiцеся да праекта “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусi” Вы як аўтар аднайменнай серыi кнiжак, частка з якiх ужо выйшла з друку? Цi не адчуваеце тут пэўнай канкурэнцыi, гэтак уласцiвай нашым новым рэалiям?
— Па-першае, я не маю манаполii на цуды, хай сабе нават беларускiя. Па-другое, i не хачу яе мець. А што да канкурэнцыi, то хай як мага больш будзе такiх канкурэнтаў. Дзякаваць Богу, зямелька наша мае незлiчоную колькасць вядомых, малавядомых, забытых i таму зусiм невядомых нам, сённяшнiм, падзей, фактаў, з’яў, асобаў, помнiкаў, якiя могуць стацца аб’ектам не толькi публiкацый, але i фiльмаў, iншай формы мастацкага ўвасаблення. Так што хлеба гэтага “цудоўнага” хопiць надоўга i многiм. Буду з нецярпеннем чакаць “сямiцуднай” “Народнай газеты”, каб i самому нешта цiкавае адкрыць i запомнiць.
Больш таго, я проста перакананы, што кнiгi з серыi “Сем цудаў” можна пiсаць бясконца. Крышку самацытавання. Са звароту да чытачоў маёй першай кнiгi з гэтай серыi “У гасцях у вечнасцi”: “Бо лiтаральна кожная мясцiнка нашай Беларусi багатая на знаныя i непаўторныя асобы, захапляльныя падзеi i незвычайныя здарэннi. Варта толькi ўмець iх прыкмецiць, захацець даведацца пра iх як мага больш. Пастарайся i ты знайсцi сваю дарогу да таго спракавечнага i спаконвечнага, што схавана за заслонай часу... Зазiрнi за намiтку гiсторыi, варухнi памяць свайго краю, сваёй вёскi, горада, вулiцы, двара i ты ўбачыш, колькi там залацiнак, якiя яркiя i звабныя фарбы, якiя непаўторныя лёсы, факты, падзеi. Не лянуйся — знаходзiць той, хто шукае...”
Хай бы сёе-тое з названага i не названага тут стала аб’ектам публiкацый i вашай газеты. Мяркую, што новая рубрыка акурат для гэтага.
— Працуючы над кнiгай, адкрываючы чытачам Беларусь, вы, можа, i самi для сябе нешта нечаканае адкрылi?
— Найперш адкрыў Беларусь. Дакладней, адкрываю. Бо, на наша няшчасце, нават мы, гуманiтарыi, якiя атрымлiвалi унiверсiтэцкую адукацыю ў далёкiя ўжо 60-я гады мiнулага стагоддзя, названыя “гадамi хрушчоўскай адлiгi”, нават сусветную гiсторыю вучылi толькi “iдэалагiчна вывераную”, а гiсторыю Беларусi “давяралi” нам у такiм абгрызеным аб’ёме i змесце, што i згадваць сорамна. Таму цi маглi мы дасканала ведаць яе? Вось цяпер даводзiцца даганяць.
Працуючы над серыяй гэтых кнiг, я зразумеў, што захварэў. Захварэў невылечна. Але нi кропелькi не шкадую. Бо захварэў на гiсторыю маёй Радзiмы i майго народа. Хай бы i iншых не абмiнула гэткая хвароба, то не было б большай карысцi для маладога арганiзма нашай незалежнай Беларусi.
— Вы чуеце слова “Беларусь”. Якiя першыя асацыяцыi ўзнiкаюць пры гэтым? Што ўсплывае перад вачыма? Што адчуваеце?
— Бачу травянiстую дарогу з блакiтнавокiмi васiлькамi-валошкамi паабапал. Яна вiхляе-выгiбаецца мiж высокага жыта, якое так расхiстана пераднавальнiчным ветрам, што нагадвае бясконцы хлебны акiян. Гэта, вядома, сённяшняе параўнанне, бо дзе ж я ў незваротна-далёкiм хутарскiм маленстве мог бачыць той акiян? Акрамя трывожна-палохаючай i зманлiвай крутабокiмi залацiстымi карасямi глыбiнi Ткачовага луга iншай вады на нашым хутары Язавец, што ў Нясвiжскiм раёне, не было. І сёння ўвачавiдкi бачу, як над каласiстым полем калышацца рухомая дажджавая фiранка, што неўзабаве атуляе i мяне. А я, напалоханы i ўзбуджаны, чамусьцi са смехам шыюся пад нахiленыя долу вусатыя каласы i маленькiя галоўкi-шапачкi здзiўленых валошкаў — нiбыта яны могуць схаваць мяне ад дажджу, якi радасна шпокае i па каласах, i па дарозе, i па маёй мiгам змакрэлай вопратцы.
Чую магутна-папераджальны грукат грому, ад якога ажно калоцiцца пада мной зямля — цi мо гэта маё сэрца яе калыша, бо я ратавальна прынiкаю да яе, прыцiскаюся ўсiм целам, не разумеючы, што благое зрабiў я Перуну-грамавержцу, якi на ўвесь свет так сварыцца на мяне?..
Адчуваю непаўторна-казытлiвы пах свежага — толькi што з хатняй печы — вялiкага хлебнага бохана з выцiснутым пальцамi крыжыкам на карычняватай верхняй скарынцы. Нашы ўмольна-прагавiтыя дзiцячыя погляды не дапамагаюць — бохан да часу хаваецца пад iльняным ручнiком на покуцi, каб адпачыць i выпрабаваць наш апетыт... Той хлебны дух дагэтуль такi моцны i знясiльваючы, што ажно слiнкi цякуць.
Чую словы вядомай песнi “Каб любiць Беларусь нашу мiлую...” i спрачаюся, а пасля пагаджаюся з iмi. Спрачаюся — бо мой бацька з мацi (i не адны яны) далей за наш Мiнск нiдзе не былi. Але ж хiба яны не любiлi сваю зямельку, свой беларускi куточак, хiба не аддавалi iм усе свае сiлы, усё жыццё — даастатку? Пагаджаюся — бо, паездзiўшы па свеце i наяве спазнаўшы тугу па Радзiме, навучыўся любiць яе яшчэ мацней, хоць i нейкай iншай ужо любоўю...
А ўвушшу гучаць словы iншай песнi “Люблю наш край, старонку гэту...”, i сэрца заходзiцца ад разумення, што гэта — маё, наша, маiх дзяцей i ўнукаў, што было яно, ёсць i будзе пад дабрадзейным небам сусвету — Богам народжанае гняздзечка-жытло беларусаў.
Перад вачыма паўстае стромкая Полацкая Сафiйка, цудадзейная Барысаглебская Каложская цэркаўка на далонях бацькi-Нёмана, палярынай адвечнасцi ахiнутая i дабрадзейнасцю стагоддзяў насычаная Спаса-Праабражэнская царква Полацкага манастыра...
Шмат што згадваецца. Але цi пазнаюць менавiта па гэтым маю Беларусь iншыя?
— Ваша бачанне нацыянальнай iдэi? Гэта — прыдуманая некiм абстракцыя альбо рэальнае паняцце, да спасцiжэння i рэалiзацыi якога варта iмкнуцца кожнай нацыi?
— Нiколi моцна над гэтым не задумваўся. Але калi адразу i коратка — то варта ўзгадаць касiнераў Кастуся Калiноўскага i iхнi пароль-водгук. Калi не памыляюся, яны гучалi так:
“Каго любiш?” — “Люблю Беларусь.” — “То ўзаемна”.
Што тут можна дадаць? Мудрыя словы. Простыя. Звычайныя. Чалавечыя. Калi некага любiш (не, не адно кахаеш), хiба станеш рабiць яму шкоду? Хiба не будзеш памкненнi свае i само жыццё аддаваць за ягоную волю, свабоду i шчасце? Як кажа царкоўная мудрасць: “за други своя”.
Прыпамiнаецца: год цi два таму на адной з сустрэч са сваiмi чытачамi ў адным з мiнскiх каледжаў мне задалi такое ж пытанне. Адказаў гэтак жа. I, о дзiва! — праз пэўны час сустракаю настаўнiцу, якая была на сустрэчы. І яна сапраўды ажно да слёз пацешыла мяне. Кажа, што вучнi цэлае паўгоддзе вiталiся мiж сабой гэтым паролем...
— Што такое, на ваша разуменне, гiстарычная памяць народа? Веданне старажытных рукапiсаў, адметных падзей, традыцый цi нешта большае?
— На мой погляд, гiстарычная памяць народа — гэта магчымасць i здольнасць рэальна суадносiць сябе i свой шлях з усiм тым, што i як адбывалася ў свеце, не прынiжаючы i не ўзвышаючы нi сябе, нi iншых, не выракацца нiводнай старонкi сваёй уласнай гiсторыi, не саромецца яе, але i не аддаваць безаглядна iншым тое, што па праву i па законах грамадскага развiцця належыць менавiта нам.
— На працягу бясконцага руху эпох кожная нацыя перажывае як узлёты, так i падзеннi. Вы, не сумняваюся, i самi, наведваючы iншыя краiны, былi сведкам таго, як людзi, iмкнучыся ўзвысiць свае нацыi, прыгадвалi толькi перыяды неверагодных, часам сапраўды ўразлiвых, узлётаў уласных продкаў i даходзiлi пры гэтым да сцвярджэння, што менавiта яны, iх продкi, з’яўляюцца роданачальнiкамi цывiлiзацыi на Зямлi. Можна назваць гэта наiўнасцю, а можна — i праяваю патрыятызму. А як вы разумееце патрыятызм?
— Што ж зробiш? Не намi сказана: “Слаб человек”. Ды не варта забывацца, што Богава — Богу... Грэх самасцi — цяжкi грэх. Патрыятызм, як на маё разуменне, гэта найперш жаданне i здольнасць заўсёды i ва ўсiм быць са сваёй краiнай, са сваiм народам, ды яшчэ i самiм сабой. А ўсё iншае — вытворнае з гэтага. Здраднiкаў i вырадкаў не любiлi нiколi i нiдзе.
Аднак жа сказаў у свой час В.Дунiн-Марцiнкевiч:

Што мне пекны Парыж, Рым  прыгожы i слынны,
Што швейцарскiя горы, старыя  Афiны.
Што мне Вена, што мне Лондан  туманны...
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы.

— Характэрныя рысы нацыi... Адным прыпiсваюць прыродную гарачнасць, другiм — халоднасць, адным скупасць, другiм — шчодрасць i г.д. Цi даводзiлася вам задумвацца, наколькi ўсё гэта правамоцна? А калi асаблiвасцi нацыянальнага характару ўсё ж iснуюць, то дзе iх першакрынiца? Чым яны могуць быць народжаны i абумоўлены? I што найбольш адлюстроўвае аблiчча “сярэднестатыстычнага” беларуса, да якога лiтаральна прылiпла азначэнне “талерантнасць”?
— Так, я мяркую, што кожная нацыя мае свае характэрныя i адметныя рысы. Толькi ў адных яны яўна i рэзка выяўленыя i таму мо дамiнуе не адна, у iншых — менш выяўна, часам расплывiста i мо таму не надта iндывiдуальна, не пераканаўча самадастаткова. Абумоўлены ж яны, на мой погляд, найперш прыроднымi ўмовамi. Не будзе ж аднолькавы характар у стэпавага жыхара i дзiцяцi лесу цi вады. А што да талерантнасцi... Я хутчэй скарыстаў бы рускае “рассудительный”. Гэта трошкi не тое, што “разважны”.
Шмат стагоддзяў нашы прашчуры i продкi намагалiся жыць гарманiчна, у суладдзi з прыродай i ў самой прыродзе. I жылi. Дахрысцiянская вера беларусаў была прасякнута культам дабра i культам продкаў. Гэтыя ж рысы захавалiся i пасля прыняцця хрысцiянства.
Мы — Дажбогавы ўнукi. Так сказаў пра нас (у тым лiку) невядомы аўтар “Слова пра паход Iгаравы”. А сам Дажбог — бог Сонца i ягонае ўвасабленне. У “Iпацьеўскiм летапiсе” сказана: “И после Сварога царствовал сын его имнем Солнце, его же нарицают Дажьбог... Солнце-цар, сын Сварогов, иже есть Дажьбог, был муж силен...” Некаторыя вучоныя нават слова “славянiн” вытлумачваюць як “той, што паходзiць ад сонца”, “нашчадак сонца”. Значыць, праславянскi Дажбог — i наш родапачынальнiк. Дажбог — даравальнiк усiх даброт, бог, якi дае. Славяне верылi, што бог Сонца дапаможа iм, дзе б яны нi знаходзiлiся — у дзённым свеце цi начным, дзеля гэтага ў яго ёсць i жаданне, i магчымасцi.
Дык цi маюць права сённяшнiя прапраўнукi Дажбога забыцца на свае каранi i разгубiць усе добрыя якасцi свайго прашчура? Сёе-тое страцiць маглi, але каб усё, то не веру...
— Колькi слоў пра тое, што з’яўляецца галоўным “цудам Беларусi” асабiста для вас? Можа, родны кут? Цi што iншае?
— Для пачатку — вядомыя словы-запавет Ф.Скарыны: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя...” i так далей, спадзяюся, дасведчаны чытач iх добра ведае. Прамоўленыя, напiсаныя i выдрукаваныя 500 гадоў таму далёка ад ад роднай зямлi, дзе “зродился и ускормлены” быў Францыск, словы гэтыя засведчылi звыклы i натуральны патрыятызм выдатнага полацкага пiлiгрыма, ягоны стан душы i лад жыцця. Жыцця, якога ён не ўяўляў без памяцi аб сваiм, родным, аб тым куточку, з якiм звязаны навечна.
Для мяне ж не сказаць гэтага пра родны кут, мой родны хутар Язавец, было б несправядлiва i грэшна. Што i зрабiў я вышэй. Аднак калi браць у планетарным масштабе, як стала модна сёння, дык гэта, бадай, сама Беларусь — адзiная такая на ўвесь сусвет, непаўторная на ўсю мiжзорную прастору, неверагоднымi пакутамi выпеставаная, Перуновымi маланкамi ды дажджамi выбеленая, высокамоўнай ухвалай Гусоўскага ўзнесеная на шчыт, Максiмавымi валошкамi расквечаная, слуцкiмi паясамi падпаясаная i з абярэжным Крыжам святой Еўфрасiннi над яе зямным шляхам.
Ды яшчэ — сам беларус, якi ў сваёй цярплiвасцi пераўзышоў нават уласную шчодрасць раздаваць добрым людзям-суседзям (i не толькi iм) сваiх славутых сыноў, якi настойлiва, няўтомна, безупынку, сцiснуўшы зубы, iдзе-ступае наперад — туды, дзе святло, дзе шырэе дарога да храма, якая выпiнаецца з-пад цянiстых пушчаў i прасветленых бароў, калiсьцi выхапленых з цемры непагаснымi знiчамi на капiшчах, намоленых i ўшанаваных нашымi прашчурамi.
I яшчэ — наша спеўная, малаком мацi ўзгадаваная беларуская мова, па якой нас пазнаюць у свеце, адрознiваюць ад iншых, з якой нароўнi прымаюць у шматрознамоўнае сумоўе. Толькi адзiн маленечкi дадатак: каб так было незваротна i навекi, памятайма поклiчны наказ Францiшка Багушэвiча: “Шмат было такiх народаў, што страцiлi найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым i зусiм замёрлi. Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлi!”
А пра iншае — у кнiгах з серыi “Сем цудаў Беларусi”.
— Хоць бы канспектыўна назавiце пра што яны.
— Сапраўды канспектыўна. Гаворка iдзе пра пяць маiх кнiг: “У гасцях у вечнасцi”, “Званы Нямiгi”, “За намiткай гiсторыi”, “Адвечны поклiч Радзiмы”, “Славутыя родам сваiм”. Назаву толькi тое, пра што напiсана ў iх. Каложская царква, Бярэсце, Крэмневыя шахты, Крэўскi замак, Мiр — цыганская сталiца, Музей валуноў, Мора Герадота, Нямiга, Жыровiцкi абраз Божай Мацi, Камянецкая вежа, Мiрскi замак, Кiтабы, Смаргонская мядзведжая акадэмiя, Брэсцкая крэпасць, Тураўскае Евангелле, Аршанская кальчуга-байдана, Крычаўская суднаверф, Дыпламат Iосiф Гашкевiч, Маламажэйкаўская царква-крэпасць, Першанасельнiкi беларускай зямлi, Паўстанец i даследчык Адольф Янушкевiч, Полацкi Сафiйскi сабор, Возера Нарач, Падводная лодка Казiмiра Чарноўскага, Мiнскi абраз Божай Мацi, “Песня пра зубра” Мiколы Гусоўскага, Крыж Льва Сапегi, прадстаўнiкi родаў Алелькавiчаў, Астрожскiх, Гальшанскiх, Гаштольдаў, Хадкевiчаў, Храптовiчаў, Радзiвiлаў, Чартарыйскiх. Хоць i доўгi пералiк, але хай чытачы, чые каранi нейкiм чынам звязаны з гэтым, возьмуць сабе на заметку.
— Вы грунтоўна пранiклiся мiнуўшчынай нашай краiны. А якiм вам бачыцца яе заўтра?
— О-о, каб быў я правiдцам! Але, не, гэта напэўна не для мяне. А па сутнасцi: калi не на словах, а на справе будуць дбаць пра яго, нашае заўтра, усе i ўсюды, калi возьмем у спадарожнiкi рэальную багацейку нашу — гiсторыю, што заўсёды ў еўрапейскiм кантэксце i нароўнi з iм, будучыня наша можа быць шчаслiвай i заможнай. Аднак багатым нашае заўтра само да нас з неба не звалiцца. Не падаруе яго Пярун-грамавержац, не прынясе з чужых краёў багiня вясны прыгажуня-Ляля, не скiнуць з дабрадзейных вышынь нi бог багацця Вялес, нi бог Сонца Дажбог. Нашае заўтра таму i нашае, што залежыць найперш ад нас самiх i будуецца таксама намi. Занадта звыкла i патэтычна? Мажлiва. Але так мяркую я. Нехта iншы скажа iнакш i будзе мець рацыю, i на здароўе. Абы ва ўсiх нас было тое чаканае заўтра, ды не прайшла мiма абнадзееная i часам ганарыста-наравiстая будучыня.
Зрэшты, заўтрашнi дзень маёй Беларусi — гэта лёс прадаўжальнiкаў i майго роду. Дык хiба магу я нават у думках дапускаць, што iм будзе няўтульна на роднай зямлi?
— Але ж пры сённяшнiх магчымасцях камунiкацыi...
— Разумею, пра што вы. Але спадзяюся, што для iх не пустым гукам з’яўляюцца словы народнай мудрасцi: у гасцях добра, а дома лепей. Вельмi хацеў бы, каб i ў iхнiх душах, як i ў душах усiх маiх суграмадзян, нязмоўчна i несцiхана гучалi шчымлiвыя словы Янкi Купалы:

Я буду малiцца i сэрцам, i думамi,
Распетаю буду малiцца душой,
Каб чорныя долi з мяцелiцаў  шумамi
Ўжо больш не шалелi над роднай зямлёй.

Ад Прыпяцi да Дзвiны, ад Каложы да Мсцiслава

Анатоль Iванавiч Бутэвiч мае рацыю: адправiўшыся ў пошук цудаў сваёй Айчыны, не спынiшся ўжо нiколi. Цуды — нечаканыя, дзiвосныя, прыгожыя i велiчныя цi сцiплыя i непрыкметныя, чакаюць нас на нашай зямлi ўсюды, варта толькi захацець iх убачыць. Аўтарка гэтых радкоў можа сцвярджаць гэта i па ўражаннях ад уласных вандровак па нашай цудоўнай краiне, i па вашых допiсах, што, да нашай вялiкай радасцi, працягваюць iсцi ў рэдакцыю. Вельмi прыемна, што да пошукаў дзiвосаў, якiя на роднай зямлi стваралi працавiтыя рукi нашых руплiвых продкаў i сучаснiкаў i матухна-прырода, далучылiся зацiкаўленыя чытачы з розных куточкаў Беларусi. Таму i карцiна атрымлiваецца разнастайная, стракатая i гарманiчная. Да вашай увагi — чарговая “выдатная сямёрка” ад чытачоў “Народнай газеты”.

C.jpg“Добры дзень, “Народная”! Гэта вельмi добра, што вы прыдумалi далучыць да акцыi “Сем цудаў Беларусi” чытачоў. Кожны з нас мае магчымасць i нагоду пiльна прыгледзецца да таго, што вакол, а ўгледзеўшыся, ахнуць ад захаплення i расказаць аб убачаным цудзе iншым, — пiша Вiталь Аляксейчык з Гродна. — Я, магчыма, не буду арыгiнальным, калi прапаную абавязкова ўключыць у спiс цудаў нашай краiны Барысаглебскую Каложскую царкву ў Гродне. Але гэта абавязкова трэба зрабiць. Яна амаль за тысячу год свайго iснавання гэтага заслужыла. Сваёй незвычайнай архiтэктурай (наколькi мне вядома, такога храма больш нiдзе няма), сваёй упартасцю да жыцця — Нёман ужо колькi раз падмываў i нават зносiў яе сцяну, а яна — жывая”... Шаноўны чытач мае рацыю: калi Каложскую царкву маюць намер занесцi ў спiсы сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, дык у спiс нашых цудаў яна павiнна трапiць абавязкова... Ад сябе магу дадаць: гродзенская Каложа — сапраўды цуд. У яе — цёплыя сцены. Праўда, нават у самую слату цi сцюжу яны вылучаюць цяпло. Вы не верыце? Раю з’ездзiць у Гародню i праверыць.

 

“Я прачытала пра вашу акцыю i рашыла, што абавязкова ў ёй паўдзельнiчаю, раскажу пра той цуд, якi бачыла гэтым летам, — пiша студэнтка з Мiнска Ангелiна Мiсевiч. — Я сама родам з Дзяржынскага раёна, вялiкiх рэк там няма. А сёлета мы з сябрамi паехалi на Гомельскае Палессе, вандравалi памiж Мазыром i Петрыкавам... Шаноўная рэдакцыя, запiшыце ў цуды нашу Прыпяць! Дзякуючы ёй я стала яшчэ больш любiць сваю Радзiму. Рака з вялiкай лiтары — гэта нешта незвычайнае, грандыёзнае, яна бярэ ў палон i не адпускае ад сябе яшчэ доўга, з’яўляецца ў самых харошых снах, у самых светлых марах...”
Прымаецца. Прыпяць з яе векавымi дубровамi на берагах, з чырвона-рудаватымi хвалямi (яны такiя, бо у вадзе ўтрымлiваецца шмат жалеза. Тлумачэнне простае, але вiдовiшча на змярканнi цi свiтаннi проста ашаламляльнае), з цэлымi калонiямi буслоў, якiя, купаючыся ў сонцы, лунаюць над ёй у блакiце, — цяпер таксама ў спiсе нашых цудаў.

 

D.jpgДва пiсьмы прыйшлi з Брэстчыны — ад Iвана Пiнчука i Марыны Маслоўскай. У абодвух — аднолькавая прапанова: занесцi ў спiс цудаў Беларусi музейны комплекс “Бярэсце”. Магчыма, не ўсе ведаюць дакладна, што ён сабой уяўляе? Гэта сапраўды цуд. Гадоў трыццаць назад археолагi на чале з Пятром Фёдаравiчам Лысенкам (тым самым, што мiнулым летам здзiвiў i парадаваў нас незвычайнымi знаходкамi ў Тураве) паблiзу Брэсцкай крэпасцi знайшлi... драўляны горад, якому каля васьмiсот гадоў. Не тое што цалкам горад, але ў некаторых хатах захавалася па восем-дзесяць вянцоў. Каб дрэва прабыло ў зямлi стагоддзi i захавалася — гэта сапраўды цуд. Цяпер дзякуючы “Бярэсцю” кожны з нас можа ўявiць, як жылi продкi ў далёкiм ХIII стагоддзi.

 

“Прачыталi ў мiнулым выпуску рубрыкi, што прапануюць цуда-горадам зрабiць Рагачоў. Не тое што не згодныя, але прапануем вартую альтэрнатыву — Полацк. Хаця б таму, што ў iм самiм набярэцца сем цудаў, а то й болей. Сафiйскi сабор, Спаса-Еўфрасiннеўскi манастыр, крыж Еўфрасiннi...  А людзi, якiх Беларусi i свету наш горад даў: Скарына, Еўфрасiння, Усяслаў Чарадзей, Сiмяон Полацкi...” Да пiсьма сям’i Кудрэйкаў з цудоўнага горада Полацка i дадаць няма чаго. Прымаецца.

 

B.jpgВельмi ўсцешвае тое, што сярод вашых прапаноў — не толькi аб’екты матэрыяльныя. Вось што пiша, да прыкладу, Нiна Васiлеўская з Нясвiжскага раёна: “Калi ўжо складаць спiс сямi цудаў Беларусi за ўсе стагоддзi iснавання нашага народа, нельга нiякiм чынам абмiнуць такую з’яву, як наша беларуская мова. Колькi яе забаранялi — i ў семнаццатым стагоддзi, i ў дзевятнаццатым, амаль трыста год яна iснавала толькi ў вуснай форме, але выжыла i стала дзяржаўнай. Цуд, дый толькi. Цуд — народ, якi здолеў яе захаваць”...

 

 

А Сяргей Iванчык з Магiлёва прыгадаў кармялiцкi касцёл у Мсцiславе. “Такiх храмаў мала на нашай зямлi. Мсцiслаўскi касцёл наогул — адзiны, не бяруцца нават сцвярджаць, што нешта падобнае ёсць у Еўропе. Там на сценах намаляваны не фрэскi з жыцця святых, а рэальны гiстарычны факт — “трубяцкая разня”. У семнаццатым стагоддзi падчас вайны рускi князь Трубяцкой выразаў у Мсцiславе ледзь не ўсiх жыхароў — пятнаццаць тысяч чалавек. Тыя, хто застаўся жыць, пакiнулi сведчанне на сценах свайго храма. Праўда, цяпер ён i фрэскi не ў самым лепшым стане. Можа, занясенне ў спiс сямi цудаў дапаможа звярнуць на унiкальны помнiк увагу тых, ад каго непасрэдна залежаць яго захаванне i рэстаўрацыя?”

 

A.jpg“Згодна з вашай чытачкай, якая прапануе ў цуды залiчыць усе беларускiя азёры i балоты. Але я вылучыла б усё ж такi адно возера — Шо, ля якога, як вылiчылi нядаўна, знаходзiцца самы правiльны цэнтр Еўропы. Калi гэта сапраўды так — вы толькi ўявiце: больш нi адна краiна свету не можа гэтым пахвалiцца. Вось гэта сапраўдны цуд, якiм можна ганарыцца”.
З аўтаркай пiсьма, Аленай Мiхайлоўскай з Глыбоцкага раёна, нельга не пагадзiцца. Хiба што дадаць ад рэдакцыi i ад сябе: КОЖНЫМ цудам, пра якiя вы, шаноўныя чытачы, пiшаце, можна i трэба ганарыцца. Дзеля гэтага наш праект i задумваўся — каб мы з вамi больш пра сваю краiну ведалi i ганарылiся.

Ваш аб’ект гонару не быў названы i ў гэтым спiсе? Чаму ж тады не пiшаце, не дзелiцеся? Не палянуйцеся, напiшыце нам, якi, на вашу думку,  архiтэктурны цi прыродны помнiк, грамадская з’ява цi нават асоба заслугоўваюць, каб iх назвалi цудам. Намаганняў вялiкiх прыкладаць не давядзецца: проста азiрнiцеся вакол — незвычайнае i велiчнае зусiм побач, мы проста яго не заўважаем. Паспрабуйце — i вы самi здзiвiцеся, наколькi гэты цiкава i захапляльна. Многiя чытачы ўжо гэта адчулi i зразумелi. Далучайцеся!

Чакаем вашых допiсаў на адрас рэдакцыi з пазнакай “Сем цудаў Беларусi”.

“Цудоўную пошту” чытала Алена ЛЯЎКОВIЧ, “НГ” 

Сярод шматлікіх цудаў Беларусі — цуды прыроды.
З інфармацыяй, якія з іх знаходзяцца ў наваколлі вашай вёскі ці горада, выходзьце на сайт рэдакцыі www.ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter