З “алмаза” відаць усё?

Сваімі варыянтамі “цудоўнага спісу” падзяліліся супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкіНапачатку сакавіка мы вырашылі падвесці папярэднія вынікі апытання “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусі”. І амаль адразу стала зразумела, што ў лідэрах -- Нацыянальная бібліятэка. Што так прывабіла сэрцы беларусаў у гэтым грандыёзным будынку, які ўпрыгожыў сталіцу нашай краіны не стагоддзе і нават не дзесяць год таму? Даведацца пра гэта мы вырашылі з першых вуснаў -- у дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага. На пытанні нашай анкеты адказалі таксама і іншыя супрацоўнікі цэнтра культуры і адукацыі Беларусі. Дзякуючы ім наш спіс зноў папоўніўся цудамі, якія мы бачым штодзень, але не асэнсоўваем як найвялікшую каштоўнасць і аб’ект гонару.

Супрацоўнікі бібліятэкі -- вялікія патрыёты роднага горада Мінска. Адзін з наступных выпускаў рубрыкі “Сем цудаў Беларусі” мы абавязкова прысвецім больш падрабязнай размове пра славутасці сталіцы, а пакуль толькі пералічым прапанаваныя ў анкетах цуды. Гэта гісторыка-культурны комплекс у Лошыцы, стэла і помнік Перамогі на “круглай” плошчы, Палац Рэспублікі, бізнес-цэнтр “XXI век” і праспект Незалежнасці. Супрацоўнікі галоўнай бібліятэкі краіны смела глядзяць наперад, таму запісваюць у цуды і будучы спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”, і будучы дзелавы і культурна-забаўляльны цэнтр каля НББ. Не забываюцца і на духоўныя святыні: узгадалі Свята-Духаў кафедральны сабор на Нямізе і Чырвоны касцёл Св. Сымона і Алены. Сярод адказаў, што здзівілі, -- прапановы ўнесці ў наш спіс Дом міласэрнасці ў сталіцы і… Мінскую кальцавую аўтадарогу, якая выклікае вельмі негатыўныя пачуцці ў рэспандэнта.
Выклікаюць павагу і гонар за сваю краіну ў бібліятэчных работнікаў таксама магутныя жодзінскія волаты -- БелАЗы, спарткомплекс “Раўбічы”, музей-запаведнік “Заслаўе” і Бярэзінскі біясферны запаведнік, а таксама цудоўныя краявіды на малой радзіме Янкі Купалы -- у Вязынцы. Бібліятэка, здаецца, -- гэта квінтэсенцыя навуковых ведаў, стрыжань тэхнакратычнага ладу жыцця з яе суперсучасным абсталяваннем і хуткай зменай інфармацыйнай плыні. Тым не менш яе супрацоўнікі з вялікай павагай ставяцца да духоўных святынь краіны. Невыпадкова вельмі часта сустракаўся ў анкетах адказ “Жыровіцкі манастыр” або “Цудадзейная крынічка ў Жыровічах”. Царква ў вёсцы Сар’я Верхнядзвінскага раёна як сімвал кахання, касцёл у Камаях, Свята-Аляксандранеўская царква ў Мсціславе, касцёл св. Францыска ў Гродне і Свята-Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Пустынскі Успенскі мужчынскі манастыр, нарэшце, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр у Полацку -- гэтыя прапановы, безумоўна, вартыя ўвагі. Узгадалі апытаныя і славутых беларусаў -- імёны прадстаўнікоў слаўнага роду полацкіх князёў, Францыска Скарыны, Міхала Клеафаса Агінскага, Напалеона Орды, Максіма Багдановіча, Марка Шагала,Уладзіміра Караткевіча павінен ведаць кожны жыхар нашай краіны і ганарыцца імі.
Што супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі выбіралі ў якасці цудаў часцей за ўсё? Заразумела, на першым месцы -- сам “алмаз” ведаў. На другім -- Белавежская пушча, трэцяе заняў Мірскі замак. Жыровіцкі манастыр -- на прыступку ніжэй, далей ідуць Браслаўскія азёры. Аднолькавую колькасць галасоў атрымалі Сафійскі сабор і Хатынь.  У дзесятку лідэраў трапілі таксама Брэсцкая крэпасць, Нарач і Траецкае прадмесце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter