З акцэнтам на бекон

У Мінскай вобласці будуюцца новыя жывёлагадоўчыя аб’екты

Новыя жывёлагадоўчыя аб’екты будуюцца на Міншчыне

Як паведамілі ў камітэце сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама, сёлетняй восенню будуць уведзены ў эксплуатацыю свінагадоўчыя комплексы пры Барысаўскім і Слуцкім мясакамбінатах.

Абодва разлічаны на ўтрыманне і вырошчванне 24 тыс. галоў жывёлы. Разам з тым у стадыі абмеркавання знаходзіцца пытанне аб крэдытаванні будаўніцтва свінакомплексу на 50 тыс. галоў пры Мінскім мясакамбінаце, таксама плануецца і буйны жывёлагадоўчы аб’ект у СВК «Бальшавік-Агра» Салігорскага раёна. Ствараецца вытворчасць беконнай свініны магутнасцю 11 тыс. тон мяса ў жывой вазе ў год, праект ажыццяўляе СТАА «Данпрод».

«Будаўніцтва свінагадоўчых комплексаў вядзецца для таго, каб павялічыць канкурэнтаздольнасць мясной прадукцыі, акцэнт робіцца на вытворчасць беконнай свініны. Мы імкнёмся не да колькасці, а да якасці. Зараз у вобласці налічваецца каля 800 тыс. свіней, большасць утрымліваецца на дробнатаварных фермах, дзе цяжка дабівацца высокай прадукцыйнасці», — адзначае старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Віталій Грышанаў.

Дарэчы, сёлета ўжо ўведзены ў эксплуатацыю свінакомплекс на 24 тыс. галоў у агракамбінаце «Ждановічы», туды ўжо завозяцца свінні з Даніі. Таксама пачаў працаваць комплекс у СВК «Забалоцкі» Любанскага раёна, куды пастаўляюцца племянныя свінні з Чэхіі.

Інтэнсіфікацыя вытворчасці дазволіла жывёлагадоўчай галіне вобласці павялічыць сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе свіней на 13 грамаў, і зараз гэтая велічыня складае 521 грам. Усяго ж за 4 месяцы бягучага года ў вобласці атрымана 45,5 тыс. т свініны, што на 1,3 % больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter