Аб чым пісала «Сельская газета» 70 гадоў таму

З 1600 кілаграмаў торфу 6 вёдраў спірту

Аб чым пісала «Сельская газета» 70  гадоў таму
Асноўныя тэмы «Совецкага селяніна» ў пачатку верасня 1945 года — здача збожжа дзяржаве, капітуляцыя Японіі, падрыхтоўка да 6-й гадавіны ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, асвятленне ходу сяўбы азімых і рэпартажы пра выгаду для сялян ад уступлення ў калгасы. 



«Поўнасцю разлічыцца з дзяржавай па хлебапастаўках — найпершы абавязак кожнай сялянскай гаспадаркі!» — заклікала газета здаваць збожжа дзяржаве. «Шостую гадавіну ўз’яднання Беларускай рэспублікі сяляне Піншчыны адзначаюць павелічэннем прытоку збожжа на дзяржаўныя склады. На Пінскім ссыпным пункце «Заготзярно» шматлюдна (на здымку). На 10 верасня вобласць выканала план па хлебанарыхтоўках на 47 працэнтаў. У авангардзе перадавікоў-хлебаздатчыкаў — па-ранейшаму Целіханскі раён, які выканаў свой план на 70 працэнтаў. Звыш за 60 працэнтаў збожжа ад плана здалі Пінскі, Давыд-Гарадоцкі і Столінскі раёны. За апошнюю пяцідзёнку рэзка павялічылася паступленне хлеба ў фонд Чырвонай Арміі. Да 17 верасня сяляне абяцаюць поўнасцю разлічыцца з дзяржавай». 

«Важнае значэнне для народнай гаспадаркі краіны маюць тарфяныя паклады. У СССР сканцэнтравана каля 70 працэнтаў сусветных запасаў торфу. Шмат тарфянікаў і ў Беларусі. Таму на здабычу торфу мы павінны звярнуць сур’ёзную ўвагу. Перш за ўсё для скарыстання яго ў якасці паліва. Тым больш што гэта не выклікае вялікай цяжкасці — з некаторых месцаў торф можна выкопваць пры дапамозе звычайных рыдлёвак. Дастаткова 5—6 дзён, каб нарыхтаваць такім чынам паліва на цэлы год. А калі мець на ўвазе, што адзін гектар тарфяных земляў можа замяніць 20 гектараў лесу, дык робіцца зразумелым, якая ў нас трывалая база для зберажэння лясоў ад вырубкі іх на паліва. Але торф выкарыстоўваецца не толькі як паліва. З яго можна атрымаць фарбы, дубільную і карболавую кіслоты, смалу і нават бензін! А яшчэ — спірт. Паводле дадзеных вопытнай тарфяной станцыі, з 1600 кілаграмаў мохавага торфу з вільготнасцю ў 25 працэнтаў можна атрымаць 5—6 вёдраў 90-градуснага спірту і не менш за 700 кілаграмаў сухіх брыкетаў». 

СССР пачынаў мірнае жыццё, і з розных куткоў краіны ішлі звесткі пра будаўніцтва, аднаўленне вытворчасці, адкрыццё культурных і навуковых устаноў: «Зноў адкрыты Ленінградскі батанічны сад, які вымушаны быў спыніць сваю дзейнасць у першыя дні вайны. Ад бамбардзіровак і абстрэлаў пацярпелі аранжарэі з каштоўнымі дрэвамі. Зараз яны поўнасцю адноўлены і падрыхтаваны да зімы. Прыведзены ў парадак парк. На месцы варонак ад бомб разбіты клумбы з кветкамі, дзейнічаюць фантаны». «З пачатку года заводы Краснадарскага кансервавага трэста вырабілі 4800 тысяч бляшанак кансерваў. Вялікі ўра- джай фруктаў дазваляе ўсім заводам выканаць план». 

«Пасля амаль двухмесячнага перапынку Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета адкрывае 29 верасня новы сезон прэм’ерай оперы «Кармэн» Бізэ. У гэты дзень тэатр плануе адзначыць 25-гадовы юбілей сцэнічнай дзейнасці народнай артысткі СССР і БССР Л.П. Александроўскай. У дзень свайго юбілею яна будзе выконваць галоўную партыю — Кармэн. З нагоды юбілею будуць арганізаваны канцэрты Александроўскай у гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў Маскве. Апрача оперы «Кармэн», у тэатры рыхтуецца прэм’ера рускай класічнай оперы «Русалка» Драгамыжскага. У зімовым сезоне аднаўляецца балет «Арлекінада». 

«У новым 1945/46 навучальным годзе пачаў работу сельскагаспадарчы тэхнікум у Жыровічах Баранавіцкай вобласці. На першы курс паступілі заявы ад 120 чалавек. Праз тры гады яны атрымаюць спецыяльнасці агранома-палявода і агранома-заатэхніка. У гэтым жа годзе распачнецца вучоба ў Шчучынскім заатэхнічным тэхнікуме Гродзенскай вобласці, разлічаным больш чым на 100 месцаў. А вось Пінскі настаўніцкі інстытут ужо адзначыў свой першы выпуск. Сярод выдатнікаў вучобы, якія накіраваны на працу ў школы Беларусі, — Е. Кажамякіна, Е. Кантаністава, К. Савіцкі, З. Емяльянцава».

bolshakova@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter