Почти полвека жизнь Михаила Дриневского была неразрывно связана с Национальным академическим народным хором Беларуси им. Г. И. Цитовича

Ёсць занятак у людзей, хлеб на стале, не забудзецца і песня

Творчыя заслугі геніяльнага дзеяча культуры адзначаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, ганаровымі званнямі, шматлікімі граматамі.

Маэстра Міхаіл Дрынеўскі запомніўся апантаным і ўзнёслым на сцэне і абсалютна простым і даступным у жыцці. Эстафету кіравання слынным калектывам яму перадаў стваральнік хору народны артыст СССР Генадзь Іванавіч Цітовіч. Таленавіты вучань да апошняга свайго дня захоўваў усталяваныя за дзесяцігоддзі традыцыі, абагачаў рэпертуар унікальнымі напевамі народаў свету. На хрысціянскіх фестывалях калектыў неаднаразова атрымліваў Гран-пры, з ашаламляльным поспехам выступаў у лепшых канцэртных залах розных кантынентаў. Асновай рэпертуару заўжды была беларуская народная песня. Міхаіл Паўлавіч удала спалучаў ролі аранжыроўшчыка, дырыжора, пастаноўшчыка, аўтара праграм, у якіх ажываюць славянскія абрады. Кожная сустрэча з геніяльным творцам засталася ў памяці напоўненая святлом…

Палеская вёска Тонеж, дзе нарадзіўся і вырас Міхаіл Дрынеўскі, з усіх бакоў акружана густым борам. Стромкія сосны, нібыта вартавыя, выстраіліся ўздоўж звілістай стужкі асфальтаванай дарогі, што пераходзіць у галоўную тонежскую вуліцу. Падворкі тут прасторныя, са шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі. Светлымі вокнамі на шырокую вуліцу глядзяцца дыхтоўныя дамы палешукоў. Неаднойчы па журналісцкіх справах даводзілася бываць тут, сустракацца з вяскоўцамі.

Адна з такіх вандровак асабліва запала ў сэрца. Падчас яе мне выпала бачыць, як тонежцы з цеплынёю і павагай сустракалі слыннага земляка Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага. Як звычайна, пачаліся ўспаміны. Старажылы ўзгадвалі, як браты Дрынеўскія разам з бацькам за дзень па гектары балотнай сенажаці выкошвалі. На ношах скошаную траву выносілі сушыць на грудок. Не толькі ў працы вызначаліся статныя нашчадкі годнага вясковага роду. Тады мне пашчасціла ўбачыць, як сямідзесяцігадовы Міхаіл Паўлавіч спрытна танчыў з мясцовай прыгажуняй Марусяй пад гармонік у вясковай хаце. У святочных спевах сярод звонкіх палескіх галасоў заўважна вылучаўся барытон народнага артыста. У маім архіве захоўваецца дыск з тэлепраграмай, знятай у час той вандроўкі на Палессе…

У дзень пахавання Міхаіла Дрынеўскага на Маскоўскіх могілках сталіцы вырашыў перадаць відэазапіс сваякам нябожчыка. Шмат людзей прыйшлі правесці ў апошні шлях народнага артыста, я звярнуўся да купкі жанчын. На здзіўленне, адна з іх аказалася дачкой Міхаіла Паўлавіча. Растлумачыць такі факт складана.

Як і тое, быццам нехта падштурхнуў мяне ўключыць на запіс тэлефон, калі сонечным ліпеньскім днём з сябрамі мы сабраліся на лецішчы беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Калі з альтанкі загучаў цудоўны голас Міхаіла Паўлавіча, незаўважна слухаць яго спевы прыйшлі нават суседзі. Гаджэт захаваў запіс той памятнай сустрэчы. Пачалася яна са спеваў унучкі гаспадара лецішча. Марыя а капэла завяла «Купалінку». Пасля яна расказала, што пела яе ў Японіі. Міхаіл Паўлавіч адзначыў: наша народнае мастацтва за мяжой успрымаецца золатам. Там такіх песень няма. І дадаў, што аўтэнтычныя спевы можна пачуць толькі ў Расіі, Беларусі і Украіне.

Пасля выканання Марыяй гарэзлівай песні пра дудачку-стукалку, якая сама грае, сама б’е, Міхаіл Дрынеўскі ўзгадаў пра свайго земляка Пупца з палескай вёскі Букча. Ён браў качалку для прасавання палатнянай бялізны і лоўка выстукваў мелодыю, якую заводзілі дачка Ева і сын Мікалай: «Сюрбалка, бурбалка! / Сама грае, сама б’е, сама жару паддае! / Цір-ціці — Любавічы, Аздамічы, Цераблічы. / Підгорова друга хата. / Да Рамана не дайду!» Пасля гэтага расповеду, які аздабляўся цудоўнымі песнямі, пацікавіўся ў Міхаіла Паўлавіча пра лёс народных спевакоў Марыі Адамейка і Сцяпана Дубейкі. У былыя гады іх галасы пастаянна гучалі на Беларускім радыё. Ці не з гэтага палескага кутка яны?

— Марыя Адамейка з Барысаўскага раёна. А Сцяпан Дубейка — мой зямляк, — пацвердзіў Міхаіл Паўлавіч.

У пасляваенныя гады чатырнаццацігадовым падлеткам прыйшоў Сцяпан у Тонеж. Пасвіў кароў. Падрос і пайшоў у прымы да Мані. Яна на дзесяць гадоў старэйшая за яго была. Нарадзіліся ў іх шэсць сыноў. Калі Маня памерла, сышоўся з удавіцаю Евай. Але разам доўга не пажылі. Сцяпан пасватаўся да жанчыны ў суседнюю вёску Шабада. Там ён пасвіў калгасны статак. Карова яму вока выкалала. Да апошняга дня з песнямі не развітваўся. Яго гучны голас далёка разносіўся па палескіх лугавінах. У час адной з навуковых экспедыцый яго пачула фалькларыст Зінаіда Мажэйка і запісала творы ў выкананні Сцяпана Дубейкі для Беларускага радыё. І зараз у залатым фондзе захоўваюцца яго ўнікальныя спевы.

Міхаіл Дрынеўскі узгадаў, як з фальклорнымі групамі з лельчыцкіх вёсак Тонеж, Букча і гуртам з івацэвіцкай вёскі Клятная ездзілі ў Маскву на Сусветны фестываль:

— У той год я заканчваў вучобу ў Мінскай кансерваторыі. У Белакаменнай землякі папрасілі дапамагчы знайсці прамысловы магазін. Яны хацелі крамцу купіць — тканіну з пярэстымі кветкамі. У нашых палескіх прасторных хатах пасля вайны ёю перагароджвалі пакоі. Масквы я зусім не ведаў. Гуртам адправіліся шукаць той магазін. Масквічы параілі ехаць у метро, а землякі ў адзін голас: «Пад зямлю не пойдзем!» Але ўгаварыў іх. Ад метро да магазіна крочылі па маскоўскай вуліцы. Адна зямлячка заявіла: «Не буду аб камяні новенькія чабаткі стоптваць». Разу­лася і ў панчохах пакрочыла.

Дабраліся да магазіна. У прадаўца даведаўся, дзе аддзел тканін. Падышлі да прылаўка. Жанчыны з Букчы першымі кінуліся купляць. Прадавец ледзь паспявала кожнай па дзесяць метраў адмерваць. Тонежцы, што стаялі ў канцы чаргі, занепакоіліся, што ім не хопіць. Лізавета, якую ў вёсцы звалі пракурорам, стала крычаць: «Мішка, не давай букчанцам браць памногу крамцу!» Прадавец стала далікатна супакойваць жанчын: на складзе ёсць яшчэ рулоны такой тканіны. Мае сялянкі ледзьве неслі куплены тавар.

Шчаслівыя, з клункамі дабраліся да гасцініцы. Назаўтра галасы маіх зямлячак гучалі на фальклорным форуме. Ім горача апладзіравалі. Адна спявачка выступіла з прамовай: расказала, як у вайну вакол палескага Тонежа грымела, шлі жорсткія баі, але з песняй людзі не развітваліся…

На імгненне Міхаіл Паўлавіч замаўчаў. Цяжка ўздыхнуў і ўзгадаў, як у першыя месяцы Вялікай Айчын­най вайны фашысты акупіравалі Тонеж. Многія вяскоўцы падаліся ў партызанскія атрады, што сталі арганізоўвацца ў лясных гушчарах. А тыя, хто застаўся дома, падтрымлівалі харчаваннем народных мсціўцаў, якія не давалі спакою ворагам. Азвярэлыя нелюдзі 6 студзеня 1943 года ўстроілі карную аперацыю. Усіх жыхароў вёскі ад малога да старога сагналі ў царкву Святога Мікалая і падпалілі. Дзвесце семдзесят жыхароў зажыва згарэлі ў драўляным храме. І сёння жывыя яшчэ сведкі таго неверагоднага дзікунства.

— Адзіная жанчына, якой удалося з таго пекла ўцякчы, расказвала, што яе сваяка фашысты люта білі на ганку царквы перад жонкай. Акрываўлены селянін прасіўся, каб застрэлілі яго. Фашысты калолі штыкамі, ён вішчаў, пакуль не закалолі насмерць. Мая бабуля згарэла там, — паніжае голас Міхаіл Дрынеўскі. — У той дзень яна прыйшла з лесу ў сваю хату, каб спячы хлеб, бо мой старэйшы брат хварэў на тыф і нічога, акрамя хлеба, не мог есці. Спякла, выйшла з хаты і прыпынілася, каб дачакацца сябровак, а тым часам пачалася карная аперацыя, і яе схапілі.

На месцы спаленай царквы ўсталяваны мемарыял, дзе кожны год 6 студзеня памінаюць ахвяр фашысцкага злачынства. Побач пабудаваны новы храм Святога Мікалая, які на Міколу зімовага асвяцілі.

— Як у маіх аднавяскоўцаў хапала духу пасля такога жаху вярнуцца да спеваў?! — здзіўляўся Міхаіл Паўлавіч. — Боль прыціхала крыху ў сэрцах, а праз песню выліваліся пачуцці. Нашы дзяўчаты днямі ў лесе жывіцу збіралі, насілі 20-кілаграмовымі вёдрамі і злівалі ў вялікія бочкі, таўкачамі ўшчыльнялі. Нялёгкае вясковае жыццё. Сам добра зведаў. А пад захад сонца вярталіся дамоў, і быццам хто падменьваў нас, далёка за поўнач гучалі песні над вёскай. А раніцай зноў кожны за сваю справу. І ніхто не скардзіўся на стому. За ўвесь дзень, бывала, і не прысядзеш на які пянёк, каб перадыхнуць, а ўвечары перакусіш што дома — і хутчэй на сяло.

Нашай сям’і пашчасціла. Бацька дайшоў да Берліна і жывым вярнуўся. Прывёз трафейны каваны сундук, напоўнены трашчоткамі, свердламі розных памераў. Яны так спатрэбіліся, калі пасля вайны ў вёсцы дамы ўзводзілі. Трашчоткамі цяжкае падымалі ці цягнулі. Прывёз бацька і шмат паперы ў лінейку і ў клетку. У школе пісалі на газетных ашмотках. Наша хата была прасторная. Бацька пасля вяртання з фронту паклаў падлогу. У першую пасляваенную восень у нас ладзіліся школьныя ўрокі. У адным пакоі займаліся вучні ад першага да чацвёртага класаў. Сталоў не было. Сядзелі хто на печы, хто на прыпечку. Старэйшы брат Дзіма ў дзесяць гадоў пайшоў у першы клас, другі брат Коля — у восем, і я каля іх засвоіўся ў шэсць гадоў. Маці не пускала мяне, бо трэба было меншага Рыгорку глядзець. Апоўдні насіў яго да яе на поле. Пакорміць немаўля, і мы вярталіся дамоў. У сям’і я быў восьмым. Чацвёра не выжылі. Не толькі ў радасныя моманты, а і ў горы землякі знаходзілі суцяшэнне ў спевах. У сельскім клубе па вечарах не было дзе яблыку ўпасці. Скакалі пад гармонік. А як спявалі! Слава пра тонежскі хор далёка грымела...

Слухаючы расповеды госця, гаспадар лецішча Уладзімір Ліпскі мудра падкрэсліў: жыццё пражыць — не тыя гады, што прайшлі, а якія запомніліся.

На што Міхаіл Паўлавіч як адрэзаў: да паўсотні гадоў нажываеш сяброў, а потым губляеш. І тут жа сыпануў чарговай байкай. Тонежскі сусед кажа: мая жонка ладная, але, праўда, мала п’е, то я дапіваю.

Тая ліпеньская сустрэча на лецішчы з народным артыстам Беларусі прафесарам Міхаілам Дрынеўскім выдалася апошняй. Ён шчыра радаваўся, што родны Тонеж папоўніў спіс аграгарадкоў Беларусі, і выказваў спадзяванне, што ён не паўторыць шлях знікаючых на вачах вёсак. Калі ёсць занятак у людзей, хлеб на стале, не забудзецца і песня.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter