Аттестуют всех: учебные заведения Минска и регионов готовы к итоговой аттестации

Ёсць веды — будуць і адзнакі

Не за гарамі канец навучальнага года ў школах і, адпаведна, выніковая атэстацыя. Ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі гэта важнае пытанне, якое хвалюе сёння і дзяцей, і бацькоў, і педагогаў. Каментуючы яго ў тэлеэфіры, міністр адукацыі Ігар Карпенка запэўніў, што атэставаныя будуць усе: «Для гэтага трэба проста бацькам, вучню ў цесным кантакце з настаўнікам і са школай вырашаць гэтыя пытанні. Уся нарматыўная база і ўсе нарматыўныя дакументы для гэтага ёсць». Па словах міністра, у залежнасці ад спецыфікі навучальнага працэсу і наведвальнасці школы прадугледжаны розныя варыянты правядзення атэстацыі. А вось уручэнне атэстатаў у любым выпадку будзе ўрачыстым. «Р» пацікавілася гатоўнасцю да атэстацыі школ Мінска і рэгіёнаў.

Вучыцца самастойна не так проста.

Надзея Рамановіч, дырэктар Хатлянскай сярэдняй школы, Мінская вобласць:


— У нашым рэгіёне ўзровень захворвання невысокі, таму выніковая атэстацыя ў нашай школе пройдзе ў штатным рэжыме. Па выніках чатырох чвэрцяў. Усе дзеці ходзяць у школу. У нас вучыцца 149 дзяцей. У выпускных класах вучняў няшмат: у 11-м — 5 чалавек, у 9-м — 15.

Элада Уласенка, дырэктар гімназіі №15 г. Мінска:


— Дзеці, якія наведваюць гімназію, удзельнічаюць у анлайн-уроках, выконваюць усе заданні, вядома ж, будуць атэставаныя за чацвёртую чвэрць. А такім чынам, адзнака за год будзе выстаўлена па выніках чатырох чвэрцяў. Дарэчы, такіх дзяцей будзе каля 90 працэнтаў, не менш, паколькі навучальны працэс арганізаваны вельмі зладжана. Але ёсць невялікі працэнт дзяцей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі з бацькамі, у тым ліку за межамі Мінска. Сярод іх тыя, хто з’яўляецца кантактамі першага ўзроўню. Хтосьці з іх паспеў пазаймацца, хтосьці не займаўся. Гэтыя дзеці будуць атэставаныя па выніках трох чвэрцяў. Што датычыцца выпускнікоў, якія здаюць экзамены, усё будзе арганізавана ў штатным рэжыме. Адзіны нюанс — дыстанцыраванне. Для гэтага мы будзем выкарыстоўваць не навучальныя кабінеты, а холы паверхаў. У кожным ёсць тэлевізар, а галоўнае — шмат месца. Усё гэта дазволіць стварыць камфортныя ўмовы. У нас у гімназіі — 916 навучэнцаў. Адзінаццатыя класы заканчваюць 56 чалавек, дзявятыя — 74.

Ірына Рубцэвіч, дырэктар гімназіі №1 г. Ліда:


— У гімназіі вучыцца 845 дзяцей. 57 з іх у гэтым годзе заканчваюць 11-я класы. Выпускаюцца тры класа. Для іх пройдуць пісьмовыя іспыты па матэматыцы, па рускай або беларускай мовах. Вусна рабяты і дзяўчаты будуць здаваць замежныя мовы (англійскую, нямецкую і іспанскую) і гісторыю Беларусі. Па напаўняльнасці класы невялікія, так што ў нас ёсць магчымасць забяспечыць дыстанцыйную рассадку дзяцей падчас экзаменаў. Уся мэбля да іх пачатку будзе прадэзынфікавана спецыяльнымі сродкамі, кабінеты праветраць. Прадугледжваем індывідуальны пітны рэжым: бутэлькі з вадой і шкляначкамі будуць на кожным стале. Рэкамендуем бацькам і дзецям на гэты перыяд масачны рэжым. Педагогі працуюць у масках. Кожную раніцу ў нас перад навучальным працэсам — тэрмаметрыя. Забяспечым яе і перад пачаткам экзаменаў. Акрамя таго, за дзень-два класныя кіраўнікі ўдакладняць у бацькоў стан здароўя дзяцей. Робім усё, каб вучні прыйшлі на экзамены здаровымі і змаглі паўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі гэтага года.

Што датычыцца астатніх вучняў, то сітуацыя такая. Тыя, хто наведвае гімназію — а гэта каля 35 працэнтаў навучэнцаў, будуць атэставаны па выніках чатырох чвэрцяў. Тыя, хто падчас чацвёртай чвэрці па розных прычынах заставаўся дома, вучыўся дыстанцыйна, а ўсе магчымасці ў нас для гэтага ёсць, могуць быць атэставаны і па выніках трох чвэрцяў. Падыходзім індывідуальна. Калі выкладчык бачыць, што і ў аддаленым рэжыме дзіця атрымлівае дастаткова ведаў, засвоіла матэрыял, яно ацэньваецца ў рамках чацвёртай чвэрці. Але, як аказалася, не ва ўсіх ёсць пастаянны доступ у Інтэрнэт, што ўскладняе навучанне. Акрамя таго, ёсць вучні, якім складана засвойваць матэрыял без выкладчыка, і ў выніку адзнакі не дацягваюць да выніку мінулых чвэрцяў. Такія рабяты атрымаюць ацэнку па трох чвэрцях.

Ірына Зімніцкая, дырэктар сярэдняй школы №16 г. Полацка:


— У нас вялікая школа — 1432 навучэнцы. Атэстацыя праводзіцца для 3—11 класаў, гэта значыць больш чым для тысячы рабят. Атэставаныя будуць усе. Тыя, хто наведвае заняткі, а гэта каля 50 працэнтаў ад агульнага ліку навучэнцаў і тыя, хто вучыўся па індывідуальным вучэбным плане, будуць атэставаныя па выніках чатырох чвэрцяў. Тыя, хто застаўся дома па заяве бацькоў, але выконвае хатняе заданне, якое настаўнікі штодня размяшчаюць у электронных журналах і дзённіках, і выявіў жаданне быць атэставаным, будуць атэставаны па выніках чатырох чвэрцяў.

Больш таго, мы далі такім дзецям магчымасць пры наяўнасці пытанняў па матэрыяле наведваць падтрымліваючыя заняткі ў другой палове дня і ў суботу. Асабліва ў гэтым зацікаўлены тыя, у каго спрэчныя адзнакі па чвэрцях. Вучні вельмі хочуць павысіць і ўзровень ведаў, і вынік. У прынцыпе, такія формы для школы — традыцыйныя. Тых жа, хто па нейкіх прычынах выпаў з навучальнага працэсу, атэстуем па выніках трох чвэрцяў. Што тычыцца арганізацыі выпускных экзаменаў, шчыра скажу: такая праблема перад намі ў гэтым годзе не стаіць. І не толькі таму, што ў нас вялікія навучальныя кабінеты, і на іспытах нашы вучні традыцыйна сядзяць у класах за партай па аднаму. Сёлета ў нас усяго адзін выпускны клас — 25 чалавек.

У навучальным працэсе настаўнікамі актыўна выкарыстоўваюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы, створаны электронныя навучальныя кабінеты. Цяперашняя сітуацыя паказала, што важна развіваць агульнавучэбныя ўменні і навыкі, вучыць дзіця вучыцца, самастойна здабываць веды, смялей асвойваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і ўкараняць іх у паўсядзённае жыццё.

Канстанцін Грыгаровіч, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №3:


— Дзеці, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, але не ўдзельнічалі ў навучанні анлайн, не выходзілі на сувязь, будуць атэставаныя па трох чвэрцях. Тыя, хто прысутнічаў у ліцэі, а такіх да 50 працэнтаў, атрымаюць адзнакі за чацвёртую чвэрць, а значыць, будуць атэставанымі па выніках чатырох чвэрцяў. Рабяты, якія вучыліся дыстанцыйна (дарэчы, калі дазваляла тэхніка, удзел ва ўроку можна было прымаць анлайн у рэжыме рэальнага часу), калі дазволіць спецыфіка прадмета, калі выкананы ўсе праграмныя патрабаванні, таксама атрымаюць ацэнку па выніках чатырох чвэрцяў. Асноўная задача, якая перад намі стаіць, — прыняць рашэнне на карысць вучня.

Да выпускных іспытаў мы гатовыя і дакументальна, і тэхнічна — з улікам усіх санэпідпатрабаванняў. З 345 навучэнцаў каля 180 — выпускнікі. Але, паверце, калектыў справіцца. Мы вельмі адказна падыходзім да выканання сваіх абавязкаў.

Іна Лагун, дырэктар Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя:


— У нас у гэтым годзе 143 выпускнікі. Гэта, вядома, нямала. Мы прадумалі рассадку дзяцей і саставілі расклад экзаменаў. Усё складваецца ўдала. Ёсць магчымасць пасадзіць дзяцей па аднаму, каб захаваць дыстанцыю. Для экзаменаў, улічваючы вялікую колькасць выпускнікоў, прыцягнем не толькі навучальныя кабінеты, але і актавую, спартыўную залы, памяшканне сталовай. Усе вялікія памяшканні — апрацаваныя і праветраныя — будуць задзейнічаны. Усе неабходныя сродкі дэзынфекцыі ў нас ёсць. Настаўнікі прытрымліваюцца масачнага рэжыму. Дзеці — па жаданні. Дарослыя толькі нагадваюць аб тым, як правільна выкарыстоўваць ахоўныя сродкі. За гэты час у нас хворых няма. Гэта датычыцца і настаўнікаў — усе ў страі. Спадзяюся, так і будзе.

Сёння 130 дзяцей з 286 — у школе. Да ўсіх падыдзем індывідуальна. Традыцыйна кожную сераду мы праводзім нараду педагогаў. Раней збіраліся ў канферэнц-зале за круглым сталом. Сёння ў актавай зале — прытрымліваемся дыстанцыі. Тут мы абмяркоўваем сітуацыю па кожнаму класу і вучню. Потым абмяркоўваем сітуацыю з бацькамі. Калі адзнака за чацвёртую чвэрць не ўплывае на агульную карціну, магчымая атэстацыя дзіцяці па выніках трох чвэрцяў. Калі адзнака ўплывае, з улікам пажаданняў бацькоў, улічваем вынік чацвёртай. Магу сказаць, што дыстанцыйнае навучанне ў ліцэі паспяхова вядзецца. Вяду яго і я, як настаўнік рускай мовы. Мы трымаем з вучнямі цесную сувязь. Праблем з выстаўленнем адзнак няма.

ФАКТ

Цяперашняя сітуацыя паказала, што важна развіваць агульнавучэбныя ўменні і навыкі, вучыць дзіця вучыцца, самастойна здабываць веды, смялей асвойваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і ўкараняць іх у паўсядзённае жыццё.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter