А кіруе ёю доктар габілітаваны Алена Глагоўская

Ёсць у Гданьску гасцінная “Хатка”

Адам Мальдзіс

А кіруе ёю доктар габілітаваны Алена Глагоўская

alena-glagouskaya.pngЯк вядома, беларусаў у Польшчы — тысячы, і сярод іх нямала вядомых, сацыяльна праяўленых людзей розных прафесій. У іх ліку і спадарыня Алена, пра якую тут пойдзе гаворка. Але спачатку прывяду ліст, атрыманы ў рэдакцыі. У яго такая перадгісторыя. Напярэдадні Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету мы звярнуліся ў беларускія суполкі замежжа з прапановай вылучыць найбольш вартых асобаў на атрыманне наймення “Гаспадыня-беларусачка”. Што за статус — мы пісалі раней. І вось ліст з Польшчы: “Паведамляем “Голасу Радзімы”, што мы ўдваіх абзванілі ўсіх сяброў нашага, гданьскага Беларускага культурнага таварыства “Хатка” (за выключэннем двух асобаў, якія выехалі на летні адпачынак). І ўсе прысутныя ў Гданьску горача рэкамендавалі Алену Глагоўскую ў наданне ёй ганаровага наймення “Гаспадыня-беларусачка”.Можна сказаць: прагаласавалі “за”.

Вось ужо 25 год вядомая вучоная-філолаг нястомна і энергічна кіруе папулярным сярод беларусаў Гданьска, Гдыні ды ўсяго польскага Памор’я культурным асяродкам і заахвочвае да дзейнасці іншых. Яе і наша праца — гэта вечары на розныя тэмы, прэзентацыя кніжак, наладжванне мастацкіх выстаў, сумеснае правядзенне гадавых свят і на працягу апошняга дзесяцігоддзя — саўдзел у арганізацыі Дзён нацыянальных меншасцяў “Гданьскія біяграфіі”. Да гэтага трэба дадаць навуковыя, выкладчыцкія і журналісцкія дасягненні Алены Глагоўскай. Яна ж належыць да Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”. Таму добра было б, каб цягам 15 гадоў старшыня МАБ, а цяпер — ганаровы старшыня гэтай грамадскай арганізацыі, сталы аўтар “Голасу Радзімы” Адам Мальдзіс дадаў некалькі словаў у падтрымку новай кандыдатуры на намінацыю “Гаспадыня-беларусачка”.

Анна Сабэцкая, пісьменніца, Часлаў Мекін, чыгуначнік і мемуарыст, г. Гданьск, Польшча”
Дадам хіба толькі тое, што мы са спадарыняй Аленай бачыліся і гутарылі дзясяткі разоў. І на кожным з пяці кангрэсаў беларусістаў у Мінску, і на розных канферэнцыях у Беластоку і Варшаве, ды і ў іншых месцах. Прыязджаю, скажам, на родную мне Астравеччыну ў глухую вёску Клюшчаны на адкрыццё мемарыяльнай дошкі Казіміру Сваяку — а пані Алена, прыехаўшы за свае грошы, стаіць на сходах, чакае іншых удзельнікаў, каб парадаваць іх невядомымі раней біяграфічнымі фактамі з жыцця паэта і святара. Некалькі разоў бачыліся ў гданьскай “Хатцы”. Сустракаліся нядаўна ў Мінску — на беларуска-польскім навуковым форуме ў БДУ.

Намінантка вядомая як аўтар грунтоўных прац па гісторыі беларускай культуры, беларуска-польскага духоўнага ўзаемадзеяння. Выйшлі яе кнігі “Беларусь 1914-1929 пад наступам палітыкі” (1996), “Беларусы на Гданьскім узбярэжжы” (2003), шматлікія артыкулы ў польскім і беларускім друку. Карыстаюцца поспехам лекцыі Алены Глагоўскай у Гданьскім і Беластоцкім універсітэтах.

З праграмы Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету я даведаўся, што 14 верасня ў Белдзяржфілармоніі “культуролаг, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта” Алена Глагоўская перадасць “у дар Беларусі архіў прадстаўніка беларускага авангардызму, архітэктара і скульптара Атона Краснапольскага”. Палез у беларускія энцыклапедыі, свае картатэкі: аказалася — няма там такога. Таму паслаў Анне Сабэцкай запытынне, а хто ж гэта? І атрымаў пісьмо з адказам, а ў ім на 15 старонках цікавы артыкул Алены Глагоўскай пра жыхара Мінска, Вільні і Гданьска, якому належыць аўтарства ў тым ліку і некалькіх неардынарных дамоў на сённяшняй вуліцы Кірава ў беларускай сталіцы. Так што дзякуючы намінантцы ў гісторыю беларускай культуры вяртаецца з забыцця яшчэ адна значная творчая постаць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter