Ёсць цікавы вопыт

Андрэ Бём сам з Германіі, але ўжо не першы год, як выкладае на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Дарэчы, ён добра гаворыць па-беларуску. У гутарцы Андрэ падзяліўся сваімі ўражаннямі аб нашай краіне
Андрэ Бём сам з Германіі, але ўжо не першы год, як выкладае на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Дарэчы, ён добра гаворыць па-беларуску. У гутарцы Андрэ падзяліўся сваімі ўражаннямі аб нашай краіне.

— Першы раз я патрапіў у Беларусь яшчэ студэнтам у 1996 годзе. У 1997-м таксама была экскурсія, а ўжо ў 1999-м прыехаў сюды на тры семестры па абмену. Вывучаў славянскую філалогію. Потым сам прыязджаў у Беларусь колькі разоў, у Германіі стаў арганізоўваць паездкі для студэнтаў у вашу краіну. У 2004 годзе ў мяне была ў Беларусі трохмесячная практыка — патрапіў сюды па стыпендыі DAAD (Нямецкая служба акадэмічных абменаў). А з 2005 г. я працую ужо як лектар DAAD. Трохі займаюся перакладамі беларускіх аўтараў. У першую чаргу арыентуюся ў гэтай рабоце на кніжны рынак Германіі. Там вельмі вялікая патрэба менавіта ў літаратуры маладых аўтараў.

— У чым, на ваш погляд, адметнасці беларускай сістэмы адукацыі?

— Яна істотна адрозніваецца ад нямецкай. У Беларусі іншы парадак. Далёка не ўсе немцы паступаюць ва універсітэт адразу пасля школы. Многія паспяваюць яшчэ папрацаваць пасля сярэдне-спецыяльнай адукацыі і толькі потым вырашаюць атрымаць вышэйшую. Немцы менш знаходзяцца пад апекай бацькоў. У Беларусі студэнтамі становяцца пераважна у 17-18 гадоў. У Германіі — у 19 гадоў або яшчэ пазней. Немца цяжэй прымусіць вучыцца, ён сам свядома на гэта ідзе. І ні дэкан, ні выкладчык не можа загадаць: калі студэнт не жадае, гэта ужо яго цяжкасці. У Беларусі, мне здаецца, школьная сістэма больш выразная, чаго ў Германіі няма.

Магу сказаць, што мне гэта падабаецца, я лічу “школьную сістэму” даволі прымальнай. У Германіі праводзяцца рэформы універсітэцкай адукацыі, сістэма робіцца больш школьнай. Гэта звязана са змяненнем сістэмы адукацыі ў Еўропе ў цэлым. Цяпер вучоба ў Германіі прыкладна складае 6 гадоў. Ідэальна было б сумясціць беларускую і нямецкую сістэмы адукацыі.

Яніна Сядзельнік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter