Ёсць што пагартаць і на што падзівіцца

На кніжным форуме ў Мінску можна знайсці і дзіцячыя кніжкі памерам з далонь, і шматкілаграмовыя фаліянты тысячагадовай даўніны

На кніжным форуме ў Мінску можна знайсці і дзіцячыя кніжкі памерам з далонь, і шматкілаграмовыя фаліянты тысячагадовай даўніны

На стэндзе пасольства ЗША чытачы знаёмяцца з мастаком і стваральнікам амерыканскіх коміксаў Джошам Элдэрам. Ля французскай экспазіцыі пісьменнік і падарожнік Патрык Дэвіль і кінарэжысёр Ален Флешэр дзеляцца прафесійнымі сакрэтамі. На іранскім стэндзе наведвальнікі спрабуюць сябе ў ролі мастакоў-мініяцюрыстаў. Што ні экспанент — нейкая “фішка” і “прынада” для наведвальнікаў. Але не згубіліся ў гэтым “кнігазвароце” і нашыя выданні. Дарэчы, у першы дзень працы выставы адбылося ўзнагароджанне лепшых узораў беларускай кніжнай індустрыі. Уладальнікам Гран-пры 53-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” стала Полацкае Евангелле выдавецтва Беларускага Экзархата. Былі названы таксама пераможцы ў намінацыях “ЛІТ-фармат”, “Фотапогляд”, “Залатыя скрыжалі” і іншых. Карэспандэнт “НГ” прайшлася па выставе і склала топ найбольш яркіх і прыкметных нацыянальных выданняў.

“Слуцкія паясы: традыцыя адраджэння”
Выдавецтва “Беларусь”
У апошні час слуцкія паясы ўсё часцей прыцягваюць да сябе ўвагу, нават рэалізуецца дзяржаўная праграма па адраджэнні тэхналогій і традыцый іх вырабу. Аднак нашы веды пра слуцкія паясы вельмі разрозненыя. Таму мастацтвазнаўца Барыс Лазука вырашыў аб’яднаць усе найбольш важныя і цікавыя звесткі пра гэтую тканую каштоўнасць у адну  кнігу — “Слуцкія паясы: традыцыя адраджэння”.
— У выданні разглядаюцца гісторыя ўзнікнення і развіцця слуцкай персіярні, фарміраванне і асаблівасці тканага пояса, — расказвае дырэктар выдавецтва “Беларусь” Ганна Трусевіч. — У кнізе прадстаўлены ілюстрацыі слуцкіх паясоў, партрэты вядомых людзей, якія імі карысталіся, фотаздымкі рэканструяваных строяў. У кнізе прыведзены варыянты выкарыстання адпаведных узораў і арнаментаванага дэкору ў вітражах, выцінанках, іншых творчых кірунках.

“Энцыклапедыя беларускага хакея”
Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
Кніга, выдадзеная напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі, расказвае  гісторыю развіцця гэтага віду спорту ў нашай краіне, а яна налічвае больш за семдзесят гадоў.
— Першы хакейны матч адбыўся ў Беларусі ў 1940 годзе, — нагадаў вядучы навуковы рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Юрый Бажэнаў. — Аднак сістэматычнае развіццё хакея пачалося ў нас толькі пасля вайны. У энцыклапедыі расказваецца пра ўсе каманды з тых часоў, чэмпіянаты СССР і міжнародныя матчы, у якіх прымала ўдзел наша зборная. Тут і алімпіяды, і КХЛ, і іншыя спаборніцтвы.
Кніга багата ілюстравана, яна выдадзена на рускай мове дзеля таго, каб ёю магла карыстацца як мага большая колькасць аматараў хакея.

“Галоўная вуліца Мінска”
Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Гуляем мы сёння ўздоўж праспекта Незалежнасці і нават уявіць сабе не можам, хто тут жыў, скажам, гадоў сто таму. А сапраўды, хто? Пісьменнік і энцыклапедыст Леанід Маракоў, задаўшыся такім пытаннем, спачатку правёў вялікае даследаванне, а затым выдаў кнігу ў двух тамах “Галоўная вуліца Мінска”.
— Кніга ўнікальная, у ёй сабраны дакументы, планы, фотаздымкі, звязаныя з жыццём галоўнай вуліцы Мінска з 1880 па 1940 год, — расказвае галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт Віктар Шніп. — Мы знаходзім тут біяграфіі людзей, якія там жылі, афішы таго часу, даведваемся, у якія крамы хадзілі жыхары гэтай вуліцы, якія тэатры наведвалі.

“Книжная культура. Ветка”
Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
Кніга з’яўляецца сумесным выдавецкім праектам Міністэрства інфармацыі Беларусі і Дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Масквы. Яна працягвае серыю выдавецтва “Энцыклапедыя рарытэтаў”.
У фаліянт увайшлі помнікі веткаўскай кніжнай культуры з калекцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Шклярава і іншых музейных і прыватных калекцый. Тут і знакаміты “Апостал”, надрукаваны Іванам Фёдаравым у 1574 годзе ў Львове, і “Евангелле” 1601—1606 гадоў Анісія Радзішэўскага, выдадзенае ў Маскве, і тры манускрыпты пачатку XVI—XVII стагоддзяў, створаныя на землях ВКЛ — “Залатое Евангелле”, “Чырвонае Евангелле” і “Евангелле з драконамі”. Некаторым рукапісным фаліянтам больш за паўтысячы гадоў!

Серыя кніг “Нашым дзеткам”
Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Праект адрасуецца самым маленькім чытачам. Кніжкі зручнага фармату і вельмі добра ілюстраваныя. Сярод новых выданняў серыі — “Ты не слухай мішку, коцік!” з вершамі Раісы Баравіковай і “Сябрына” Рыгора Барадуліна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter