Ёсць поле для дзейнасці

Барыс Батура — пра знешнеэканамічную дзейнасць Міншчыны

На Міншчыне рэалізуецца комплекс мер па пашырэнні рынкаў збыту прадукцыі і павелічэнні яе рэалізацыі наяўным партнёрам

Аб найбольш актуальных пытаннях развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці сталічнага рэгіёна журналістам паведаміў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура ў час нядаўняга брыфінгу.

«Мы атрымалі прынцыповую адзнаку на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па развіцці прамысловага комплексу і рэалізацыі беларускай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў адказнасць аблвыканкамаў за работу ў гэтым накірунку ў цэлым, у тым ліку за рэалізацыю прадукцыі прадпрыемствамі рэспубліканскай формы ўласнасці. Гэта пытанне знаходзіцца на строгім кантролі ў аблвыканкаме», — адзначыў Барыс Батура.

Ён паведаміў, што распрацаваны графікі па зніжэнні запасаў на складах, яны ўзгоднены з урадам і адобраны: «Мы ўзмацняем работу па пашырэнні рынкаў збыту, а таксама па павелічэнні рэалізацыі прадукцыі ранейшым партнёрам. Да канца года вобласць павінна знізіць запасы гатовай прадукцыі да ўзроўню месячнай вытворчасці. Ёсць упэўненасць, што з задачай, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, справімся».

Барыс Батура акрэсліў сітуацыю ў сталічным рэгіёне. Па стане на 1 чэрвеня запасы гатовай прадукцыі на прадпрыемствах вобласці склалі 100,4 % да месячнага выпуску. «Але сітуацыя па прадпрыемствах рэспубліканскай формы ўласнасці досыць складаная. Там запасы дасягнулi 137 % да месячага выпуску, або 4 трлн. 735 млрд. рублёў. Львіная доля ад гэтага прыходзіцца на БелАЗ. Астатак гатовай прадукцыі на прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці складае 24 % ад месячнага выпуску, у арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці — 67 %», — сказаў ён.

Зыходзячы з гэтай сітуацыі і выпрацаваны падыходы, каб выправіць становішча і ўцэлым выканаць прагнозныя паказчыкі, што датычацца знешнеэканамічнай дзейнасці. Па ацэнцы Барыса Батуры, вобласць нядрэнна працуе ў накірунку знешнегандлёвай дзейнасці. Так, за студзень—красавік знешні тавараабарот вырас на 16,4 %, экспарт тавараў склаў 2 трлн. 364 млрд. рублёў. Забяспечана станоўчае сальда — 572 млн. долараў. Сур’ёзную прыбаўку далі прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці і камунальнай формы ўласнасці як па таварах, так і па паслугах. Выраслі пастаўкі на экспарт нафтапрадуктаў, калійных удабрэнняў, малака, вяршкоў, але знізіўся экспарт грузавых аўтамабіляў.

«Сітуацыя на БелАЗе выклікана спадам попыту галоўным чынам з боку Расіі. Таму прадпрымаюцца сур’ёзныя меры па ўстанаўленні знешнегандлёвых сувязей з Казахстанам і Арменіяй. Працягваем развіваць рэгіянальныя сувязі з Расійскай Федэрацыяй і краінамі СНД. На сёння вобласць заключыла каля 77 дагавораў па супрацоўніцтве з 33 рэгіёнамі Расіі, краінамі СНД і далёкага замежжа», — паведаміў старшыня Мінаблвыканкама.

У мінулым годзе асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Мінскай вобласці былі Расія (38 % агульнага аб’ёму тавараабароту), Украіна (9,3 %), Бразілія (6,7 %), Германія (4,8 %), Кітай (4,2 %), Нідэрланды (4 %).

У цэлым жа аб’ёмы экспарту павялічыліся з Украінай, Узбекістанам, Малдовай, Кыргызстанам, Арменіяй і іншымі краінамі. Вялікія планы звязаны з Казахстанам.

Па ацэнцы кіраўніка сталічнага рэгіёна, вобласць нядрэнна справілася з заданнем па экспарце тавараў перапрацоўчай прамысловасці. За чатыры месяцы бягучага года экспарт мяса-малочнай прадукцыі павялічаны на 37 % да адпаведнага перыяду мінулага года, пастаўкі зроблены на 250 млн. долараў. «Нам неабходна працягваць шчыльна займацца рэалізацыяй і пашырэннем прысутнасці на рынках Расіі і іншых краін гатовай прадукцыі малакаперапрацоўчай галіны. Што да мясной перапрацоўкі, то пакуль рэалізацыя на экспарт гатовых мясных вырабаў складае каля 25 % ад агульнага аб’ёму. Тут ёсць шырокае поле для дзейнасці. Мадэрнізацыя мясаперапрацоўчай галіны практычна завершана. Лічу, што павелічэнне да 50—60 % рэалізацыі гатовай мясной прадукцыі на экспарт — задача выканальная», — сказаў Барыс Батура, падкрэсліўшы неабходнасць пашырэння рынкаў збыту. Расказваючы аб супрацоўніцтве з краінамі ЕС, Барыс Батура спыніўся на вытворчасці аўтагрэйдараў «Амкадор-Унікаб». Ён ахарактарызаваў гэту тэхніку як найвышэйшага класа і паведаміў, што ўжо ў жніўні павінны быць сабраны першыя дзесяць адзінак і мяркуецца іх пастаўка на еўрапейскі рынак. У гэтай сувязі кіраўнік сталічнага рэгіёна нагадаў продаж БелАЗа ў Канаду пасля правядзення ў ЗША выставы буйнагабарытнай тэхнікі і выказаў спадзяванне, што пасля пэўнага часу яе эксплуатацыі колькасць кантрактаў аб пастаўках на амерыканскі і канадскі рынкі павялічыцца.

Вялікая ўвага надаецца ў вобласці і развіццю лагістычнай інфраструктуры. Тут таксама ёсць шэраг праблем, а іх вырашэнне магло б павялічыць экспарт паслуг, пераважная большасць якіх прыпадае на транспартныя. На тэрыторыі вобласці зараз ідзе рэалізацыя 14 інвестпраектаў па будаўніцтве сучасных лагістычных цэнтраў, 8 з іх ужо дзейнічаюць.

На нарадзе Прэзідэнт зрабіў асобы акцэнт на тым, што прадукцыя, якая выпускаецца беларускімі прадпрыемствамі, павінна быць найвышэйшай якасці і запатрабаванай. У сталічнай вобласці ідзе мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, што дазволіць вырабляць высакаякасную канкурэнтаздольную прадукцыю. Барыс Батура адзначыў, што выконваецца яна паспяхова: «Да канца жніўня плануецца запуск новай вытворчасці буйнагабарытнага 450-тоннага самазвала ў Жодзіне. Гэта сур’ёзныя інвестыцыі і сур’ёзная машына, на якую ёсць попыт. З праектам звязваем спадзяванні на павелічэнне аб’ёмаў і геаграфіі экспарту». Увогуле ж, як ён зазначыў, у выкананні найважнейшай задачы — павелічэнне экспартных паставак — не абысціся без значных інвестыцый. На сёння ў вобласці асвоена каля 9 трлн. рублёў і адкрыта 130 новых прадпрыемстваў. Нядрэнная перспектыва прасочваецца і па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Гадавое заданне складае 250 млн. долараў, і ўжо зараз 180 з лішкам млн. долараў працуюць на эканоміку вобласці, а па выніках года ёсць намер паказчык істотна перавысіць.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў і тое, што ў графіках ідуць найбольш буйныя інвестыцыйныя праекты, якія ва ўсіх на слыху. Гэта стварэнне Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, вытворчасці па выпуску чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электратранспарту і іншыя. Што да апошняга праекта, то завод у Дзяржынску па вытворчасці электратранспарту з удзелам інвестыцый швейцарскай кампаніі «Stadler Rail Group» будзе ўведзены ўжо сёлета. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter