Ёсць нагода для знаёмства

“Клуб беларусаў Смаленскага краю” ствараецца ў старажытным горадзе ў юбілейны для яго год
“Клуб беларусаў Смаленскага краю” ствараецца ў старажытным горадзе ў юбілейны для яго год

Якія мы, беларусы? Даводзіцца чуць розныя меркаванні на гэты конт. А большасць субяседнікаў сходзіцца ў вызначэнні: мы — вельмі талерантны, цярплівы, працавіты, добразычлівы, прыязны народ, які і сам вельмі не любіць прымусу, ды і асцерагаецца іншых прыгнётам ці неасцярожным словам пакрыўдзіць. Нядаўна, 5 ліпеня, у адным з кафэ Смаленска, які сёлета адзначае 1150-годдзе, сабраліся людзі, крэўна звязаныя з Беларуссю. Сярод іх былі, у прыватнасці, начальнік Галоўнага ўпраўлення Цэнтрабанка Расіі па Смаленскай вобласці Міхаіл Чахуноў, супрацоўнікі адміністрацыі вобласці Ігар Сакалоў, Расціслаў Роўбель, Ігар Янгіраў, акадэмік Расійскай акадэміі медыцынскіх навук Аляксандр Дарасевіч, дырэктар таварыства “Приорстрой” Вячаслаў Сцяпанаў, дарадца старшыні савета дырэктараў таварыства “Смаленскі Банк” Васіль Казленя і аўтар гэтых радкоў. На тым паважаным сходзе і было прынята рашэнне аб стварэнні грамадска-дзелавой суполкі “Клуб беларусаў Смаленскага краю”. Прысутныя аднагалосна абралі старшыню клуба, ім стаў Ігар Анатольевіч Сакалоў — намеснік начальніка дэпартамента эканамічнага развіцця, інвестыцый, знешнеэканамічнай дзейнасці і прадпрымальніцтва Смаленскай вобласці. Для тых, хто пажадае наладзіць кантакты з смаленскімі беларусамі, нагадаю: наш зямляк нарадзіўся 5 жніўня 1973 года (хутка юбілей!) у горадзе Клімавічы, на Магілёўшчыне, мае тры вышэйшыя адукацыі, жанаты, у сям’і расце сын.
Беларусаў у Смаленскай вобласці шмат: паводле перапісу насельніцтва 2010 года — больш за дванаццаць тысяч. Нашых супляменнікаў можна часта сустрэць у калідорах улады: яны займаюць пасады ў адміністрацыі вобласці, сярод кіраўнікоў раённых, гарадскіх, пасялковых утварэнняў. Паспяхова кіруюць землякі буйнымі арганізацыямі, малымі фірмамі, працуюць дзеля росквіту Смаленшчыны.
Мне прыемна паведаміць чытачам “Голасу Радзімы”: у выдатны ліпеньскі дзень у выдатным горадзе Смаленску нарадзілася суполка выхадцаў з Беларусі. Яны згуртаваліся, каб, як казаў класік, “людзьмі звацца” і дапамагаць сваімі справамі кіраўніцтву вобласці, гарадоў і раёнаў Смаленшчыны ўмацоўваць міжнацыянальны мір, згоду, садзейнічаць саюзнаму будаўніцтву, прапагандаваць гісторыю, культуру, дасягненні брацкіх народаў і дзяржаў. Цяпер рыхтуюцца неабходныя дакументы і хутка, у жніўні-верасні, у гатэлі “Новы” плануецца правесці ўстаноўчую канферэнцыю “Клуба беларусаў Смаленскага краю”. Дарэчы, цяпер у суполцы прадугледжаны такі ўдзел: сябры, ганаровыя члены, ганаровыя госці, госці, калектыўныя члены, а таксама (увага!) беларускі зяць і беларуская нявестка.
Уступіць у суполку могуць не толькі выхадцы з Беларусі, але і тыя, хто служыў, працаваў, жыў пэўны час у Беларусі ці мае родавыя беларускія карані. Карацей, можна сказаць: “Усе сцягі — у госці да нас, гэта значыць — у Смаленск!”.

Алег Кандыба, прэзідэнт Маскоўскага клуба беларусаў, віцэ-прэзідэнт таварыства “Смаленскі Банк”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter