Ёсць хлеб, ёсць і песня

13 жніўня пачынаюцца Спасаўскія запускі, гэта пярэдадзень Спасаўскага посту, які доўжыцца з 14 па 28 жніўня. Першы Спас, або Макавей, святкуюць 14 жніўня, асаблівая пашана ў гэты дзень — маку і мёду. З раніцы гаспадыні частавалі сямейнікаў варэнікамі з макам і мёдам або пірагамі з макам і моркваю. Гатавалі такія стравы, у якія можна мачаць бліны, бульбу ці коржыкі. У царкве асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Макам абсыпалі-асвячалі хлеў, хату, а дзяўчаты варажылі на суджанага. Пчаляры “падглядвалі пчол” — пра тое, дарэчы, ёсць цэлы раздзел у паэме Якуба Коласа “Новая зямля” — і даставалі трохі мёду. У гэты дзень значная ўвага надаецца і крыніцам, да якіх звычайна вяскоўцы ладзяць крыжовае шэсце.
І зажынкі, і дажынкі — знакавыя святы ў жыцці беларусаў13 жніўня пачынаюцца Спасаўскія запускі, гэта пярэдадзень Спасаўскага посту, які доўжыцца з 14 па 28 жніўня. Першы Спас, або Макавей, святкуюць 14 жніўня, асаблівая пашана ў гэты дзень — маку і мёду. З раніцы гаспадыні частавалі сямейнікаў варэнікамі з макам і мёдам або пірагамі з макам і моркваю. Гатавалі такія стравы, у якія можна мачаць бліны, бульбу ці коржыкі. У царкве асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Макам абсыпалі-асвячалі хлеў, хату, а дзяўчаты варажылі на суджанага. Пчаляры “падглядвалі пчол” — пра тое, дарэчы, ёсць цэлы раздзел у паэме Якуба Коласа “Новая зямля” — і даставалі трохі мёду. У гэты дзень значная ўвага надаецца і крыніцам, да якіх звычайна вяскоўцы ладзяць крыжовае шэсце. Лета ж увогуле ў Беларусі пара, калі на многія святы ўшаноўваюць крыніцы, ладзяць ля іх святы.
15 жніўня ў каталікоў Першая Прачыстая. Асвячаюць зёлкі, збожжа, садавіну. Дзень 16 жніўня пазначаны маланкамі, вятрамі і дажджамі, таму называецца Антоны-віхравеі. 17 жніўня, на Еўдакію, звычайна ўбіралі агуркі з агарода.
19 жніўня — Другі Спас, або Яблычны Спас , які яшчэ называюць Вялікі. Менавіта ў гэты дзень асвячаюць у царкве садавіну: яблыкі, грушы. Раней да гэтага дня яе звычайна не ўжывалі, некаторыя вернікі прытрымліваюцца такога правіла і цяпер.
23 жніўня лічыцца днём млынароў, называецца Лаўрэн. Лечаць вочы ля крыніц: кажуць, у гэты дзень іх вада мае асаблівую лекавую сілу. Прысвятак Баўтрамей, лічаць у народзе, “высылае буслоў па дзяцей”. Працягваецца сяўба азімых. У некаторых рэгіёнах Палесся спраўляюць Спасаўскія Дзяды і Бабы— гэта абрадавая памінальная вячэра перад Успленнем або Першай Прачыстай. У пятніцу поснымі стравамі памінаюць памерлых мужчын роду, а ў суботу скаромнымі стравамі — памерлых жанчын. У іншых рэгіёнах Дзяды спраўляюць толькі ў суботу, і тады памінаюць усіх памерлых, незалежна ад полу.
28 жніўня — Першая Прачыстая, свята называюць яшчэ Успленне, Багародзіца, Гаспажа, Зелна, Зельная, ёсць і іншыя рэгіянальныя назвы. Гэта адметнае свята ўраджаю, калі ладзяць дажынкі, асвячаюць зёлкі, гародніну і “бараду” — апошні снапок са зжатай нівы, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі азімых. Стараліся ж на Беларусі заўсёды сеяць у чыстым адзенні — каб і ў пасевах не заводзілася пустазелле, у поўню, клалі ў зерне яйкі (жыццядайная сіла) і выконвалі іншыя традыцыйныя для пэўнай мясцовасці звычаі. У некаторых рэгіёнах праводзяць Свята свечкі, якую пераносяць з адной хаты, дзе яна захоўвалася год, у другую.
29 жніўня — Трэці Спас, або Хлебны, Арэхавы — адно са свят хлеба. І ў гэты дзень маглі спраўляць дажынкі, свята заканчэння жніва: пакідалі ў полі або зразалі жменьку апошніх каласкоў жыта — так званую “бараду”, упрыгожвалі яе кветкамі, а на полі пакідалі ахвяру духу нівы — хлеб і соль. Гаспадар, які запрашаў жніўную талаку на дажынкі, частаваў жнеек у полі ці дома. Апошні снапок прыносілі дахаты і ставілі ў Чырвоны Кут, самае ганаровае месца ў хаце.
31 жніўня — конскае свята, свята пастухоў. Чакаюць, што будзе арабінавы дзень і арабінавая ноч, з навальніцай, бурай. Нічога ў полі не рабілі, засцерагаліся ад маланкі з дапамогай малітваў і магічных абрадаў, як некалі і нашы продкі.

Рэгіна Гамзовіч
На здымку:
І зажынкі, і дажынкі — знакавыя святы ў жыцці беларусаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter