«Ён ва мне звініць, далёкі горад…»

Мастацкаму музею падаравалi скульптуру, прысвечаную Шагалу

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі атрымаў у падарунак унікальную скульптуру, прысвечаную Марку Шагалу

Урачыстая цырымонія перадачы Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі скульптуры Святланы Гарбуновай «Мастак і горад. Марк Шагал» адбылася ў Мінску. З 1994 года гэты твор знаходзіўся ў асабістай калекцыі аўтара.

Для музея скульптуру набыў і перадаў у дар яго генеральны партнёр — замежнае прыватнае прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані», плённае супрацоўніцтва з якім існуе на працягу ўжо дзесяці гадоў.

Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, займець у калекцыі гэтую скульптурную кампазіцыю марылі даўно, цяпер яна дапоўніць і ўпрыгожыць пастаянную экспазіцыю, а яе з’яўленне там стане значнай па-дзеяй не толькі для музея і краіны, але і для замежжа.

— Ідэя гэтага твора нарадзілася ў Нью-Йорку, дзе ў 1987 годзе мне давялося некалькі месяцаў працаваць, — расказала Святлана Гарбунова. — У вестыбюлі Генеральнай Асамблеі ААН я ўбачыла вітраж, выкананы Шагалам, і, знаходзячыся сама далёка ад дома, адчула тую настальгію, якая рухала мастаком. Марк Шагал — гэта сімвал таго, як чалавеку і творцу трэба любіць сваю радзіму. Праз усё сваё жыццё і творчасць, працуючы ў розных краінах свету, ён пранёс любоў да роднага Віцебска. У любым творы Шагала лёгка заўважыць матывы гэтага горада, з якім ён быў непарыўны.

Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, у скульптара Святланы Гарбуновай асаблівы талент трапна перадаваць вобразы вядомых гістарычных асоб Беларусі. Выдатнае пацверджанне гэтаму культавая работа майстра — помнік асветніку Сымону Буднаму ў Нясвіжы. Сярод яе твораў таксама мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, надма-гільны помнік народнаму пісьменніку Беларусі Кандрату Крапіве.

Над скульптурай, прысвечанай Марку Шагалу, Святлана Гарбунова працавала на працягу 7 гадоў. Яна стварыла вобраз маладога мастака, які ўзвышаецца над Віцебскам з пэндзлем у руцэ. Ён быццам зноў малюе горад свайго дзяцінства, да якога ў думках вяртаўся на працягу ўсяго жыцця, які на-тхняў і даваў сілы для новых творчых ідэй, пра які ў адным са сваіх вершаў напісаў: «Ён ва мне звініць, далёкі горад…»

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter