Ён сплёў вянок сваёй эпохi

Хто былі тыя жанчыны, якім Максім Багдановіч прысвячаў сваю лірыку кахання?

Максім БАГДАНОВІЧ, 1911 год.

Прэзідэнт павіншаваў удзельнiкаў урачыстасцей з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максiма Багдановiча.

...Ён нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Але ўжо летам гэтага ж года сям`я будучага паэта пераязджае ў Гродна. Пасля ў Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль. Зноў у Мінск ён  вернецца толькі ў кастрычніку 1916-га. 

Тут Багдановіч знаходзіць аднадумцаў,  актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, працуе сакратаром у губернскім харчовым камітэце — дапамагае ахвярам вайны. Гэта была цяжкая і самаадданая праца, якая падарвала і без таго слабое здароўе паэта. З юнацтва ён хварэў на туберкулёз. Тым не менш і ў Мінску Багдановіч не перастае пісаць. Тут былі створаны яго выдатныя вершы «Страцім-лебедзь», «Пагоня».

Каб палепшыць фізічны стан паэта, сябры сабралі неабходныя грошы і адправілі яго лячыцца ў Крым. У канцы лютага 1917-га Багдановіч пакідае Мінск. Назад ён ужо не вернецца, яго не стане 25мая. Ён пражыў вельмі кароткае — 25 гадоў, але вельмі яркае і плённае жыццё. Самы малады класік беларускай літаратуры, наш Лермантаў, як яго называюць, Багдановіч пакінуў багатую творчую спадчыну, якая і сёння не перастае цікавіць, здзіўляць, уражваць і захапляць сучаснікаў.

* * *

Паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы новага часу. Пры гэтым мову вывучыў, знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы. І асвоіў яе Максім Багдановіч дасканала. Сведчанне таму — яго непераўзыйдзеная, шчырая і душэўная лірыка кахання. Лепшыя з гэтых твораў могуць быць аднесены ды шэдэўраў сусветнай паэзii. Такія вершы не пішуцца з пустым сэрцам. Перажываў малады паэт і захапленні, і расчараванні. Хто ж былі яны, жанчыны, якія яго натхнялі і якія  дзякуючы яго творчасці пакінулі свае імёны ў гісторыі літаратуры?

Вясной 1909-га Максім Багдановіч захварэў на туберкулёз. Бацька паэта Адам Ягоравіч узгадваў ва ўспамінах, што павёз 18-гадовага сына на лячэнне ў Ялту, пасялiў у пансiёне на малочнай ферме «Шалаш», дзе жылі такія ж хворыя пастаяльцы, пераважна моладзь. І сярод іх — дзяўчына, з якой Максiм пазнаёмiўся, а пазней, ужо з Яраслаўля, падтрымлiваў некаторы час перапiску. 

Пра яе амаль нiчога невядома: не захавалася ні імя, ні фотаздымкаў, ні перапiскі. Але ёй Багдановiч прысвяцiў адзiн з лепшых сваiх вершаў — «Цемень» (1909), пад якім подпіс: «Ахвярую М.А.Кіц-най». Даследчыкі называюць яе М.А. Кіціцынай, але загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка гаворыць: прозвішча расшыфравана ўмоўна, дакладных звестак няма. Таксама застаецца гадаць, ці былі тыя адносіны больш чым сяброўскімі.

Ганне КАКУЕВАЙ
прысвечана паэма «Вераніка».

Гісторыя першага кахання Багдановіча звязана з імем Ганны Рафаілаўны Какуевай. А.Р.К., Ганна Р-на К-ва — таксама яна, сястра Максімавых гімназічных таварышаў Рафаіла і Мікалая Какуевых, трохі за іх старэйшая, удзельніца вясёлых гульняў у доме Какуевых у Яраслаўлі. Пазней, калі моладзь падрасла і раз’ехалася, Ганна вучылася ў Санкт-Пецярбургу ў кансерваторыі, была піяністкай. З Максімам яны бачыліся толькі, калі яна прыязджала на канікулы. 

Ёй было аддадзена сэрца паэта. Сярод яго твораў — чацвяртны акраверш (з пачатковых літар складаецца імя), прысвечаны каханай дзяўчыне:

Ах, как умеете Вы, Анна,

Не замечать, что я влюблен.

Но все же шлю я Вам не стон,

А возглас радостный: осанна!

Ганне Багдановіч прысвяціў многа вершаў, у тым ліку цыкл пад назвай «Мадонны» з двух невялікіх паэм «У вёсцы» і «Вераніка». Знакамітыя радкі, якія сталі песняй «Ізноў пабачыў я сялібы, дзе леты першыя прайшлі…», — адтуль.

Але чаму — Вераніка? Гэта імя вельмі падабалася паэту. Яно належала яго маленькай сяброўцы Роначцы — Веранічцы Залатаровай, маленькай дзяўчынцы, якой паэт быў зачараваны, купляў ёй кніжкі і нават пісаў для яе вершыкі.

Палкіх пачуццяў Максіма Ганна не падзяляла. Выйшла замуж за яго аднакласніка Івана Лілеева, але яе вобраз заставаўся жыць у сэрцы паэта. Вершы пра Аню ён нават хацеў сабраць у асобны зборнік «Палын-трава», сама назва якога асацыіруецца з горыччу і расчараваннем ад нераздзеленага кахання. 

Пасля Яраслаўля Максім і Ганна больш не бачыліся ніколі. Цікава, што менавіта ў сям’і Ганны Рафаілаўны ў Ленінградзе захоўваўся зборнік вершаў «Вянок» з дароўным аўтографам Багдановіча яе брату Мікалаю. Пра гэта стала вядома ў пачатку 1970-х ад сына Ганны Мікалая Лілеева, які перадаў кнігу ў Мінск. Ён расказваў, што на ўсе спробы высветліць у маці, чаму апынулася ў яе не ёй падораная кніга, тая адказвала маўчаннем.

Дарэчы, даследчыкі лічаць, што знакамітая «Зорка Венера» таксама прысвечана Ганне Какуевай.

Нюта ГАПАНОВІЧ —
стрыечная сястра паэта.

Можна дзе-нідзе сустрэць інфармацыю, быццам Максім Багдановіч быў закаханы ў Нюту Гапановіч, сваю стрыечную сястру, якая жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе. Але Марына Запартыка мяркуе, што там хутчэй былі сяброўскія адносіны, Багдановіч проста вельмі любіў і паважаў сваю сястру, лічыўся з яе поглядамі. Яна была дзяўчынай добра адукаванай і прагрэсіўнай, вучылася на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах на фізіка-матэматычным факультэце. 

Менавіта для Нюты Максім пераклаў на рускую мову свой зборнік «Вянок», бо тая сказала, што не ведае беларускай і не зможа ацаніць яго вершы. Рукапісную кніжку паэт назваў «Зеленя» (1909—1913) і, аддаючы ў падарунак, не абмінуў пакпіць: ці то з сястры, ці то са сваіх вершаў. На вокладцы яго рукой напісана нямецкая літаратурная прыказка: «Переводы стихов — словно женщины, если красивы, то неверны. А если верны, то некрасивы».

Пра гісторыю крымскага кахання паэта вядома вельмі мала. Захаваліся толькі звесткі з сяброўскіх перапісак пра тое, што ў 1915 годзе падчас лячэння Максім быў закаханы ў замужнюю жанчыну. Яе звалі Клава. Прозвішча — Салтыкова, вылічылі пазней даследчыкі. Жанчына з такім імем і прозвішчам жыла з Багдановічам у адзін час і ў адным пансіёне ў Ялце. Палкі курортны раман. Пасля яны раз’ехаліся кожны да сябе, вялі перапіску. Колькі — невядома… Пра тыя адносіны застаўся рукапіс, так званы «інтымны дзённік» Багдановіча, інтрыга якога захоўваецца ўжо шмат гадоў. Гэта не дзённік у звычайным уяўленні, а ўсяго некалькі старонак тэксту, напісаных неразборліва алоўкам. Нататкі паэт рабіў не для чужых вачэй і не клапаціўся выводзіць літары. Нават спробы спецыялістаў-экспертаў расшыфраваць запісы скончыліся нічым, расчыталі толькі часткова. Марына Запартыка гаворыць: ажыятажу вакол гэтага дзённіка многа, пакуль яго не бачаць. Дарэчы, выставіць рукапіс у пастаянную экспазіцыю нельга: такія правілы захоўвання. Але калі гадоў пяць таму дзённік паказалі на часовай выставе, ніхто асаблівай цікавасці чамусьці не праявіў — некалькі някідкіх і нечытэльных старых аркушаў. 

Пачуццямі ж, якія жылі ў душы паэта пасля той сувязі, прасякнуты яго верш, напісаны ў 1915-м: «Забудется многое, Клава,/Но буду я помнить всегда,/ Как в сердце шипела отрава/ Любви, и тоски, и стыда».

З Вандай Лявіцкай, дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш. Максім Багдановіч пазнаёміўся па перапісцы. У 1916 годзе ён заканчваў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй,  яна — актыўна ўдзельнічала ў літаратурна-грамадскім і асветніцкім руху ў Мінску. Ініцыятыва пісьмовага звароту да Багдановіча сыходзіла менавіта ад яе. І ён адгукнуўся.

Яе лісты — вельмі прыгожыя, шчырыя, натхнёныя. Максіма, магчыма, захапіў рамантычны настрой, разважае Марына Запартыка. Некаторыя даследчыкі творчасці паэта мяркуюць, што ў тым ліку і да Ванды ехаў у Мінск Багдановіч. І яна чакала яго як каханага. Але — зноў расчараванне: пры сустрэчы дзяўчына знешне Максіму не спадабалася. Паэту было прыкра, што пакрыўдзіў пачуцці Ванды, зрабіў ёй балюча. Гэтымі перажываннямі дзяліўся з Зоськай Верас, ёсць пра тое яе ўспаміны. 

У канцы лютага 1917 года Багдановіч назаўсёды пакідае Мінск. Яго жыццёвы шлях абарвецца ў гэты ж год, 25 мая ў Ялце. А восенню Ванда Лявіцкая выйдзе замуж за пісьменніка Язэпа Лёсіка. Стане яму вернай жонкай і добрай маці для яго дзяцей.

Ірына СВІРКО

svirko@sb.by

У люстэрцы часу з Багдановiчам


Абноўленая пасля рэканструкцыі экспазіцыя адкрыецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 9 снежня, у дзень нараджэння класіка.

Загадчыца Літаратурнага музея М. Багдановіча Марына ЗАПАРТЫКА ў экспазіцыі

Сёння ў фондах музея захоўваецца каля 20 тысяч прадметаў, звязаных з яго жыццём і творчасцю. Сярод самых каштоўных — чатыры асобнікі адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» з аўтографамі аўтара, арыгінальныя фатаграфіі, рукапісны зборнік вершаў «Зеленя», старонкі дзённіка 1915 года, а таксама адзіная мемарыяльная рэч — цацка-мядзведзік Васілька, якую ў 1913 годзе паэт падарыў сваёй стрыечнай пляменніцы. 

Паводле слоў загадчыцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марыны Запартыка, абноўленую экспазіцыю дапоўняць некалькі новых дакументаў, якія тычацца працы бацькі паэта — Адама Ягоравіча Багдановіча ў вучылішчы ў Мінску і ў зямельным банку ў Гродна. Разам з тым чакаецца, што на часовае захаванне ў музей сёння будзе перададзены гадзіннік Максіма Багдановіча.

Новую экспазіцыю аздабляюць сучасныя мультымедыйныя інсталяцыі. Так, наведвальнікі змогуць убачыць адмысловае «Люстэрка часу», у якім з’яўляюцца вобраз паэта і выявы яго вершаў, віртуальна пагартаць зборнік «Вянок» і пазнаёміцца з генеалагічным дрэвам сям’і Багдановічаў.

Да слова, сёння пасля доўгага перапынку чакаецца адкрыццё і абноўленай «Беларускай хаткі» на вуліцы Рабкораўскай, 19, — адзінага, які захаваўся, будынка, звязанага са знаходжаннем Багдановіча ў Мінску. У адным з пакояў гэтага дома Бгдановічу давялося жыць з кастрычніка 1916-га па люты 1917 года. 

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости