Команда из Минска разработала уникальную программу для мгновенной диагностики состояния легких

Ён слухае ваша дыханне

Па-сапраўднаму захапляюць людзі, якія, сутыкнуўшыся з праблемай, не толькі вырашаюць яе для сябе, але робяць усё, каб іншых такія цяжкасці абмінулі. Жадаеце прыклад? Карэспандэнт «Р» пазнаёмілася з маладой камандай з Мінска, якая пакінула сваё асноўнае месца працы, каб сумесна з урачамі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) стварыць праграму для дыягностыкі стану лёгкіх, аналагаў якой у свеце няма.

Урач-пульманолаг Мансур ЭЛЬЖБУР слухае лёгкія пацыента з ХАХЛ Пятра Канстанцінавіча з выкарыстаннем «Пашпарта лёгкіх»

Ад кашлю да ідэі


Кучаравыя валасы, маленькі рост і такі агонь у вачах! Знаёмцеся, тэсціроўшчык Алена Бінецкая — зараз маладая мама ў дэкрэтным адпачынку. Побач з ёй — лепшы сябар, муж і яшчэ партнёр па распрацоўцы праграмы «Пашпарт лёгкіх» Максім Зябко. Сёння яны пакінулі ў бабулі сваю ідэйную натхняльніцу, дачушку Яраславу, каб прадэманстраваць нам у дзеянні сваю ўнікальную распрацоўку. Пакуль мы едзем у бальніцу ў Бараўляны, дзе праграма ўжо выпрабоўваецца, Алена расказвае:

— Ідэя стварэння праграмы, якая б магла самастойна, без урача, праводзіць дыягностыку стану лёгкіх, з'явілася, калі мы былі вымушаны вырашаць сваю праблему. Наша дачка ў чатыры месяцы моцна і доўга кашляла. Нам было страшна — увесь час вазілі яе па ўрачах. Кожны раз нам казалі: «У яе чыстыя лёгкія, проста зубкі рэжуцца, сліна, слізь з носа сцякаюць, вось яна і адкашліваецца. Пройдзе». Але кашаль не праходзіў… Падчас чарговай паездкі да ўрачоў, памятаю, падумала: ну павінна ж быць нейкае аўтаматызаванае рашэнне, якое магло б прадыягнаставаць лёгкія!

Алена і Максім доўга спрабавалі знайсці хоць што-небудзь на рынку IT з такой ідэяй. Аднак нічога падобнага не было. Да размовы падключаецца Максім:

— У снежні мінулага года мы звярнуліся да знаёмых праграмістаў, якія працуюць у галіне аналізу дадзеных нейронавых сетак, са сваёй прапановай стварыць тое, што дапаможа аналізаваць стан лёгкіх. Ужо ў студзені ў нас склалася каманда з сямі чалавек, якая займаецца гэтым праектам і цяпер!

Пакуль інжынеры і пра­грамісты займаліся тэх­нічнай часткай, Алена і Максім пачалі вывучаць рынак і абдумваць навуковы скла­дальнік праекта. Як аказалася, спробы дыягнаставаць стан лёгкіх з дапамогай нейронавых сетак і іншымі аўтаматычнымі спосабамі былі яшчэ ў 90-я. Знойдзеныя навуковыя даследаванні сведчылі пра тое, што камп’ютар можа больш дакладна распазнаць шум лёгкіх, чым чалавек, нават урач. Да таго ж левае і правае вуха таксама чуюць па-рознаму! У камп’ютара такога, вядома ж, няма.

— Каб мы змаглі нейронныя сеткі навучыць праслухоўваць лёгкія, нам трэба было сеткі навучыць слухаць і разумець, што азначае той ці іншы шум, — працягвае гісторыю Алена. — Нам трэба было сабраць вялікі аб'ём даных — шумоў лёгкіх, па якіх праграма змагла б на 100 працэнтаў выдаць, што чуе. Напрыклад, які хрып — сухі або вільготны? Так прыйшлі да высновы: нам патрэбныя ўрачы, якія б дапамаглі сваім вопытам і ведамі.

У красавіку яны знайшлі ў інтэрнэце тэлефон кафедры пуль­маналогіі і фтызіятрыі ДУА «Бела­руская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі» і проста туды патэлефанавалі. Паведамілі пра ідэю, і ўжо праз пару хвілін ім сказалі: «Прыязджайце да нас прама сёння». Дарэчы, вось і мы ўжо сюды прыехалі.

Выпрабавана на сабе


Мы знаходзімся ў супрацьту­бер­кулёзным дыспансерным аддзя­ленні. Нас сустракаюць урач-пуль­манолаг Мансур Эльжбур і доктар медыцынскіх навук, дацэнт, загадчык кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА Алена Лап­цева. Гэта тыя самыя ўрачы, якія адразу ж адгукнуліся на ідэю сям'і. Чаму? Прычыны відавочныя: «Пашпарт лёгкіх» дапаможа не толькі пацыентам адсочваць стан здароўя, але таксама дапаможа ўрачам «разгрузіцца». Справа закіпела, калі Алена і Максім па­д­рых­тавалі спецыяльную мабільную праграму і ўка­ранілі ў стэтаскоп мікрафон. Мансур Эльж­бур расказвае:

— Мы пачалі запіс­ваць праз гэты стэтаскоп на праграму шумы лёгкіх пацыентаў і маркіраваць іх — пазначаць, якія ме­навіта шумы чуем і для якой хваробы яны характэр­ныя.

Пасля такога праслу­хоў­вання кожны запіс ад­праў­ляўся на сервер, дзе шум апрацоўваўся і «разумныя» машыны запаміналі яго. Цяпер у «скарбонцы» праграмы ўжо ёсць тысяча шумоў лёгкіх людзей розных узростаў з рознымі хваробамі. Усе даныя абязлічаны. Зараз, у летні перыяд, пакуль не лютуюць прастуды, пнеўманія і іншыя захворванні, каманда сканцэнтравана на такіх хваробах, як астма і ХАХЛ — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.

— Нават пры такой хваробе наша праграма карысная. Дыягностыка дапаможа чалавеку кантраляваць лёгкія практычна ўвесь час, — Максім нарэшце паказвае на смартфоне праграму «Пашпарт лёгкіх» і працоўны прататып электроннага стэтаскопа. — Мабільная праграма здольная дакладна вызначыць, пагоршыўся стан здароўя ці не. Бо хворы на ХАХЛ не можа сам сабе на гэтае пытанне адказаць: ён прызвычаіўся, што яму цяжка дыхаць, пастаянна кашляе. Хутка, калі мы выпусцім прыладу і праграму на рынак, кожны зможа ацэньваць здароўе сваіх лёгкіх, а таксама ў асабістым кабінеце праграмы праглядваць тэндэнцыі развіцця хваробы.

Калі ісці да ўрача?


— Наша праграма не ставіць дыягназ, а толькі дапамагае прыняць рашэнне: ці неабходна менавіта цяпер звярнуцца да ўрача, — акцэнтуе ўвагу Алена Бінецкая. — Нядаўна мы правялі даследаванне амерыканскага рынку і знайшлі вось такую статыстыку: кожнае трэцяе дзіця да двух гадоў трапляе ў «хуткую дапамогу» з-за праблем дыхання. Пры гэтым 94 працэнты ўсіх дзяцей, якіх прывозяць у бальніцу, адразу адпускаюць дадому. У 30 працэнтаў з іх былі простыя інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў. Такія паездкі да ўрачоў адымаюць час, грошы, рэсурсы. Калі б ва ўсіх быў наш бесправадны стэтаскоп і праграма, то такіх праблем не было б.

Алена і Максім падрыхтавалі спецыяльную мабільную праграму і ўкаранілі ў стэтаскоп мікрафон

Алена і Максім паказваюць на фота невялікі дэвайс — аказваецца, гэта той самы стэтаскоп, які яны хочуць выпусціць на рынак. У адрозненне ад звычайнага, ён лёгкі, не мае правадоў і ўяўляе сабой адчувальную мембрану для збору шумоў. Пасля гэты пераносны стэтаскоп праз блютуз на смартфоне перадае сабраныя шумы на сервер, дзе яны апрацоўваюцца, а нейронныя сеткі даюць вам адказ: ці варта ісці да ўрача. Па словах Максіма, пакуль каштаваць такі стэтаскоп будзе каля 100 рублёў. Калі жадаючых яго купіць будзе шмат, то, вядома, кошт паменшыцца.

— Перад выпускам на рынак мы, вядома, правядзём клінічныя выпрабаванні, — пакуль Алена расказвала, пульманолаг забраў узор стэтаскопа, каб ацаніць стан лёгкіх пацыента — Пятра Канстанцінавіча, які звярнуўся сюды з ХАХЛ.

Стэтаскоп запісвае шумы яго лёгкіх, а жонка пацыента, Вольга Анатольеўна, дзіву даецца: «Слухайце, дык гэта ж інавацыйная распрацоўка! А дзе нам можна купіць такое прыстасаванне?»

— З такім жа пытаннем учора звяртаўся іншы пацыент — як бачыце, людзям патрэбная такая рэч, — доктар Алена Лапцева бярэ ў рукі стэтаскоп і смартфон, а я падымаю кофту. Удыхаю, выдыхаю... Што пачулі ўрач і штучны інтэлект? Лёгкія чыстыя! 

Але ўсё ж параўноўваць праграму і ўрача нельга:

— Яна не пракансультуе і не скажа, якое лячэнне неабходна. Але з дапамогай яе можна, нават знаходзячыся за мяжой, адправіць свае шумы лёгкіх урачу па інтэрнэце, і ён аператыўна на аснове іх дасць рэкамендацыі.

Ужо ў сярэдзіне чэрвеня пачнуцца першыя дыягнастычныя тэсты, якія падкажуць, ці добра працуе нейронная сетка і сістэма па апрацоўцы сігналу.

— Папярэдні тэст паказаў, што наша праграма мае да 68 працэнтаў дакладнасці дыягностыкі, — гаворыць Алена Бінецкая. — Упэўнена, што са спецыялістамі БелМАПА мы павысім дакладнасць да 90 працэнтаў. І бацькі, якія, як і мы калісьці, вадзілі дзетак у клінікі, змогуць даведацца пра стан іх здароўя дома.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter