Ён пайшоў у цішыню…

Пісьменнік Янка Сіпакоў зрабіў для Оршы салідны падарунак: перадаў сваю бібліятэку, у якой каля 15 тысяч тамоў. На жаль, кнігі выпраўляюцца ў родны Івану Данілавічу горад ужо без іх ранейшага гаспадара…Набіраю ў інтэрнэцкім пошукавіку па-беларуску “Янка Сіпакоў” — і высвечваюцца словы-падказкі: вершы, біяграфія, балады, рэферат, фота, прытчы, “Веча славянскіх балад”, “Тыя, што ідуць”… Як бачна, плён працы таленавітага майстра слова, які летась адзначыў 75-я ўгодкі і ў хуткім часе пайшоў з жыцця, запатрабаваны карыстальнікамі ў сусветнай павуціне.
Пісьменнік Янка СіпакоўПісьменнік Янка Сіпакоў зрабіў для Оршы салідны падарунак: перадаў сваю бібліятэку, у якой каля 15 тысяч тамоў. На жаль, кнігі выпраўляюцца ў родны Івану Данілавічу горад ужо без іх ранейшага гаспадара…
Набіраю ў інтэрнэцкім пошукавіку па-беларуску “Янка Сіпакоў” — і высвечваюцца словы-падказкі: вершы, біяграфія, балады, рэферат, фота, прытчы, “Веча славянскіх балад”, “Тыя, што ідуць”… Як бачна, плён працы таленавітага майстра слова, які летась адзначыў 75-я ўгодкі і ў хуткім часе пайшоў з жыцця, запатрабаваны карыстальнікамі ў сусветнай павуціне.
А зрабіць Іван Данілавіч паспеў і сапраўды шмат. “Гэта ўнікальная асоба не толькі па колькасці напісаных кніжак, якіх выйшла ажно 55, але і па іх якасці, разнастайнасці, — лічыць Зіновій Прыгодзіч, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” і даўні сябар Янкі Сіпакова. — Іван Данілавіч асабліва ганарыўся, што кожная яго кніга прыходзіла да чытача гэткай “новай незнаёмкай” па змесце і па форме. Я добра ведаю яго творчасць і магу сцвярджаць: ён ні разу не паўтарыўся нават у вершы. І заўсёды ішоў у творчасці, як кажуць, па цаліку, непратаптанымі сцежкамі. Ён, бадай, адзіны беларускі пісьменік, які выкарыстаў усю палітру, усе жанры мастацкага слова, літаратурных сродкаў”.
Мне таксама пашанцавала не адзін год працаваць побач, у рэдакцыі часопіса “Беларусь”, з Іванам Данілавічам — мудрым, сціплым і вельмі працавітым чалавекам. Тады, у канцы тысячагоддзя старога і на пачатку новага, ён рыхтаваў у кожны нумар часопіса цыкл абразкоў пра нашу мову, ежу, песні, абрады — пра ўсё адметнае, чым могуць ганарыцца беларусы. Працуючы літкансультантам ужо ў часопісе “Гаспадыня”, паспеў сабраць тыя скарбы ў адну кнігу “Зялёны лісток на планеце Зямля”, якую Зіновій Прыгодзіч слушна называе гімнам Беларусі. Яна, а таксама раман у апавяданнях “Зубрэвіцкая сага” (прысвечаны малой радзіме, роднай вёсцы Зубрэвічы на Аршаншчыне і яе жыхарам), зборнік мужчынскіх апавяданняў (новы жанр!) “Малады вецер” і перавыданне зборніка “Веча славянскіх балад” (за яго ў свой час пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы) выйшлі незадоўга да яго сыходу ў Вечнасць.
“Хто ваш самы блізкі сябар?”, — запытаў у яго неяк журналіст пад час інтэрв’ю. І пачуў у адказ: “Цішыня. Бо шум ды гам — мае непрыяцелі. Не ўваходжу ні ў якія тусоўкі. бо яны — таксама шум”. Калі так, то можна сказаць, што Іван Данілавіч сышоў у госці да вялікага свайго сябра — Цішыні.
Незадоўга да таго, як летась 10 сакавіка закончыўся яго зямны шлях, Янка Сіпакоў прапанаваў землякам з Оршы перадаць у дар вялізную бібліятэку. У ёй амаль 15 тысяч тамоў. Першыя тысячы кніг перавезены ў Оршу, цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. Пушкіна прымае падарунак, пад яго рыхтуецца асобная чытальная зала “Бібліятэка Янкі Сіпакова”. На нядаўняй вечарыне памяці Янкі Сіпакова ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры паэт Павел Саковіч, родам таксама з Аршаншчыны, згадваў пра іх апошнюю паездку ў Оршу, Зубрэвічы, цёплую сустрэчу ў бібліятэцы з чытачамі. І Зіновій Прыгодзіч радуецца, што тая паездка ўдалася: “Мы даўно збіраліся ў родныя мясціны сябра. Летась у канцы студзеня яго запрасіла бібліятэка на сустрэчу, і мы ўтрох на маёй машыне адправіліся ў тое, як аказалася, апошняе для Івана Данілавіча падарожжа. Была цудоўная сустрэча ў Оршы, Янка вяртаўся ўсцешаны і расчулены. А потым яшчэ паказваў, усе ў снезе тады былі, родныя яму Зубрэвічы... І тую хату, у якой ён кожнае лета жыў, касіў траву на сядзібе, гутарыў з землякамі…”
Застаецца дадаць, што многія творы Янкі Сіпакова перакладзены на іншыя мовы свету. Ды і сам ён нямала папрацаваў як перакладчык.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter