Ён маляваў мадоннаў

Пэўна, на шляху кожнага чалавека сустракаюцца людзі, знаёмства з якімі ён палічыў бы для сябе за гонар. І я не з’яўляюся выключэннем.

Пэўна, на шляху кожнага чалавека сустракаюцца людзі, знаёмства з якімі ён палічыў бы для сябе за гонар. І я не з’яўляюся выключэннем. Ужо ў далёкім 1999 годзе ўпершыню прыйшла разам са сваімі дзецьмі на выставу карцін мастака-жывапісца Аляксея Кузьміча. Да гэтага шмат чула пра яго, чытала. Калі ж убачыла “тварэнні” яго рук, як кажуць, ужывую, перажыла неверагодныя ўражанні.

Майстар з яснымі вачамі

Для мяне, чалавека веруючага, многія палотны мастака выглядалі бы абразы. Я бачыла ў іх Багародзіцу з Сынам і адчувала волю Усявышняга на прадаўжэнне чалавечага роду. Памятаю, тады мяне больш за ўсё ўразіла карціна “Паміж небам і зямлёй”. На ёй мастак стварыў вобраз жанчыны, якая вось-вось народзіць дзіця, а побач з ёю — анёлаў, гатовых прыняць немаўля пад апеку. Вельмі доўга не магла адысці ад палатна, а з вачэй цяклі слёзы: вось яны, адвечныя чалавечыя каштоўнасці, вось яна вышэйшая. Боская воля, сэнс усяго зямнога жыцця.

“Вам падабаецца?” — пачула за спіной. Азірнулася і не паверыла: побач стаяў Аляксей Кузьміч. Адкрыты позірк ясных вачэй, цёплая прыветлівая ўсмешка — менавіта да мяне, адной са шматлікіх наведвальнікаў выставы, звярнуўся Майстар, аўтар палотнаў, якія даўно пакарылі тысячы людзей. Кажуць, у такія хвалюючыя хвіліны некаторыя спрабуюць сябе ўшчыкнуць, каб пераканацца, што яны не спяць. У мяне падобнага жадання зусім не ўзнікла, бо літаральна з першага імгнення я адчула, што такія добразычлівыя адносіны да любога чалавека, хто б перад ім ні знаходзіўся, унутраная сутнасць мастака.

Ён ніколі не дзяліў людзей “па рангах”, у кожным бачыў не толькі асобу, але яшчэ і сябра. Ужо пазней, наведваючы майстэрню Аляксея Васільевіча, штораз пераконвалася ў тым, што першае ўражанне мяне не падманула. Вельмі адкрыты, надзвычай шчыры і ахвярны, не інфіцыраваны “вірусам” зоркавай хваробы, гатовы ўкленчыць перад кожнай жанчынай-маці, і ў той самы час дужа імпульсіўны, эмацыянальны і энергічны, ён абсалютна не ўмеў крывадушнічаць і заўсёды “рэзаў праўду-матку”. Кузьміч не мог і не ўмеў думаць адно, гаварыць другое, а рабіць трэцяе. Яго думкі, словы і справы заўсёды вызначаліся абсалютным адзінствам.

Успамінаю, як балюча рэагаваў Аляксей Васільевіч на несправядлівасць, хлусню, здраду з боку іншых. Да апошніх дзён жыцця ён не мог змірыцца з прысутнасцю паміж людзьмі гэтых негатыўных праяў чалавечай сутнасці, не мог маўчаць, сустракаючыся з імі.

Таленавіты партрэтыст

Будучы дарослым чалавекам, Кузьміч заставаўся дзіцем з надзвычай ранімым сэрцам, светлымі думкамі і ўчынкамі і адкрытай наросхрыст душой. Ён быў абсалютна не прыстасаваны да нашага сённяшняга жыцця — імклівага і няпростага, а часам і жорсткага. Жыцця, у якім, здаецца, нават праяўляюцца законы драпежнай зграі: выжывае мацнейшы. Уся сутнасць Аляксея Васільевіча нібы струменіць у яго палотнах — светлых, жыццесцвярджальных.

Я зусім не згодна з крытыкай у яго адрас: маўляў, на ўсіх палотнах маляваў выключна сваю жонку.

Па-першае, мастак праславіўся і як таленавіты партрэтыст. Яму пазіравалі такія вядомыя людзі, як Барыс Луцэнка, Стэфанія Станюта, Уладзімір Гасцюхін, Галіна Макарава, Міхаіл Пташук, Марыя Захарэвіч, Уладзімір Ліпскі, Ларыса Лужына, Мікалай Яроменка. Больш за 50 партрэтаў. Па-другое, хоць і былі мадонны Кузьміча знешне падобнымі да Інэсы, праз іх мастак праслаўляў усіх жанчын, а ў сваёй “палавінцы” ён проста бачыў ідэал каханай, жонкі, маці. Калі я бліжэй пазнаёмілася з Інэсай Іосіфаўнай, то зразумела, што Аляксей Васільевіч не памыліўся з выбарам спадарожніцы жыцця. Такіх ахвярных жанчын я сапраўды не сустракала. Менавіта Інэса на працягу амаль трыццаці гадоў сямейнага жыцця заставалася для мужа яго тылам, падтрымкай і апорай, зямным анёлам-ахоўнікам. У радасці і ў горы спяшаўся ён да сваёй каханай і, бы дзіця маці, туліў ёй на калені сваю галаву. І да Вечнасці адышоў мастак менавіта на руках жонкі, усяго за нейкіх 15 хвілін. Тыя хвіліны, пакуль ехала “хуткая дапамога”, падаліся Інэсе бясконцымі і нібы перарэзалі яе жыццё на дзве часткі: з Аляксеем і без яго.

Галерэя Мадонны

Пасля смерці роднага чалавека ўжо Аляксей-малодшы, сын мастака, прыкладае ўсе намаганні дзеля здзяйснення мары свайго бацькі. І, дзякуй богу, ужо ёсць станоўчыя вынікі.

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей і ў дзень нараджэння Аляксея Васільевіча, у вёсцы Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай галерэі знакамітага беларускага жывапісца. Галерэя плошчай 120 квадратных метраў размесціцца на базе мясцовага Дома культуры і будзе ўключана ў афіцыйныя турыстычныя маршруты. Ад імя сям’і, а таксама ад імя тысяч паклоннікаў творчасці Аляксея Кузьміча хочацца выказаць самыя цёплыя і шчырыя словы падзякі Брэсцкаму аблвыканкаму, Іванаўскаму райвыканкаму, Міністэрству культуры, Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею і ўсім тым чулым, спагадлівым і добразычлівым людзям, якія пасадзейнічалі рэалізацыі такой знакавай падзеі, аказаўшы фінансавую і маральную падтрымку.

Хочацца спадзявацца, што праз нейкі час і ў Мінску з’явіцца падобны ачаг культуры. Найвялікшай марай Аляксея Кузьміча было стваранне ў сталіцы галерэі Мадонны. Ён сам, а таксама шматлікія паклоннікі неаднойчы звярталіся ў розныя інстанцыі з такой прапановай. Але безвынікова. Калі цвяроза падумаць і паразважаць, то нават у матэрыяльным плане галерэя Мадонны ў Мінску прыносіла б нашай краіне немалы прыбытак. Штогод сталіцу Беларусі наведваюць тысячы замежных грамадзян і турыстаў, якія цікавяцца нашай гісторыяй і культурай, дык хіба не маглі б мы ім паказаць сапраўды каштоўны перл — мадоннаў свайго геніяльнага суайчынніка?.. Такой вялікай калекцыі палотнаў з выявамі жанчыны, маці, мадонны няма ані ў якога мастака, і пакуль што нідзе ў свеце няма такой галерэі. Дык можа нам, беларусам, варта пераадолець усе перашкоды і стаць у гэтай пачэснай справе першапраходцамі? Ну а калі на вагі гісторыі пакласці тое духоўнае і вечнае, што заклаў мастак у кожную са сваіх работ, то зразумеем відавочнае: Аляксея Кузьміча, бадай, смела можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі жывапісцамі мінулых стагоддзяў, многія з якіх, дарэчы, атрымалі прызнанне толькі пасля смерці.

Цяпер вядомы мастак знаходзіцца ў асяроддзі тых, хто ўжо раздзяліў з ім дарогу да Вечнасці: Ізмаіла Капланава, Ігара Дабралюбава, Уладзіміра Жбанава, Гаўрылы Вашчанкі, Віктара Турава, Міхаіла Пташука, старэйшага і малодшага Мікалаяў Яроменкаў... На сустрэчы са сваім любым Аляксеем Інэса ездзіць на Усходнія могілкі. Тут яна, бы з жывым, размаўляе з мужам, толькі не чуе ў адказ ні слоўца... Амаль 30 год Інэса была жонкай і мадоннай, і вось ужо больш за паўгода яна трывае ў цяжкім, неспадзяваным і страшным статусе — удава. Яе сэрца разрываецца ад пякучага болю, а ясны позірк затуманьваюць горкія слёзы. Штодня яна перабірае ў памяці пражытыя дні і гады, спрабуючы хоць праз успаміны вярнуць на нейкі час мінулае. І ўсё ж, сабраўшы ўсю волю ў кулак, паважаючы памяць аб адышоўшым да вечнага жыцця мужу і бацьку, Інэса Іосіфаўна і Аляксей-малодшы імкнуцца да рэалізацыі светлай мары роднага чалавека — стварэння Дзяржаўнай галерэі Мадонны Аляксея Кузьміча.

 В тему

Музей на малой родине

В воскресенье в Доме культуры деревни Мохро Ивановского района, в которой родился Алексей Кузьмич, откроется посвященная ему художественная галерея.

Здесь на площади 120 квадратных метров можно будет увидеть не только около ста пятидесяти полотен живописца, но и его личные вещи. В отдельном зале посетители смогут оценить работы художников Ивановского района. На создание галереи из областного бюджета было выделено 250 миллионов рублей, еще 20 миллионов поступило из средств, заработанных местными жителями на субботнике. Открытие галереи приурочено ко дню рождения Алексея Кузьмича — 1 июня ему исполнилось бы 69 лет.

Людмила МИНКЕВИЧ

mila_BLR@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter