Ён быў шчырым чалавекам

Гэтыя жалобныя радкі я пішу не адразу пасля атрымання першых вестак аб смерці Сакрата Яновіча, бо былі яны няпэўныя: сканаў у ноч з 16 на 17 лютага. Чакаў больш акрэсленай і поўнай інфармацыі. І яна прыйшла: напярэдадні саракавінаў адыходу ў іншы свет выдатнага пісьменніка Беласточчыны і беларускага грамадскага дзеяча Польшчы. Пошта прынесла трэці нумар выдання, якое называецца “Czasopis” (“Часопіс”). Гэта адзінае перыядычнае выданне Польшчы, якое выходзіць на беларускай і польскай мовах, да таго ж гэта адзіны перыёдык у Польшчы, які ў кожным нумары змяшчае паміж рубрыкамі “У краіне” і “У свеце” падборку ”У Рэспубліцы Беларусь”.
Гэтыя жалобныя радкі я пішу не адразу пасля атрымання першых вестак аб смерці Сакрата Яновіча, бо былі яны няпэўныя: сканаў у ноч з 16 на 17 лютага. Чакаў больш акрэсленай і поўнай інфармацыі. І яна прыйшла: напярэдадні саракавінаў адыходу ў іншы свет выдатнага пісьменніка Беласточчыны і беларускага грамадскага дзеяча Польшчы. Пошта прынесла трэці нумар выдання, якое называецца “Czasopis” (“Часопіс”). Гэта адзінае перыядычнае выданне Польшчы, якое выходзіць на беларускай і польскай мовах, да таго ж гэта адзіны перыёдык у Польшчы, які ў кожным нумары змяшчае паміж рубрыкамі “У краіне” і “У свеце” падборку ”У Рэспубліцы Беларусь”.

Добрая палавіна трэцяга нумару прысвечана Нябожчыку. На вокладцы, пад яго задумёным здымкам напісана: “17 лютага памёр Сакрат Яновіч. Пражыў 76 гадоў. Адышоў ад нас чалавек вялікага маштабу — Выдатны Беларус, прызнаны літаратар, інтэлектуал, філосаф”.
Сакрату Яновічу прысвечаны ўсе пяць прадмоваў сталых аглядальнікаў часопіса — рэдактара Юркі Хмялеўскага, беларускіх пісьменнікаў Яна Максімюка і Кастуся Бандарука, польскіх Януша Корбеля і Тамары Болдак-Яноўскай. Першы з іх называе Сакрата Яновіча “чалавекам абсалютна вялікага фармату”, “феноменам нашай эпохі” і “апошнім грамадзянінам той старабеларускай дзяржавы”, якая называлася Вялікім Княствам Літоўскім. Ян Максімюк лічыць смерць пісьменніка “канцом клясычнай эпохі”, нагадвае, што ён быў вучнем Хемінгуэя, Чэхава і Бабеля. І далей, пра ролю Сакрата Яновіча ў стварэнні беларускага тыднёвіка ў Беластоку “Ніва” (1956) і заснаванні беларускага літаб’яднання “Белавежа” (1958): ён быў “адным з тых, хто найхутчэй навучыўся граматна і культурна пісаць на беларускай мове”. Сярод кніжак Сакрата Яновіча аглядальнік найвышэй цэніць яго першы зборнік “Загоны” (1969) і польскі гістарычны нарыс “Беларусь, Беларусь” (1987), які стаў “адным з найцікавейшых тагачасных выданняў у Польшчы”.
“Эпітафія” Кастуся Бандарука пачынаецца словамі Яцка Куроня пра тое, што Сакрат Яновіч быў чалавекам, які “паказваў беларусам шлях да захавання ўласнай тоеснасці і да блізкасці з палякамі”. Яго апантанасць беларускасцю была “бязмежная, шчырая і глыбокая”. Паводле Яцка Корбеля, “Сакрат Анёлак” — “гэта чалавек, які імпануе не грашыма, але сабой”. У вялікім артыкуле Тамары Болдак-Яноўскай “Чалавек” Сакрат Яновіч параўноўваецца з Гандзі. Гэта ён першым адчыніў дзверы беларусам Беласточчыны і зрабіў гэта адзін, “у самотнасці”. Калі б гэтага ён не зрабіў, “не было б нас увогуле”.
Хочацца працытаваць сказ з ліста ўдаве Сакрата Таццяне Яновіч праваслаўнага мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы: “Ён сваім прыкладам паказваў, кім з’яўляецца “польскі Беларус” і якой беднай была б без яго культура і гісторыя Польшчы”.
Можна было б яшчэ цытаваць, і шырока, жалобныя артыкулы іншых выбітных асоб Польшчы і Беларусі, але я не забываю, што пішу артыкул не ў часопіс, а ў чатырохстаронкавую газету. Дадам ад сябе толькі адзін падкарочаны сабой абзац.
З Сакратам Яновічам мы амаль аднагодкі. Нарадзіўся ён 4 верасня 1936 года ў мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства, дзе і пахаваны на праваслаўных могілках. Знаёмы мы з ім былі з 1950-х гадоў: сустракаліся на розных канферэнцыях і кангрэсах, у Караткевіча і ў мяне дома. Здаецца, зусім нядаўна, 6 кастрычніка 2011 года, у “Голасе Радзімы” я надрукаваў юбілейны артыкул “Шлях з Крынак — у вялікі свет: Неўтаймаваны “польскі беларус” Сакрат Яновіч правёў свой ХІІ трыялог” (тады ж выйшлі яго “Выбраныя творы” на польскай мове), а яго ўжо няма. Але няма фізічна. Бо духоўна ён застаўся з намі. Застаўся найперш у сваіх кнігах — у “Загонах”, “Сярэбраным ездаку”, “Самасеі”, якога мы разам рэдагавалі на маёй Астравеччыне, “Доўгай смерці Крынак”, “Лістоўі”. Ён і застаецца з намі ў сваіх закліках захоўваць беларускую годнасць і памнажаць славу беларусаў.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter