Павел Кормунин, даже потеряв зрение, продолжал выходить на сцену

Ён бачыў сэрцам

Маючы цікавую біяграфію, якая заслугоўвае павагі, сыграўшы каля двухсот роляў на сцэне і ў кіно, народны артыст Беларусі Павел Кармунін не быў навідавоку. Акцёр, якому часта апладзіравалі стоячы, быў чалавекам сціплым. Ніколі не скардзіўся на лёс, не выбіваў сабе роляў. Але ўсяго сябе аддаваў мастацтву. Нават страціўшы зрок, працягваў ездзіць у родны Купалаўскі. Адзін, без суправаджэння. Ад яго дома да тэатра было чатырнаццаць прыпынкаў. Потым падземны пераход і яшчэ сто метраў да ўвахода… Напярэдадні стагоддзя Кармуніна мы ўзгадваем пра вялікага акцёра разам з тымі, хто яго добра ведаў.


Павел КАРМУНІН сыграў каля 200 роляў у кіно і тэатры.

Светлыя вочы

— «Страсці па Аўдзею» бацька рэпеціраваў, калі яшчэ нядрэнна бачыў. Зрок страціў дастаткова імкліва. Але ніяк не хацеў развітвацца з тэатрам, — узгадвала Людміла Кармуніна. – У восемдзесят ён яшчэ іграў у гэтым спектаклі. Да тэатра дабіраўся сам. Нам з мамай не дазваляў яго суправаджаць. Садзіўся ў тралейбус, лічыў прыпынкі і на чатырнаццатым выходзіў. Прычым ніколі не браў ніякіх кійкоў. Яму сэрца падказвала дарогу, ногі самі вялі ў патрэбным напрамку. Дзіўна, але часам гледачы ў зале, як і людзі на вуліцы, нават не здагадваліся, што ён сляпы. Бо іграў ён, як і ў свае лепшыя гады.

«Фронт без флангаў»

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова ў тым самым спектаклі «Страсці па Аўдзею» выконвала ролю маці галоўнага героя, Кармунін – бацькі. Менавіта яна, можна сказаць, тады была вачыма Паўла Васільевіча. Літаральна за рукі вадзіла акцёра па сцэне, падказвала. Захаплялася яго мужнасцю і апантанасцю тэатрам:

— А галоўнае – ён быў выдатным акцёрам і вельмі тонкім чалавекам. Як сёння памятаю: ён заўсёды вітаўся з усмешай. У яго былі светлыя вочы і лёгкі характар. Яго паважалі калегі і любілі гледачы.

«Рудабельская рэспублiка»

Герой Макаёнка

Але так было не заўсёды. Першы час у Купалаўскім глядзелі на яго коса, смяяліся з яго беларускай мовы. Справа ў тым, што акцёр нарадзіўся ў Татарстане. Некаторы час працаваў электразваршчыкам. У час вайны служыў у складзе 1-га Украінскага фронту, дайшоў да Берліна. Менавіта ў Германіі стаў акцёрам тэатра Групы савецкіх войскаў. Пасля скончыў студыю пры Казанскім Вялікім драматычным тэатры і застаўся там на службе. Жонка, сын, добры рэпертуар… Нішто не прадказвала, што ў адзін момант яго жыццё можа цалкам змяніцца. Кармунін нікога не ўпускаў глыбока сабе ў душу, але і сёння многія ўзгадваюць яго фразу: «Маё сапраўднае жыццё пачалося ў сорак пяць».

«Дарога на Рубенцаль» «Паўлiнка»
Вялікую ролю ў гэтым сыграла знаёмства акцёра з беларусам Львом Літвінавым, які ў 1940-х гадах быў галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра, а ў пачатку 1950-х з’ехаў у Казань. Адной з самых яркіх яго работ была «Лявоніха на арбіце». З Кармуніным у галоўнай ролі. І калі ў Мінску задумалі экранізаваць «Рагаты быстыён» Андрэя Макаёнка, вядома ж, узгадалі пра гэтага расійскага акцёра. Да той пары на ролю Лявона Чмыха спрабавалася шмат беларусаў, але ніхто не падыходзіў. Тады і вырашылі паклікаць ужо немаладога казанскага акцёра. І калі яго загрыміравалі пад беларускага мужыка, уся здымачная група заапладзіравала. Менавіта такім бачыў свайго героя Макаёнак. 

Не выключана, што пасля здымак акцёр зноў бы вярнуўся у Казань. Але ў Мінску яго напаткала сапраўднае каханне. Пазней яго клікалі ў тэатры Масквы і Ленінграда. Але ён выбраў Мінск. Тут жыла яго Раіса. Пазнаёміліся яны на «Беларусьфільме», дзе яна працавала закройшчыцай, а пасля мастаком-мадэльерам. Калегі па партыі асудзілі сыход Кармуніна з сям’і (хаця на самай справе ніхто дакладна не ведаў, як ён жыў са сваёй жонкай), і акцёру нават прыйшлося «пакласці білет на стол». Але развітвацца з новай каханай ён і не збіраўся. Да таго ж знайшлося месца ў Купалаўскім. Але там яго сустрэлі з насцярожанасцю.

«Спяшайся будаваць дом»

За мовай – у вёску

Вядомы ў тыя часы тэатральны крытык Барыс Бур’ян апісаў сітуацыю, выдавочцам якой ён стаў. Першай самастойнай роляй на беларускай сцэне будучага народнага артыста Беларусі быў грузінскі селянін Іліко ў камедыі Надара Думбадзэ «Я, бабуля, Іліко і Іларыён»: «Іграць грузіна па-беларуску — задача няпростая нават для карэннага купалаўца. І вось на першай рэпетыцыі Кармунін пачынае «за сталом» чытаць тэкст. Як не засмяяліся акцёры, цяжка сказаць, але партнёры амаль у адкрытую паціскалі плячыма, насмешліва пераглядваліся, адводзілі вочы ад «артыста з Казані», якому такую высокую рэкамендацыю даваў Літвінаў. Чытаў, як вучань першага класа… Наступная рэпетыцыя адбылася праз пяць дзён. І купалаўцы былі па-добраму здзіўлены. Кармунін загаварыў — ды як! І грузінскі акцэнт гучаў з такой далікатнасцю, быццам артыст стараўся не парушыць першароднае хараство беларускага слова. Калі вы сёння слухаеце гэтага артыста... наўрад ці ў вас не з’явіцца добрае пачуццё павагі да таго, як шчодра і арганічна ўмее «маляваць» беларускім словам П. Кармунін!»



— Калі бацька за нешта браўся, заўсёды рабіў гэта грунтоўна. Так было і з беларускай мовай. Спачатку проста зазубрываў. Потым вывучыў яе на пяцёрку. У гэтым, канешне, заслуга мамы. Нягледзячы на бясконцыя здымкі, яны заўсёды знаходзілі тыдзень, нават зімой, каб паехаць у вёску. Там ён убіраў кожнае слова, кожны гук. У каго, як не ў носьбіта, гэтаму вучыцца?

Дапамагалі стаць «сапраўдным беларусам» і Макаёнак з Караткевічам. Яны не былі блізкімі сябрамі, але заўсёды знаходзілі агульныя творчыя тэмы. Разам ездзілі на рыбалку. Але не дзеля ўлову. У нефармальнай абстаноўцы яны знаходзілі цікавыя ідэі, там нараджаліся новыя героі.

«Дарога на Рубенцаль»

Колькі гэтых герояў было ў жыцці Кармуніна – не злічыць. Па-першае, ён вельмі шмат агучваў. Па-другое, у яго было нямала яркіх эпізодаў у кіно. Галоўнае ж – ён быў сапраўдным майстрам сцэны. Многія сталыя акцёры і сёння гавораць, што шмат чаму навучыліся ў Паўла Васільевіча. Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік узгадвае яшчэ і далікатнасць мэт­ра. Калі ён хацеў нешта выправіць у тады яшчэ маладой актрысы, не крычаў на ўсю сцэну, а падыходзіў да яе і ціхенька казаў на вушка літаральна некалькі слоў. Такія кароткія заўвагі прызнаная актрыса зараз называе своеасаблівым падручнікам па акцёрскаму майстэрству. 

Яму б лячыцца…

Кармунін ніколі не сумаваў, што яго няшмат здымаюць. Яго сэрца заўсёды ляжала да тэатра. На ролі ў кіно ён згаджаўся хутчэй, каб зарабіць лішнюю капейку. Адна з такіх паездак у Маскву, як выявіцца пазней, стала для яго фатальнай.

«Красная плошча»

— Многія лічылі бацьку замкнёным чалавекам. Гэта не зусім так. Проста ў яго быў адзін значны недахоп: ён ніколі не скардзіўся. Усё трымаў у сабе, ні з кім не дзяліўся. Не прызнаваўся і ў фізічным болі. Нават у апошнія дні свайго жыцця хаваў, як яму цяжка. Толькі перад смерцю прызнаўся, што баліць ніз жывата. Хаця лячылі яго ад грыпу. Мы тэрмінова выклікалі ўролага, але ўжо было позна. Ён заўсёды гаварыў: «У мяне ўсё ў парадку». Гэта яго і згубіла. Ён жа і пра прычыны слепаты маўчаў. Хацеў сцерці гэта з памяці. Літаральна па слову з яго выцягвала. А справа была так. Ён паехаў у Маскву на здымкі. Адпрацаваў, атрымаў ганарар і вярнуўся дадому. З чырвонымі падцёкамі пад вачыма. Спачатку мы падумалі, што, магчыма, ён не выспаўся, але потым з’явіліся сінякі. Ужо пазней мы даведаліся, што на Беларускім вакзале яго ўдарылі па галаве і абрабавалі. Мама пасварылася на яго крышку, і гэтая гісторыя забылася. А праз некалькі гадоў ён пачаў страчваць зрок. Доктар адразу спытаў: «Ці быў у вас калі-небудзь моцны ўдар па галаве?» Мы і ўзгадалі той выпадак. Аказалася, што тады ў яго было страсенне мазгоў. Яму б месяц у ложку ляжаць, а ён працаваў і працаваў. Лічыў, што павінен вярнуць сям’і грошы, якія тады страціў. Калі б адразу прызнаўся, жыццё б склалася інакш…

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter