Творчая спадчына Песняра каштоўная тым, што і сёння натхняе навукоўцаў — на пошукі ісціны, а сотні юных чытачоў — на літаратурныя эксперыменты

Ява і казкі з Якубам Коласам

Цікавыя культурна-асветніцкія, адукацыйныя праекты, якія рэалізуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, выходзяць далёка за межы ўтульнага Коласаўскага дома, што месціцца ў Мінску, непадалёк ад велічнага будынку Нацыянальнай акадэміі навук. Летась, напрыклад, сусветны розгалас мела ўжо традыцыйнае, ХХХІ літаратурна-музычнае свята “Каласавіны”. Яно пачыналася 27 кастрычніка з “Казак жыцця”, дзіцячага ранішніка. У дзяцей была магчымасць апынуцца сярод герояў сусветнавядомых казак, прыдумаць свайго казачнага персанажа і стаць героем казкі. Вось такі цікавы інтэрактыў.

А 3 лістапада прайшла ХХХ міжнародная навуковая канферэнцыя “Каласавіны”: да110-х угодкаў творчай дзейнасці Якуба Коласа. Нагадаем: з 1985-га штогод у дзень нараджэння Песняра Коласаўскі дом збірае навукоўцаў-коласазнаўцаў з Беларусі ды іншых краін. На гэты раз у Мінск прыязджалі госці з Польшчы, Літвы, Расіі ды Украіны. Дарэчы, да юбілейнай канферэнцыі ладзілася выстава з музейных фондаў. У той жа дзень ускладаліся кветкі да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя. А пасля канферэнцыі была канцэртная праграма з удзелам салістаў Вялікага тэатра ды акцёра і рэжысёра Алега Вінярскага: гучалі знакамітыя творы Якуба Коласа.

Як заўсёды, незабыўным быў выезд 4 лістапада на радзіму Песняра. Да 110-годдзя пачатку яго творчай дзейнасці зроблена выстава ў Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Дарэчы, новы статус ды імя знакамітага земляка бібліятэка атрымала летась: да 65-годдзя з дня заснавання. А на мемарыяльнай сядзібе “Альбуць” адкрыта новая экспазіцыя “Прырода ў творчасці Якуба Коласа”. Госці ў мясцінах Песняра наведалі й іншыя мемарыяльныя сядзібы, прайшоў канцэрт з удзелам творчых калектываў Стаўпеччыны, былі ўскладзены кветкі да помніка Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына, а таксама высаджаны дрэвы ў гонар славутых дзеячоў Бацькаўшчыны ў скверы “Дрэва жыцця” на сядзібе “Смольня”.

Яшчэ навіна з Коласаўскага дома: там 24 студзеня ўрачыста падводзілі вынікі конкурсу творчых работ “І складаюцца самыя дзівосныя казкі…”. Конкурс праходзіў летась, на адрас музея паступілі каля 400 работ з розных рэгіёнаў Беларусі, якія ў мастацкай форме адлюстоўваюць уяўленні сучасных дзяцей, моладзі пра герояў твораў Якуба Коласа. Гэта былі малюнкі, паштоўкі, пано, вышыванкі, вырабы з керамікі, салёнага цеста, лялькі, выцінанкі. Дасланы і казкі, эсэ, замалёўкі, літаратурная крытыка, сачыненні. У журы былі запрошаны вядомыя пісьменнікі, мастакі, дзеячы культуры. На ўрачыстасці хораша ўшанавалі пераможцаў, уручалі тым, хто ўслед за Якубам Коласам імкнецца раскрыць свае таленты, дыпломы і памятныя падарункі.

Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter