Яскравыя рысы сяброўства

На ІХ Фестываль нацыянальных культур у Гродне сабраліся шматлікія прадстаўнікі этнічных суполакНа тры дні старажытны Гродна апынуўся ў чароўнай атмасферы свята. Цэнтральныя вуліцы горада напоўніліся гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю, музеі падрыхтавалі новыя тэматычныя экспазіцыі, у тэатрах праходзілі прэм’ерныя паказы спектакляў… А ўвесь гэты час амаль без перапынкаў здзіўлялі наведвальнікаў на падворку сучаснай міжнацыянальнай маладзёжнай творчасці мастакі, фатографы, танцоры, спевакі…Уласна кажучы, не пералічыць усіх тых яскравых дзей, што адбываліся пад час фестывалю нацыянальных культур. І кожная знаходзіла свайго гледача, усюды было шумна, весела, цікава.
Фестываль у Гродне сёлета атрымаўся надзвычай яркім і наcычаным на падзеіНа ІХ Фестываль нацыянальных культур у Гродне сабраліся шматлікія прадстаўнікі этнічных суполак
На тры дні старажытны Гродна апынуўся ў чароўнай атмасферы свята. Цэнтральныя вуліцы горада напоўніліся гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю, музеі падрыхтавалі новыя тэматычныя экспазіцыі, у тэатрах праходзілі прэм’ерныя паказы спектакляў… А ўвесь гэты час амаль без перапынкаў здзіўлялі наведвальнікаў на падворку сучаснай міжнацыянальнай маладзёжнай творчасці мастакі, фатографы, танцоры, спевакі…
Уласна кажучы, не пералічыць усіх тых яскравых дзей, што адбываліся пад час фестывалю нацыянальных культур. І кожная знаходзіла свайго гледача, усюды было шумна, весела, цікава. Людзей не пужала нават надвор’е: ні сцюдзёнае паветра, ні працяглы дождж не перашкодзілі жыхарам Гродна атрымаць асалоду ад тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў фестывалю. А парасоны надавалі святочнаму параду своеасаблівыя шарм і элегантнасць.
Ды і немагчыма прапусціць такое відовішча, якое раз у два гады праходзіць у горадзе над Нёманам. Дзе ж яшчэ давя-дзецца пабачыць у адным месцы столькі прадстаўнікоў самых розных народаў? Армяне, азербайджанцы, карэйцы, грузіны, рускія, немцы, украінцы… Усе — у нацыянальных строях, за лічаныя імгненні імкнуліся крануць сэрцы гледачоў чароўнымі мелодыямі роднай музыкі. Прадстаўнікі трыццаці трох нацыянальнасцяў прадсталі сёлета перад гродзенцамі. Упершыню сярод іх былі венесуэльцы, іспанцы, нават адзін нігерыец ганарліва нёс сцяг сваёй краіны.
Кветка з рознакаляровымі пялёсткамі — эмблема святаКалі я назірала за шэсцем, у мяне стваралася ўражанне, быццам перад вачыма ўтвараецца шыкоўны букет з рознакаляровых кветак. Не выпадкова Фестываль нацыянальных культур у Гродне лічыцца ўнікальным, аналагаў яму сапраўды няма ў свеце.
Безумоўна, галоўным на свяце быў той дзень, калі ў горадзе разгарнуліся нацыянальныя падворкі. І чаго толькі на іх не было?! На дваццаці пяці этнічных пляцоўках дэманстравалі побыт, традыцыі, кухню, творчыя здабыткі прадстаўнікі розных этнасуполак. І вандроўкі па гэтых пляцоўках былі падобныя да падарожжаў па цэлых краінах.
…Зазірнуўшы ў дворык Старога палаца, можна было трапіць у госці да літоўцаў. Там сустракалі нацыянальнымі песнямі і танцамі, частавалі літоўскім хлебам і сырам з кменам. Насупраць, на падворку ля Новага палаца, уладкаваліся палякі. Менавіта адтуль даносіліся гукі кракавяка і мазуркі, а наведвальнікам прапаноўвалі пазнаёміцца з вырабамі народных майстроў і навінкамі польскай літаратуры. А вось азербайджанскі падворак пераўтварыўся ў стары Баку. На падворку развешана мноства карцін з пейзажамі горада, на адной была і выява самага велічнага помніка — Дзявочай Вежы. Там жа месціўся і імправізаваны музей. А вось гасцей індзійскага падворку на мове танцаў знаёмілі з нацыянальнымі традыцыямі трох штатаў — Пенджаб, Раджастхан і Гуджарат. Грузіны праводзілі чэмпіянат па нардах і частавалі знакамітай чурчхелай…
Упершыню ў Гродне быў створаны і інтэрнацыянальны падворак, на якім у атмасферы паразумення і сяброўства працавалі разам барысаўскі фальклорны калектыў “Шматгалоссе” і зусім юны Ансамбль інтэрнацыянальнай дружбы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Адметнасць гэтых калектываў у тым, што ўсе артысты ў іх — прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія аднолькава кранаюча і прыгожа выконваюць песні па-польску і па-ўкраінску, па-беларуску і па-армянску. Кіраўнік ансамбля інтэрнацыянальнай дружбы Аляксандр Свірскі прызнаўся, што для яго калектыва выступленне на Фестывалі нацыянальных культур — першае, таму, бадай, і вельмі адказнае. Падрыхтавалі яны нумары, у якіх спалучаліся народныя песні і танцы. А завяршалі выступленне вядомай ўсім беларускай песняй “Бывайце здаровы, жывіце багата”.
Удзельнікі фестывалю прадстаўлялі на падворках нацыянальныя вясеннія святы і абрады. Так, татара-башкіры запрашалі ўсіх на Сабантуй, свята плуга, беларусы — на “Гуканне вясны”. А вось паглядзець, як адзначаецца Вялікдзень, можна было ў немцаў, рускіх, галандцаў.
Асабліва цікавым падалося сёлета свята гродзенскім дзяўчатам і юнакам. Яшчэ ніколі за ўсю гісторыю фестывалю не праходзіла столькі маладзёжных мерапрыемтсваў. Гродзенскія студэнты, сярод якіх шмат замежнікаў, наладзілі да фестывалю асабістую інтэрнацыянальную праграму. Яна праходзіла ў гарадскім парку імя Жылібера. Там выступалі самадзейныя і прафесійныя артысты розных нацыянальнасцяў, праходзіла свята дзіцячай творчасці, парад-конкурс мадэльераў і візажыстаў. А яшчэ — святы нацыянальных відаў адзінаборстваў, гульні, дыскатэкі.
Між тым, у Гродзенскім драмтэатры наладзілі канцэрт нацыянальных інструментальных ансамбляў. Усяго ж пад час фестывалю гледачы прагледзелі 44 маляўнічыя міні-пастаноўкі з удзелам прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Прэзентаваліся і фільмы пра дзейнасць этнічных суполак у краіне.
Фестываль у Гродне, пэўна, нікога не пакінуў раўнадушным. Гэты форум сапраўды заварожвае, закручвае ў віхуры падзей. Так радасна становіцца, калі апынаешся ў атмасферы творчасці, згоды і паразумення. І калі ў неба ўзняўся фейерверк з паветраных шароў як развітальны “дзякуй” усім выступоўцам, падумалася: у фестываля — вялікая будучыня. Пра гэта ж казалі і гродзенцы. А значыць, горад будзе чакаць і праз два гады зноў прыме ў сябе непаўторнае свята дружбы народаў.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter